Перайсьці да зьместу

Любяшоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вэрсія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі броўзэру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку броўзэру.
Любяшоў
лац. Lubiašoŭ
укр. Любешів
Брама сядзібы Чарнецкіх
Брама сядзібы Чарнецкіх
Першыя згадкі: 1484
Магдэбурскае права: 1693
Краіна: Украіна
Вобласьць: Валынская
Раён: Любяшоўскі
Плошча:
  • 3,39 км²
Вышыня: 151 м н. у. м.
Насельніцтва: 5702[1] чал. (2022)
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Паштовы індэкс: 44200
КОАТУУ: 0723155100
Геаграфічныя каардынаты: 51°45′47.002″ пн. ш. 25°29′57.001″ у. д. / 51.76305611° пн. ш. 25.49916694° у. д. / 51.76305611; 25.49916694Каардынаты: 51°45′47.002″ пн. ш. 25°29′57.001″ у. д. / 51.76305611° пн. ш. 25.49916694° у. д. / 51.76305611; 25.49916694
Любяшоў на мапе Ўкраіны
Любяшоў
Любяшоў
Любяшоў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Любяшоў (укр. Любешів) — мястэчка ва Ўкраіне, на рацэ Стаходзе. Адміністрацыйны цэнтар Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці. Насельніцтва на 2011 год — 7645 чалавек. Знаходзіцца за 138 км ад Луцку, за 50—60 км ад чыгуначных станцыяў Маневічы і Камень-Кашырскі. Празь мястэчка праходзіць аўтамабільны шлях Р14, якім можна дабрацца да міжнароднага пункту пропуску Дольску на беларуска-ўкраінскай граніцы.

Любяшоў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), колішняя сталіца графства, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі барока брама сядзібы Чарнецкіх, комплекс касьцёла Сьвятога Францішка з кляштарам капуцынаў і калегіюм піяраў, у якім навучаўся Тадэвуш Касьцюшка, помнікі архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл піяраў (барока, XVIII ст.), зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Назва

Любіш (Lubisch) — імя германскага паходжаньня[2].

Паводле народнага паданьня, заснавальнікам першага паселішча на тэрыторыі цяперашняга мястэчка быў паляўнічы Любаш, які жыў у XV ст. Любаш служыў пры двары тураўскага шляхціча Верлі. Верля меў дачку Ядвігу, якую хацеў выдаць за сына князя Сапегі. Але Ядвіга, незважаючы на волю бацькоў, закахалася ў паляўнічага Любаша, таму ім давялося ўцякаць далёка ад дому і пасяліцца на беразе невялікай рэчкі, аточанай лясамі і балотамі[3].

У часы валоданьня Дольскіх мястэчка часьцей звалі Новым Дольскам (Стары Дольск знаходзіцца цяпер каля граніцы зь Беларусяй).

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра маёнтак Любяшоў зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы і датуецца 18 верасьня 1484 году. Пад 1516 годам паселішча значыцца ў судовым дакумэнце «Пастанова па скаргах княгіні Пятрухны Глінскай і яе сястры Варвары Станковіч на іх зяця Юрыя Рачка, судзьдзю Бельскага, які ўхіляецца ад падзелу Любяшова і іншых маёнткаў, што засталіся па іх маці». Гэта хіба што першы ўпамін пра род Глінскіх, які ўвайшоў у беларускую літаратуру дзякуючы Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу й ягонаму гумарыстычнаму твору «Пінская шляхта»[3]. У 1547 годзе Любяшоў перайшоў у валоданьне Льва Абразцова. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увайшоў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва[3]. У 1653 годзе мястэчка спалілі татары.

У 1686 годзе Ян Караль Дольскі заснаваў у Любяшове калегіюм айцоў піяраў, які стаў значным адукацыйным цэнтрам у эпоху асьветніцва (у 1788 годзе тут навучаліся 75 юнакоў[4]), здабываючы славу важнай эўрапейскай вучэльні. Калегіюм прымаў у свае лавы ня толькі шляхецкіх дзяцей, але й звычайных сялянаў, навучаліся тут каталікі побач з праваслаўнымі, пратэстантамі і юдэямі, у сьценах вучэльні ня мела месца дыскрымінацыя ані паводле рэлігійнай, ані паводле нацыянальнай прыналежнасьці. У 1693 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў мястэчку Магдэбурскае права[3][5].

