Гнезна
Гнезна лац. Hniezna | |
Касьцёл Сьвятога Міхала | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Ваўкавыскі |
Сельсавет: | Гнезнаўскі |
Вышыня: | 144 м н. у. м. |
Аглямэрацыя: | 523 чал. (2007) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1512 |
Паштовы індэкс: | 231901 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°7′28.4″ пн. ш. 24°20′38.2″ у. д. / 53.124556° пн. ш. 24.343944° у. д.Каардынаты: 53°7′28.4″ пн. ш. 24°20′38.2″ у. д. / 53.124556° пн. ш. 24.343944° у. д. |
± Гнезна | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гне́зна[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Нятупе. Цэнтар сельсавету Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2007 год — 523 чалавекі. Знаходзіцца за 9 км на паўднёвы захад ад места і чыгуначнай станцыі Ваўкавыску.
Гнезна — даўняе мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваўся гатычны касьцёл Сьвятога Міхала, помнік архітэктуры XVI ст. Сярод мясцовых славутасьцяў таксама вылучаецца палацава-паркавы комплекс Тарасовічаў у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Гнезна (пад назвай Гняздо) упамінаецца ў XV ст. як дзяржаўны маёнтак, які перайшоў у карыстаньне Манівідаў. У 1449 годзе вялікі князь Казімер перадаў «дворац Гняздо» Мікалаю Вашчылавічу. Пазьней маёнтак стаў прыватнай уласнасьцю Шэмятовічаў (Шэметаў). У 1524 годзе яны пачалі тут будаваньне мураванага касьцёла Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі позьняй готыкі.
У 1555 годзе Гнезна набыў Геранім Хадкевіч, які ажаніўся з Ганнай Шамятовіч. Па сьмерці Г. Хадкевіча, у 1561 годзе ягоная дачка Альжбета і яе муж Шчасны Галаўчынскі ў 1574 годзе перадалі частку маёнтку — фальварак Гнезна — Я. Алендзкаму. Астатнюю частку ў 1597 годзе атрымаў Марцін Акунь, у нашчадкаў якога ў 1629 годзе маётак набыў гарадзенскі падсудак Яўстах Кердэй і валодаў ім да 1712 году. Па сьмерці М. Кердэя (відаць, бязьдзетнага) маёнтак адышоў да ягоных пляменьнікаў Ромераў, якія ў 1730 годзе выкупілі ў Алендзкіх фальварак і такім чынам зьядналі гнезнаўскія ўладаньні.
У XVII—XVIII стагодзьдзях Гнезна мела статус мястэчка, ядром якога стала тэрыторыя вакол касьцёла. У 1787 годзе да бакавага ўваходу касьцёла прыбудавалі рызьніцу.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Гнезна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ваўкавыскім павеце Гарадзенскай губэрні[2]. У 1-й палове XIX ст. мястэчка перайшло ў валоданьне Тарасовічаў. У 1866—1867 гадох тут працавала суконная мануфактура.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Гнезна занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гнезна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Гнезна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводзтва.
У 1939 годзе Гнезна ўвайшло ў БССР, дзе яе статус панізілі да вёскі. 12 кастрычніка 1940 году Гнезна ўвайшла ў склад Янышоўскага сельсавету, з 16 ліпеня 1954 году — цэнтар Гняздоўскага сельсавету, з 20 кастрычніка 1959 году — у Субацкім сельсавеце. 28 ліпеня 1967 году вёска стала цэнтрам Мсьцібаўскага сельсавету, назву якога зьмянілі на Гнезнаўскі. На 1996 год у Гнезьне было 183 двары. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Карчма, 1900 г.
-
Карчма, 1916 г.
-
Касьцёл, 1930-я гг.
-
Касьцёл з боку апсыды, 1925 г.
-
Бакавы фасад касьцёла, 1925 г.
-
Інтэр’ер касьцёла, да 1939 г.
-
Сядзіба, да 1939 г.
-
Школа, 1935 г.
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XX стагодзьдзе: 1996 год — 509 чал.[4]
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2007 году — 523 чал.
Інфрактруктура
У Гнезьне працуюць сярэдняя школа, амбуляторыя, клюб, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
Славутасьці
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (1524—1527)
- Палацава-паркавы комплекс Тарасовічаў (XIX ст.)
Галерэя
-
Касьцёл, галоўны фасад
-
Капліца
Крыніцы
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf)
- ^ Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 629.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 314.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Пярвышын У. Рэдкая знаходка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Менск: Полымя, 1987. — № 2. — С. 31—32.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.
Вонкавыя спасылкі
|