Уладзіслаў Мацвеевіч Завальнюк
Уладзіслаў ЗАВАЛЬНЮК (нар. 8 ліпеня 1949, с. Жданава Вінніцкай вобл.) — каталіцкі святар, рэлігійны і культурны грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ — пачатку ХХІ ст., гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст. Магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.
Паходзіць з сялянскай каталіцкай сям'і. Скончыў Жданаўскую сярэднюю школу (1965). Клерык Рыжскай вышэйшай духоўнай семінарыі (1969—74). Пасвячоны ў святары (1974, Рыга). Душапастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе пробашча грэка-каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве. Знаходзячыся ў Малдове, абслугоўваў каля 70 парафій, праследаваўся савецкімі ўладамі. На пачатку 1979 вярнуўся ў Латвію, дзе выконваў святарскія абавязкі ў г. Валміера. Вясною 1979 выехаў у Казахстан, жыў у Калінградзе, Качатове, Краснаармейску, Паўладары. З 1980 — у Латвіі. Служыў вікарыем у мястэчку Варакаяны (Латгалія). Быў абмежаваны савецкімм адміністрацыйнымі ўладамі ў выкананні святарскіх абавязкаў — меў права толькі спавядаць і адпраўляць імшу. У лістападзе — снежні 1980 прымусова змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу ў г. Даўгаўпілс. Са студзеня 1981 на пасадзе пробашча ў парафіях Лэнас, Айспут, Вентспілс, Кулдзічэ Ліепайскага дэканата. У 1984 пераведзены ў Беларусь. Працаваў пробашчам у касцёле св. Тройцы ў Глыбокім. Пасля 1988 адначасова служыў вікарыем у Мінскім кальварыйскім касцёле Узвышэння крыжа. З 1989 разам з вернікамі змагаўся за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Мінску (касцёл Святога Сымона і Святой Алены, Кафедральны касцёл, касцёл Св. Роха). Аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і інш. З пачатку 1990-х гадоў паслядоўна праводзіць беларусізацыю каталіцкай царквы ў Беларусі. Завочна прадоўжыў вучобу ў Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Скончыў вышэйшыя магістэрскія курсы па тэалогіі (1993).
З 1991 вядзе шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць. Падрыхтаваў і выдаў на беларускай мове шэраг кніг для вернікаў: "Святая імша" (1990), "Катэхізм" (1993, на 4-х мовах), "Будслаўскі касцёл — святыня Беларусі" (1993), "Святыня Беларусі" (1994), "Святы Ружанец" (1994), "Прыгатаванне да першай святой споведзі" (1995), "Абрады пахавання" (1998) і інш. Адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі "Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ – ХХ ст.)" (1998). На Беларускім радыё вёў рэлігійную перадачу "Голас душы" (1993 — 2000). Адзін з заснавальнікаў Хрысціянскага таварыства міласэрнасці (1993). Сябар Каардынацыйнай камісіі Сінода Мінска-Магілёўскай і Пінскай архідыяцэзій (1996). Ініцыятар адкрыцця ў Мінску Беларускага каталіцкага ўніверсітэта. Прыняў удзел у перакладзе для каталіцкага духавенства ў Беларусі літургічных кніг "Імшал", "Рытуал". Правадзейны член Міжнароднай акадэміі экалогіі (1999). Выступае з артыкуламі нацыянальна-рэлігійнай праблематыкі ў беларускім і замежным друку. Адзін з арганізатараў дабрачыннага Фонда абароны жыцця.
Літаратура
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3