Даўмонт Пскоўскі
Даўмонт Пскоўскі | |
---|---|
Нараджэнне | 1240 |
Смерць |
20 мая 1299 |
Месца пахавання | |
Род | Дамантовічы[d] |
Жонка | Агна[d] |
Дзеці | Давыд Гарадзенскі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Даўмонт-Цімафей (? — 20 мая 1299, Пскоў) — князь у Нальшанскай зямлі (да 1260—1266), служылы князь пскоўскі (1266—1299). Кананізаваны праваслаўнай царквой (памяць 20 мая, у 3-і Тыдзень па Тройцы — у Саборы Пскоўскіх святых).
Імя
[правіць | правіць зыходнік]Імя Даўмонт (Доўмант) — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[1].
Першая аснова Daug- паходзіць ад літ. daug «шмат», сярод сучасных літоўскіх антрапонімаў вядомыя і Dau-mant'as, і Daug-mant'as)[2]. На другой пазіцыі гэтая аснова, напрыклад, у імені Міндоўг.
Другая аснова Mant- звязаная з літоўскім manta "перасоўная маёмасць; (ваенная) здабыча". Яно, у сваю чаргу, звязана з manyti, адно са значэнняў якога (апроч асноўнага "думаць, меркаваць") — "займець, здабыць"[3].
Імя значыць "шматздабычлівы" і ўяўляла сабой імя-пажаданне.
Агляд крыніц
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы звестак пра Даўмонта падзяляюцца на 2 групы — летапісныя артыкулы і розныя рэдакцыі жыццяпісу Св. Даўмонта. Найбольш старажытнымі з’яўляюцца кароткія летапісныя артыкулы, якія захаваліся ў Наўгародскім I летапісе старэйшага ізводу (спіс кан. 13 ст., дапоўнены ў 1-ай траціне 14 ст.) і датычаць пскоўскага перыяду жыцця князя. Падрабязны апавяданне пра падзеі перад уцёкамі Даўмонта з Літвы ў Пскоў, захаваўся ў Галіцка-Валынскім летапісе, дзе апавядаецца пра забойства Даўмонтам вял.кн. Міндоўга. У інш. летапісах, якія адлюстроўваюць зборы 14 ст., ёсць рэдкія згадкі пра Даўмонта, летапісы 15-17 ст. злучаюць звесткі Наўгародскага I летапісу і жыццяпісу Даўмонта, складзенага пскоўскім аўтарам.
Жыццяпіс Даўмонта захаваўся ў некалькіх рэдакцыях 14-16 ст. У больш ранніх рэдакцыях жыццяпіс не меў загалоўка або называўся «Успенне» Даўмонта, «Сказанне» або «Аповесць» пра Даўмонта, назва «Жыціе» з’яўляецца толькі ў рэдакцыі кан. 16 ст. Пачатковая рэдакцыя жыццяпісу (Аповесць) з’явілася ў 2-й чвэрці 14 ст., гісторыя яе тэксту цесна звязаная з пскоўскім летапісаннем. Тэкстуальныя супадзенні паміж Аповесцю і артыкуламі пскоўскіх летапісаў 1323, 1341, 1343 г. даказваюць, што Аповесць і летапісныя артыкулы 2-й чвэрці 14 ст. ствараліся прыблізна адначасова ў адным коле кніжнікаў. У Аповесці князь паказаны выключна ў ратных сітуацыях (паходы на Літву, на Ракавор і ў Памор’е, бітвы на Мірапоўне, з лівонскім ландмайстрам, у царквы Пятра і Паўла). Аўтар не распавядае пра літоўскі перыяд жыцця князя і прычыны яго ўцёкаў у Пскоў, не згадвае пра будаўніцтва ім цэркваў і абарончай сцяны, пра заснаванне пскоўскага Снетагорскага манастыра. У Аповесці ўвасобіўся пскоўскі ідэал князя — ваяра, заўсёды гатовага да абароны пскоўскіх зямель. У заключнай хвале князю, складзенай на аснове адмысловай рэдакцыі Жыція Св. Аляксандра Неўскага, да ўслаўлення ратнай доблесці Даўмонта далучаецца пералік яго хрысціянскіх дабрадзейнасцей.
