Перайсьці да зьместу

Юсьцінас Марцінкявічус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Марцінкявічус.
Юсьцінас Марцінкявічус
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 10 сакавіка 1930(1930-03-10)[1][2][3][…]
Памёр 16 лютага 2011(2011-02-16)[4][3][5][…] (80 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, палітык, перакладнік, драматург, журналіст, пісьменьнік
Гады творчасьці з 1955
Мова летувіская мова[7]
Узнагароды

Юсьцінас Марцінкя́вічус (па-летувіску: Justinas Marcinkevičius; 10 сакавіка 1930, Важаткіеміс, Прэнскі раён, Ковенскі павет, Летува16 лютага 2011, Вільня, Летува) — летувіскі пісьменьнік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Летувы (1975). Народны пісьменьнік Летувы (1978).

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту (1954). Член КПСС з 1957 году. Быў сакратаром праўленьня Саюза пісьменнікаў Летувы, затым намесьнікам старшыні СПЛ.

Удзельнічаў у кіраўніцтве Саюдзіса. Правадзейны член Акадэміі навук Летувы. Узнагароджаны савецкімі ордэнамі і ордэнам Вітаўтаса Вялікага, ордэнамі Гедымінаса I і III ступені, Дзяржаўнай прэміяй Летувіскай ССР (1957, 1969) прэміяй «Сантарве» («Згоды», Santarves premija, 1994).

З 7 сьнежня 2010 году пасьля таго, як ён зваліўся на лесьвіцы дома, у якім жыў, і атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і пералом шыйнага пазванка, Марцінкявічус знаходзіўся ў Вільнюскай унівэрсытэцкай бальніцы хуткай дапамогі, дзе і памёр 16 лютага 2011 году[8]. У памяць пра памерлага паэта ў Літве з 7:00 у пятніцу 18 лютага да 22:00 у суботу 19 лютага была абвешчана жалоба[9]. Цырымонія разьвітаньня прайшла ў Вялікай зале Акадэміі навук Летувы ў Вільні 18 лютага[10]. 19 лютага адбылося пахаваньне Марцінкявічуса на Антокальскіх могілках.

Разьвітаньне з Марцінкявічусам
Памятная дошка

3ь ліпеня 2012 году ў двары Сарбевія Віленскага ўнівэрсытэту пры ўдзеле прэзыдэнта Летувіскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайце, міністра культуры Арунаса Гялунаса і рэктара ўнівэрсытэту Бэнэдыктаса Юодкі была ўрачыста адкрыта мэмарыяльная дошка з барэльефам паэта ў памяць Юсьцінаса Марцінкявічуса[11].

Першы зборнік вершаў «Прашу слова» (1955). У паэме «Дваццатая вясна» (1956, Дзяржаўная прэмія Летувы 1957) жыцьцё літоўскай моладзі ў пасьляваенны пэрыяд; паэма «Кроў і попел» (1960) пра трагічны лёс спаленай гітлераўцамі вёскі. Маральныя праблемы, жыцьцё і лёсы сучасьнікаў у цэнтры аповесьці «Сасна, якая сьмяялася» і «Публіцыстычнай паэмы» (абедзьве 1961), зборнікаў вершаў «Рукі, якія дзеляць хлеб» (1963), «Драўляныя масты» (1966), «Палымнеючы куст» (1968), «Ласкавае дакрананне жыцьця» (1978), «Будзь і блаславі» (1980), «Адзіная зямля» (1984), «Вершы з дзёньніка» (1993), «Крок» (1998) і інш. Драматычная трылёгія «Міндаўгас» (1968, Дзяржаўная прэмія Летувы 1969), «Сабор» (1971), «Мажвідас» (1977), зборнік «Шэсьць паэм» (1973) пра гістарычнае мінулае летувіскага народу. Аўтар драматычных паэм «Паэма Прамэтэя» (1973), «Ікар» (паст. 1981), аповесьці «Даўкантас» (1984), кніг эсэ «Дзёньнік, што не мае датаў» (1981), «Еднасьць ракі, якая цячэ» (1995), паэзіі для дзяцей.

На беларускую мову асобныя яго творы пераклалі Г. Бураўкін, В. Вітка, А. Вольскі, С. Грахоўскі, Х. Жычка, А. Звонак, В. Лукша, Л. Луцкевіч, П. Марціновіч, У. Паўлаў, А. Разанаў, Я. Семяжон, Я. Сіпакоў, М. Танк, Н. Тулупава, У. Шахавец і іншыя.

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Трава і камень. Мн, 1981;
  • Дзённік, што не мае датаў // Братэрства, 83. Мн, 1983;
  • Выбраная лірыка: пераклад з літоўскай / Юсцінас Марцінкявічус. — Мінск : Зміцер Колас, 2019. — 80, [1] с. — («Паэты планеты»). Пер. Алеся Разанава, Рыгора Барадуліна, Лявона Баршчэўскага.

У кнігах:

  • Поціск рукі. Мн, 1991;
  • На зорных шляхах. Мн, 1991.
  1. ^ а б Борисова Е. Б. Марцинкявичюс Юстинас // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1974. — Т. 15 : Ломбард — Мезитол. — С. 428—429.
  2. ^ Justinas Marcinkevicius // RKDartists (нід.)
  3. ^ а б Justinas Marcinkevičius // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ http://www.delfi.lt/news/daily/lithuania/mire-poetas-jmarcinkevicius.d?id=42063477
  5. ^ Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)
  6. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #124139892 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  7. ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  8. ^ Ушел из жизни поэт Юстинас Марцинкявичюс. ru.DELFI.lt (16 февраля 2011 г.). Праверана 2011-03-11 г. Архіўная копія ад 2011-08-24 г.
  9. ^ Похороны Юстинаса Марцинкявичюса состоятся в субботу. ru.DELFI.lt (17 февраля 2011 г.). Праверана 2011-03-11 г. Архіўная копія ад 2011-08-24 г.
  10. ^ Миндаугас Яцкявичюс. (18 февраля 2011 г.) Множество людей пришло отдать дань памяти поэту Марцинкявичюсу. ru.DELFI.lt. Праверана 2011-03-11 г. Архіўная копія ад 2011-08-24 г.
  11. ^ В Вильнюсе открыта памятная доска Юстинасу Марцинкявичюсу ru.DELFI.lt. Delfi (2012-07-03). Праверана 2012-07-04 г. Архіўная копія ад 2012-08-05 г.