Плюсы (аграгарадок)
Аграгарадок
Плюсы
| ||||||||||||||||||||
Плю́сы[1] — аграгарадок у Беларусі, на паўднёва-заходнім беразе возера Плюсы. Цэнтр сельсавета Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Насельніцтва 255 чал. (2010). Знаходзяцца за 26 км на поўнач ад Браслава, за 15 ад чыгуначнай станцыі Краслава.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У гістарычных крыніцах Плюсы ўпершыню згадваюцца ў XVI ст. пад назвай Перасвеціца. На думку гісторыка А. Зіміна, адсюль паходзіў дзяржаўны і грамадскі дзеяч І. Перасветаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Плюсы ўвайшлі ў склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. Паселішча было ўладаннем вялікіх князёў, цэнтрам невялікага нягродавага староства (дзяржавы, 8 валок), размешчаным на мяжы з Курляндыяй. Пад 1784 Плюсы згадваюцца як мястэчка («слабодка») з размешчаным побач панскім дваром. У XVIII ст. уладальнікі мясціны Сальмановічы збудавалі тут касцёл Святой Тройцы. У канцы XVIII ст. да касцёла належала 108 паселішчаў, у 1845 налічваліся 1544 вернікі.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Плюсы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Браслаўскім павеце Віленскай губерні, з 1843 у Новааляксандраўскім павеце Ковенскай губерні. У 1854 тут утварылася яўрэйская земляробчая калонія.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Плюсы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. Станам на 1931 у мястэчку было 27 гаспадарак, касцёл, сінагога, пошта, крамы.
У 1939 Плюсы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 сталі цэнтрам сельсавета Відзаўскага раёна (з 1960 у Браслаўскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1998 тут было 110 двароў.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1859 — 15 чал.[2]
- XX стагоддзе: 1921 — 88 чал.; 1931 — 135 чал.; 1998 — 265 чал.[3]; 1999 — 271 чал.; 2000 — 266 чал.
- XXI стагоддзе: 2010 — 255[4] чал.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У Плюсах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (пачатак XX стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000209.
- Помнік землякам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну[4].
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Іван Сямёнавіч Перасветаў — пісьменнік, публіцыст.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Plusy // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście (польск.). — Warszawa, 1887. S. 271.
- ↑ Шыдлоўскі К. Плюсы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 515.
- ↑ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Plusy // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście (польск.). — Warszawa, 1887. S. 271.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Плюсы (аграгарадок)