Аповесці пра Даўмонта ў складзе пскоўскіх летапісаў адводзілася адмысловае месца. У Пскоўскім I летапісе яна стала прадмовай, у Пскоўскім II летапісе яна змешчана пасля ўступа, дзе коратка выкладаецца пачатковая гісторыя Русі, і пасля Жыція Св. Аляксандра Неўскага; у Пскоўскім III летапісе Аповесць уключана ў храналагічны шэраг. Тэксты Аповесці ў 3 рэдакцыях пскоўскіх летапісаў блізкія, але неідэнтычныя. Пачатковы тэкст дакладней перададзены ў Пскоўскім I летапісе. Складальнік Пскоўскага III летапісу пры ўключэнні Аповесці ў храналагічны шэраг паставіў у яе тэксце даты, унёс малаважныя рэдактарскія змены. Аповесць у Пскоўскім II летапісе шмат у чым адрозніваецца ад тэкстаў Аповесці ў інш. крыніцах — складальнік гэтага збору 1486 г. унёс папраўкі, якія адлюстравалі яго прамаскоўскія і антывечавыя настроі (выключаны фрагменты, дзе пскоўскі князь па адвазе і славе прыпадабняўся Св. Аляксандру Неўскаму і яго сыну Св. Дзмітрыю, пераменшана роля «мужоў пскавічоў» у рашэннях і перамогах князя).
У 2-х пскоўскіх Пралогах 1341 г. змешчана кароткае Жыціе Даўмонта, дзе даюцца агульныя звесткі пра яго жыццё. Жыціе было складзена незалежна ад Аповесці, якая з’явілася прыкладна ў гэты ж час.
У 15 ст. Аповесць увайшла ў агульнарускія зборы, пры гэтым яе тэкст быў злучаны з весткамі Наўгародскага I летапісу. З часам тэкст Аповесці перажываў змены ў адпаведнасці з агульным характарам правак у летапісных помніках. Асобную цікавасць уяўляе жыццяпіс Даўмонта ў Скарочаным Літоўскім летапісе (спіс 1520-х г.), дзе гаворыцца як пра літоўскі перыяд жыцця Даўмонта, так і пра яго ўцёкі ў Пскоў, хрышчэнне і паходы на Літву. Жыццяпіс у гэтай крыніцы выяўляе падабенства са звесткамі пра князя інш. летапісаў (Уладзімірскага летапісца, летапісаў тыпу Сафійскага I, летапісных збораў 1479 г. і кан. 15 ст., «Кнігі ступеневай царскага радаслоўя» і інш.). Аповедам пра вял.кн. Войшалка, сына Міндоўга, і «вернага» «новапрасвечанага» Даўмонта завяршаецца апавяданне Скарочанага Літоўскага летапісу пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага; Войшалк і Даўмонт прадстаўленыя як апошнія прадстаўнікі дынастыі Міндоўга, пасля іх пайшлі князі «іншага роду».