У 1753—1758 гадох у Любяшоўскім піярскім калегіюме навучаўся Тадэвуш Касьцюшка. У 1756 годзе ўладальнікам мястэчка стаў Ян Антоні Чарнецкі, які разам з сваёй жонкай Фэліцыянай заснаваў тут кляштар капуцынаў. 5 траўня таго ж году ў мястэчка прыбылі першыя манахі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Любяшоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Пінскага павету Менскай губэрні. У 1817 годзе кляштар капуцынаў моцна пацярпеў ад пажару. У 1826 годзе расейскія ўлады ператварылі піярскі калегіюм у павятовую вучэльню[6]. У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня яны гвалтоўна зачынілі кляштар капуцынаў. У XIX ст. Любяшове штогод праводзілася 3 кірмашы, пазьней — 4[7]. На 1859 год у мястэчку быў 531 двор[8].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Любяшоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

20 лістапада 1917 году абвяшчалася Ўкраінская Народная Рэспубліка з прэтэнзіяй на Пінскі павет, у тым ліку на Любяшоў. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай гэтая тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары ваколіцаў мястэчка (Марочанская воласьць) атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Любяшоў увайшоў у склад Беларускай ССР[10]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пінскага павету Палескага ваяводзтва. У 1935 годзе ў мястэчку пачаў дзеяць кляштар капуцынаў усходняга (славянскага) абраду, які разьмясьціўся ў колішніх піярскіх мурах.

У 1939 годзе ўлады СССР перадалі Любяшоў у склад УССР, дзе з 1940 году ён стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 5 сакавіка 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1884 год — 2 тыс. чал., зь іх 332 каталікі[11]; 1898 год — 2739 чал.[5]
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 978 чал. у мястэчку Любяшове, 822 чал. у сяле Любяшове і 6 чал. у маёнтку Любяшове[12]; 1990 год — 5,1 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 5,6 тыс. чал.; 1 студзеня 2011 году — 5627 чал.

Адукацыя

У Любяшове працуе Навучальна-выхаваўчы комплекс, музычная школа, тэхнічны каледж Луцкага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.

Культура

Дзее Любяшоўская раённая друкарня.

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Бандарэнкі вуліца Кляштарная вуліца
Незалежнасьці вуліца Замкавая вуліца

З урбананімічнай спадчыны Любяшова да нашага часу гістарычную назву захавала вуліца Берасьцейская. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.

Турыстычная інфармацыя

Славутасьці

  • Калегіюм піяраў (1753—1758)
  • Касьцёл Сьвятога Францішка і кляштар капуцынаў (1756—1758)
  • Сядзіба Чарнецкіх, брама (XVIII ст.)

Страчаная спадчына

Галерэя

Асобы

Ураджэнцы

Жыхары

Дадатковыя зьвесткі

  • Мэтрычныя кнігі тутэйшай царквы Сьвятога Спаса за 1840—1859 гады захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі

Крыніцы

  1. ^ http://db.ukrcensus.gov.ua/PXWEB2007/ukr/publ_new1/2022/zb_Сhuselnist.pdf
  2. ^ Eule R. Germanische und fremde Personennamen als heutige deutsche Familiennamen // Festschrift zu dem fünfzigjährigen jubiläum des Friedrichs-realgymnasiums in Berlin. — Berlin, 1900. S. 46.
  3. ^ а б в г Міхневіч У. На паўднёвых рубяжах Княства — Любяшоўшчына, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 5 верасьня 2009 г.
  4. ^ Самусік А. Любяшоўскі піярскі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 230.
  5. ^ а б Бірюліна О. 525 років від часу першої писемної згадки про смт. Любешів (1484) Волинської області // Календар знаменних і пам’ятних дат Волині на 2009 рік. — Луцьк, 2008. С. 140—143.
  6. ^ Самусік А. Любяшоўскі піярскі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 231.
  7. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 122.
  8. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  10. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  11. ^ Jelski A. Lubieszów // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 412.
  12. ^ Список населенных мест Минской губернии. — Минск, 1909. С. 114.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі