Перайсьці да зьместу

Fantastic Dizzy

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Fantastic Dizzy
Экранная застаўка гульні
Экранная застаўка гульні
Экранная застаўка гульні
Дата выпуску красавік 1991
Жанр прыгодніцкая гульня
Сэрыя Dizzy
Стваральнікі
Распрацоўнік Блізьняты Олівэр
Выдавец Codemasters
Мастак Лэй Крыстыян
Кампазытар Лындан Шарп
Тэхнічныя дэталі
Плятформы NES, DOS, Master System, Mega Drive, Game Gear, Amiga, Atari ST, CD32
Рэжым адзінаасобная гульня
Век. абмежаваньні Mega: 80%[1]
Носьбіт магнітафонная касэта
Кіраваньне клявіятура/джойстык

«Fantastic Dizzy» (па-беларуску: «Фантастычны Дызі»), на амэрыканскім рынку «The Fantastic Adventures of Dizzy» (бел. «Фантастычныя прыгоды Дызі») — прыгодніцкая кампутарная гульня, выпушчаная ў 1991 року Codemasters, восьмая ў асноўнай сэрыі Dizzy. Першая гульня сэрыі, якая ад пачатку распрацоўвалася для пэрсанальных кампутараў[2] і адзіная, якая не была выдадзеная для ZX Spectrum[3].

Першапачаткова выхад гульні быў заплянаваны да Раства 1990 року, аднак з-за судовае спрэчкі між Codemasters і Nintendo наконт Game Genie яна выйшла толькі ў красавіку наступнага року, што пазбавіла яе посьпеху папярэдніх гульняў.

Гульню цяжка аднесьці да пэўнага жанру. На першы погляд яна нагадвае сваіх плятформавых папярэднікаў, аднак супернікаў, што трапляюцца па дарозе, Дызі ня можа перамагчы і павінен толькі іх пазьбягаць; ламаніны лічацца выкананымі, калі пэўны прадмет прынесены ў пэўнае месца (па аналёгіі з «Gods» і квэстамі); таксама трэба сабраць усе 250 зорак, што прысутнічаюць у гульні.

Таксама гульню можна разглядаць як аб’яднаньне ўсіх папярэдніх гульняў сэрыі, зь якіх у яе перайшлі шматлікія ламаніны (напрыклад, ліфты, чароўныя бабы) і мясьціны (шахты, мора), зь некаторымі аркаднымі мінігульнямі (напрыклад, «Bubble Dizzy»).

Гульня пракручваецца пры перасоўваньні па гарызанталі, а на большасьці экранаў пры карасканьні па лесьвіцах або падскокваньні за межы экрану загружаецца новы экран. У працэсе гульні зьмяняюцца дзень і ноч. З-за выкарыстаньня новага больш складанага рухавіку зь вялікімі пракручвальнымі лякацыямі, а таксама з-за вялікага зьместу (лякацыяў, графікі) рэалізацыя на ZX Spectrum апынулася немагчымай[3].

Дызі можа насіць да трох рэчаў, патрэбных для разьвязаньня ламанінаў[4]. Некаторыя аб’екты прызначаныя для абмену, іншыя неабходна аддаць іншым пэрсанажам або пакласьці ў пэўным месцы. Некаторыя дапамагаюць трапіць у закрытыя мясьціны[5] або абараніцца ад небясьпекі. Гэтым элемэнтам «Fantastic Dizzy» падобная да гульні «Puggsy».

Злы вядзьмак Закс наклаў на ёлкфолаўцаў закляцьці і выкраў сяброўку Дызі — Дэйзі[6]. Дызі павінен выправіць зробленае Заксам і выратаваць Дэйзі з замку ў аблоках.

У «Fantastic Dizzy» прысутнічаюць усе 16 пэрсанажаў сэрыі. Большасьць ёлкфолкаўцаў зачараваныя Заксам, а зь іншых пэрсанажаў прадстаўленыя добры чараўнік Тэадор, пірат Чорнае Сэрца, Вартаўнік палацу, прынц Кламсі, троль Рокўарт, лепрыкон Шамус і Ўласьнік крамы[7].

Дызі даводзіцца наведаць розныя мясьціны, сярод якіх сакрэтны комплекс дома на дрэве, шахта, суседняе места Кельдор, пірацкі карабель, замак, паша, могілкі і іншыя.

У розных вэрсіях гульні па лякацыях гульні раскідана 100 або 250[8] зорак, якія неабходна сабраць, каб атрымаць доступ да апошняга супрацьстаяньня з Заксам[8]. Большасьць зорак можна знайсьці ў звычайных мясьцінах, аднак некаторыя схаваныя ў мінігульнях, якія даводзіцца праходзіць па некалькі разоў, каб сабраць неабходную колькасьць зорак.

Для праходжаньня гульні неабходна прайсьці яшчэ тры мінігульні і яшчэ адну, каб сабраць усе зоркі.

  • Ваганеткі: Дызі можа падарожнічаць у ваганетках, па дарозе зьбіраючы зоркі. Аднак на рэльсах яго чакае небясьпека: абвалы валуноў, тупікі і сустрэчныя вазкі. Напрыканцы падарожжа хуткасьць ваганетак і колькасьць тупікоў узрастаюць.
  • Свавольствы ў замку: мінігульня паводле канцэпту «Operation Wolf». Дызі, узброены арбалетам, павінен перамагчы троляў, што атакуюць замак. Калі Дызі прайграе, ён губляе жыцьцё.
  • Бурбалкавыя цяжкасьці: Дызі павінен дабрацца да маленькае выспы перш, чым скончыцца запас тлену. Дзеля гэтага яму патрэбна скакаць па бурбалках, што ўтвараюцца на марскім дне. Дробныя бурбалкі покаюцца хутчэй, аднак і хутчэй лятуць; на большых бурбалках можна праплыць даўжэй, аднак павольней. Гэтая мінігульня разьвілася ў асобны сьпін-оф сэрыі пад назваю «Bubble Dizzy», выдадзены ў лістападзе 1990 року.
  • «Дызі ўніз па патоку»: у некаторых вэрсіях «Fantastic Dizzy» прысутнічае сэкцыя, дзе Дызі павінен спусьціцца ўніз па рацэ ў бочцы, уцякаючы ад троля і пазьбягаючы прыродных перашкодаў, адначасна зьбіраючы зорачкі. У вэрсіях для Mega Drive/Genesis і ПК гэтая мінігульня адсутнічае. Мінігульня таксама выйшла асобным сьпін-офам у красавіку 1991.
  • Чароўная ламаніна Тэадора: мінігульня за дадатковае жыцьцё — звычайная ламаніна зь перамешваньнем памерам 4x4, якую неабходна выканаць за пэўны адрэзак часу. Складанасьць павялічваецца з павелічэньнем колькасьці жыцьцяў[9].
  1. ^ Mega review, issue 13, page 49, October 1993
  2. ^ Dizzy — The Fantastic Adventures of Dizzy (анг.) Games » Adventure. Abandonia. Праверана 8 сьнежня 2012 г.
  3. ^ а б Fantastic Dizzy (рас.) SpeccyWiki Праверана 8 сьнежня 2012 г.
  4. ^ Буклет з інструкцыяй для NES, с. 7—8
  5. ^ Буклет з інструкцыяй для NES, с. 6
  6. ^ Буклет з інструкцыяй для NES, с. 3
  7. ^ Буклет з інструкцыяй для NES, с. 9—21
  8. ^ а б Буклет з інструкцыяй для NES, с. 4
  9. ^ Буклет з інструкцыяй для NES, с. 5

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]