Тэкст, блізкі да Аповесці з Наўгародскага V летапісу, лёг у аснову 2-х рэдакцый 16 ст. жыццяпісу Даўмонта — хранаграфічнай і сярэдняй. Хранаграфічная рэдакцыя, паводле сведчання яе складальніка, была ім спісана «з хранографа». З разнесеных па гадавых артыкулах вестак пра Даўмонта, якія злучалі тэксты Наўгародскага I летапісу і пскоўскай Аповесці, рэдактар стварыў суцэльны твор, унёсшы ў летапісны тэкст некаторыя папраўкі і змены. Так, ён удакладніў, што рака Даўмонта была пастаўлена ў Траецкім саборы «за правым клірасам». Аўтар сярэдняй рэдакцыі значна перапрацаваў і дапоўніў агульны з хранаграфічнай рэдакцыяй пратограф. У сярэдняй рэдакцыі ўпершыню апавядаецца пра будаўніцтва Даўмонтам храмаў, заснаванне Снетагорскага манастыра. Аўтар сярэдняй рэдакцыі выключыў дэталі, якія нагадвалі пра залежнасць Даўмонта ад вял.кн. уладзімірскіх. Адно з асноўных адрозненняў сярэдняй рэдакцыі ад папярэдніх варыянтаў палягае ў тым, што ў ёй з’яўляецца «Сваяцтва пра блажэннага і прыснапамятнага князя Вышэлега», дзе апавядаецца пра Войшалка, яго пастрыжэнне на Афоне, вяртанне ў Літву, заснаванне манастыра «на нейкім месцы», месці забойцам бацькі і сыходу ў манастыр на Св. Гары. У «Сваяцтве…» Даўмонт названы братам Войшалка і малодшым сынам вял.кн. Міндоўга, пасля забойства якога «сваякамі» Даўмонт быў змушаны бегчы ў Пскоў. «Сваяцтва…» было складзена пад уплывам адной з версій радаводу вял.кн. літоўскіх, якая адбілася ў Летапіснай і Румянцаўскай рэдакцыях радаводных кніг 1530-х г.
Жыціе Даўмонта (прастранная рэдакцыя Аповесці), уяўляе сабой збор шматлікіх сведчанняў пра пскоўскі князя рознага часу і паходжанні, было напісана ў кан. 16 ст. У Жыціі (як і ў сярэдняй рэдакцыі Аповесці) князь названы сынам Міндоўга. Жыціе пачынаецца з апавяданню пра Войшалка, пра забойства Міндоўга «сваякамі», пра помсту Войшалка і пра ўцёкі Даўмонта ў Пскоў. Апроч вядомых па інш. рэдакцыях падзей, звязаных з Даўмонтам, у прастраннай рэдакцыі прыведзены апавяданне пра 2 пасмяротныя цуды і пра мрою каваля Дарафея з Багародзіцай і Пскоўскімі святымі, у т.л. Даўмонтам, падчас аблогі Пскова кар. Стэфанам Баторыем у 1581 г. Аўтар прастраннай рэдакцыі вольна абыходзіцца з гістарычным матэрыялам, суправаджае аповеды пра перамогі князя біблейскімі цытатамі, агіяграфічнымі характарыстыкамі, падрабязнымі апісаннямі бітваў, якія складаюцца з традыцыйных формулаў ваенных аповесцяў.
Таксама Даўмонт згадваеццца ў беларуска-літоўскіх летапісах 16 ст., Хроніцы ВКЛ і Хроніцы Быхаўца, звесткі якіх у перыяд да смерці Гедзіміна надзвычай сумбурныя і ненадзейныя. Паводле гэтых летапісаў, Даўмонт быў сынам Рамана і братам Нарымунта, Трайдзеня, Гольшы і Гедруса. Гісторыя з жонкай Даўмонта расказваецца значна складаней: спачатку Даўмонт адабраў жонку ў свайго брата Нарымунта, а пасля апошні забірае яе назад. Міндоўг у Хроніцы ВКЛ не згаданы наогул, а ў Хроніцы Быхаўца з’яўляецца за некалькі пакаленняў да Даўмонта.
Мацей Стрыйкоўскі ўспамінаў не толькі Даўмонта Пскоўскага, але за часамі вялікага князя Вітаўта яшчэ і Даўмонта Гедройцкага, а таксама літоўскі народны напеў пра яго.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Да 1260 г. нічога невядома пра Даўмонта, верагодна, быўшы князем (хутчэй адным з князькоў) у Нальшанскай зямлі, ён быў падпарадкаваны ўладзе вял.кн. Міндоўга, які да таго ж быў з Даўмонтам у сваяцтве — яны былі жанаты на сёстрах (недзе з сяр. 1251 г.). У 1-й пал. 1258 г. уладанні Даўмонта, верагодна, былі спустошаныя войскамі Бурундая і галіцка-валынскіх князёў. Пасля смерці (кан. 1262 — пач. 1263 г.) жонкі Міндоўга Марфы (або Марты), паводле Галіцка-Валынскага летапісу, сястра Марфы — жонка Даўмонта (Агна — паводле Стрыйкоўскага) была выкліканая для ўдзелу ў пахаванні да двара Міндоўга, дзе апошні, быццам паводле запавету памерлай жонкі, якая баялася мачахі сваім малым дзецям, прымусіў жонку Даўмонта да сужыцця. Відаць, гэта стала галоўнай з прычын удзелу Даўмонта ў змове літоўскіх князёў на чале з Транятам, кн. жамойцкім, супраць Міндоўга. У пач. восені 1263 г. разам з іншымі літоўскімі князямі Даўмонт быў пасланы ваяваць Бранскае княства, але вярнуўся з дарогі разам з дружынаю, схапіў і забіў Міндоўга і яго малодшых сыноў Рукліса і Рупейку. Сталец вял.кн. заняў Транята, але хутка (сяр. 1264) ён быў забіты і Даўмонту давялося весці барацьбу з Войшалкам, старэйшым міндоўгавым сынам, які з войскам навагрудскіх і літоўскіх прыхільнікаў, у саюзе з галіцка-валынскімі і турава-пінскія князі, помсціў за смерць бацькі. Верагодна, у войшалкаву кааліцыю ўвайшлі і інш. нальшанскія князі, у т.л. Гердзень, якога наблізіў да сябе яшчэ Міндоўг.
Ужо ў 1265 г., магчыма, у выніку паходаў Войшалка супраць сваіх ворагаў у Нальшанах і Дзяволтве, каля 300 літоўцаў з жонкамі і дзецьмі ўцяклі ў Пскоў. Магчыма, праз гэтых уцекачоў яшчэ тады Даўмонт спрабаваў наладзіць або наладзіў сувязь з Ноўгарадам і Псковам — спачатку наўгародцы хацелі забіць літоўцаў, але тыя вырашылі ахрысціцца і за іх, паводле загаду бацькі[4] заступіўся пскоўскі кн. Святаслаў Яраславіч, які разам з пскоўскім духавенствам у прысутнасці пскавічоў ахрысціў літоўцаў-паганцаў. Улетку 1266 г., разам з дружынай у 70 чал., у Пскоў прыехаў і Даўмонт — недзе тымчасова ж з Нальшанаў у Рыгу ўцёк і кн. Суксэ з братам, магчыма, адзін з даўмонтавых саюзнікаў. Даўмонт быў ахрышчаны ў пскоўскім Траецкім саборы з імем у гонар муч. Цімафея Палесцінскага (Газскага).
У 1266 г. Даўмонт з атрадам з 270 літоўцаў і пскавічоў здзейсніў удалы паход на Літву, а, верагодней, менавіта на Нальшанскую зямлю, бо ў палон да Даўмонта трапілі жонка і два сына Гердзеня (гл. Андрэй Гердзеневіч). Войска Гердзеня і інш. князёў, якое гналася за пскавічамі, 18.7.1266 г. было разбіта Даўмонта на Зах. Дзвіне. Вял.кн. уладзімірскі, пад уладай якога знаходзілася Наўгародская зямля, Яраслаў Яраславіч прыбыўшы ў 1266 г. у Ноўгарад хацеў выгнаць Даўмонта з Пскова, але адмовіўся ад гэтага з-за пазіцыі наўгародскіх баяраў, якія, магчыма, бачылі ў Даўмонце патэнцыйнага абаронцу Паўн.-Зах. Русі ад немцаў, літоўцаў і дамаганняў вял.князя. Узімку 1266—1267 г. Даўмонт здзейсніў яшчэ адзін удалы паход на Літву. У 1267 г. у выніку сумеснага паходу пскоўскага і наўгародскага войска на чале з Даўмонтам і баярынам Алферыем Сбыславічам была нанесена параза полацкаму войску, у бітве загінуў і кн. Герздень.
23 студз. 1268 г. з пскавічамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе кааліцыі князёў на чале з кн. Дзімітрыем Аляксандравічам, арганізаванай Вялікім Ноўгарадам, на эстонскія землі Лівонскага ордэна. 18 лют. 1268 г. у бітве пры замку Раквор Даўмонт камандаваў палком правай рукі. Пасля бітвы Даўмонт зрабіў самастойны паход у глыб зямель Лівонскага ордэна, «на Вируяны», аж да Балтыйскага мора. Гэта прывяло да паходу немцаў у адказ, якому ў 1269 г. падвергся Пскоў, але горад 10-дзённую аблогу і немцы адбітыя з дапамогаю наўгародскага князя. У 1269 г. Д. вытрымаў лівонскімі немцамі Пскова і адбіў яе пры дапамозе прыйшэлых на выручку наўгародскіх войскаў. У 1270 г. вял.кн. Яраслаў Яраславіч замяніў Даўмонта ў Пскове інш. выхадцам з Літвы — кн. Айгустам, але ўжо ў 1271 г. Даўмонт вярнуўся на пскоўскі сталец.
Увесну 1271 г., рухаючыся па Чудскім і Пскоўскім азёрам і р. Вялікай, войска лівонскіх немцаў разарыла шэраг памежных паселішчаў Пскоўскай зямлі. Захапіўшы шмат маёмасці і палонных, немцы пайшлі назад, 23 красав. 1271 г. на р. Мірапоўне з 60 пскавічамі Даўмонт дагнаў іх (паводле руск. крыніц 800 чал.) і разбіў. У 1272 г. напад немцаў на Пскоўскую зямлю паўтарыліся. 8 чэрв. 1272 г. пад Псковам Даўмонт перамог войскі лівонскага магістра, затым у адказ на спусташэнне пскоўскіх памежных воласцей (да 8 верасн.) спустошыў эстонскія землі Лівонскага ордэна. У Жыціі Даўмонта паведамляецца, што пасля здабытых у 1266—1272 гг. перамог князь узвёў у Пскове каля свайго палаца 3 храма, відаць драўляных, прысвечаных святым, якія заступаліся за яго ў бітвах: у імя мч. Цімафея, вмч. Георгія і Феадора Стратылата.
У кан. 1270-90-х г. Даўмонт падтрымліваў палітыку вял.кн. уладзімірскіх Дзмітрыя Аляксандравіча, затым яго малодшага брата Андрэя Аляксандравіча. У 1278 г. браў удзел у паходзе вял.кн. Дзмітрыя на Карэльскую зямлю. У 1282 г. валодаў Капор'ем у Наўгародскай зямлі, у лют. 1282 г. у адказ на паланенне наўгародцамі 1 студз. сям’і і дружыны вял.кн. Дзмітрыя Даўмонт з Капор’я здзейсніў напад на Ладагу, дзе вызваліў вызваліў сям’ю і баяраў вял.кн., а таксама вярнуў казну. Відавочна, да 1281—1282 г. трэба аднесці шлюб паміж Даўмонтам і Марыяй, дачкой Дзмітрыя Аляксандравіча. У 1285 г. разам з пскавічамі і літоўцамі Даўмонт здзейсніў няўдалы паход на Цвярскую зямлю. Тут у воласці Алешня князь пацярпеў паразу ад аб’яднанага войска гарадоў Цверы, Таржка, Зубцова, Ржэвы, Масквы, Валака Ламскага і Дзмітрава і трапіў у палон, але праз нейкі час быў вызвалены. У 1292 г. лівонскія крыніцы згадваюць Даўмонта як аднаго з 4 князёў Паўночна-Заходняй Русі, якія знаходзіліся ў падначаленні вял.кн. Дзмітрыя[5]. У кан. 1293 г. у Даўмонта ў Пскове хаваўся ад ардынскай раці царэвіча Тудан-Менгу (паводле руск. крыніцах Дзюдзень) вял.кн. Дзмітрый.
Знойдзена 2 княжых пячаткі, якія належалі Даўмонту[6]. Адна з іх знойдзена пры раскопках у Таржку, другая захавалася на дагаворнай грамаце Цяшаты і Якіма, якую напісаў «Давмонтаў пісец». Магчыма, грамата сведчыць пра функцыянаванне ў Пскове пры Даўмонце княжага адміністрацыйнага апарату.
Пасля смерці цесця і сюзерэна (1294) Даўмонт наладзіў кантакты з новым вял. кн. уладзімірскім Андрэем Аляксандравічам. 4 сакавіка 1299 г. пскоўскі князь ізноў разбіў войскі Лівонскага ордэна, якія знянацку захапілі пскоўскі пасад і спустошылі навакольныя манастыры. У бітве на беразе р. Псковы каля Петра-Паўлаўскай царквы немцы былі разбіты, палонных Даўмонт адправіў ва Уладзімір-на-Клязьме да вял. кн. Андрэя. Гэта была апошняя перамога, здабытая Даўмонтам.
Даўмонт памёр у Пскове падчас эпідэміі, пахаваны ў Траецкім саборы, над магілай быў павешаны яго меч. Пасля пабудовы ў сяр. 14 ст. каменнага Траецкага сабора магіла Даўмонта знаходзілася ў прыдзеле Св. кн. Усевалада (Гаўрыіла) Мсціславіча. Рака захавалася падчас моцнага пажару ў Пскове 15 мая 1607 г., калі пацярпеў Траецкі сабор.
Паводле сінодзіка Пскоўскага Міражскага Ператварэння Божага манастыра, Даўмонт быў сярод князёў, якія далі міласціну на гэты манастыр. З Міражскага манастыра паходзіць даўнейшы — 16 ст. — з захаваных спісаў Міражскага абраза Божай Маці, з выявай Даўмонта і яго жонкі, які капіруе, як лічаць даследчыкі, абраз 13 ст. Відавочна, князь апекаваў інш. манастырам і храмам Пскоўскай зямлі. Позняя традыцыя прыпісвае Даўмонту заснаванне пскоўскага Снетагорскага манастыра. Гэтая версія можа быць праўдзівай, бо ўпершыню манастыр згадваецца ў крыніцах пад канец валадарства Даўмонта.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што сынам Даўмонта і Марыі Дзмітрыеўны быў Давыд, гарадзенскі староста і ваявода вял. кн. літоўскага Гедзіміна.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 82-83.
- ↑ Lit. zweistämmige Personennamen mit mant- und mantà "bewegliche Habe" // Pranas Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 4. Vilnius, 1998. C. 758-763.
- ↑ вял.кн. уладзімірскі і цверскі Яраслаў Яраславіч
- ↑ Пашуто… С. 385. Прим. 124.
- ↑ Янин, Гайдуков… Т. 3. С. 107, 220.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. — М.; Л., 1950;
- Псковские летописи. Вып. 1-2. — М.; Л., 1941-55.
- Убиение преподобных Иоасафа и Василия игуменов // Избранные жития святых на русском языке, изложенные по руководству ЧЕТЬИХ-МИНЕЙ архиепископа Филарета Черниговского. В 2 кн. Январь-июнь. — М., 2011.
- Хронікі і летапісы Беларусі. Сярэднявечча і раньнемадэрны час. — Мн.: ARCHE-Пачатак, 2010. — 902 с., 23 см.
- Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi. — Warszawa, 1985.
- Насевіч В. Даўмонт // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 т. Т.1. — Мн., 2005. С. 582;
- Андреев А. Р. Кн. Довмонт Псковский: Докум. жизнеописание. М., 1998;
- Охотникова В. И. Повесть о Довмонте // СККДР. Вып. 2. Ч. 2. С. 239—243;
- Охотникова В. И. Повести о Довмонте // Литература Др. Руси: Биобиблиогр. словарь / Под ред. О. В. Творогова. М., 1996. С. 148—150;
- Улащик Н. Н. Введение в изучение белорус.-литов. летописания. М., 1985.
- Boniecki Adam. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI w. Warszawa, 1887.
- Охотникова В. И. Довмонт // Православная Энциклопедия. Под ред. Патриарха Московского и всея Руси Кирилла. Т. 15. — С. 519—527.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Преврацкий В. Князь Довмонт в свете исторических источников // Jivebelarus.net [Электронный ресурс] — Дата доступа 13.11.2014