Лёсавае плато
Лёсавае плато (Лёсавая раўніна) размешчана ў сярэдняй частцы басейна р. Хуанхэ, у Кітаі.
Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсходнімі адгор’ямі Наньшаня. Плошча каля 430 тыс. км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах плато ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м.
У геалагічных адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на поўначы да 250 м. Лёсавае плато амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыбіні 100—150 м). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі.
Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −4 °C да −8 °C, ліпеня 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на ўсходзе да 250 мм на паўночным захадзе; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліпень—верасень), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вялікую колькасць наносаў.
Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змытыя. Значныя тэрыторыя ўзараны, схілы вышынёй да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы).
Лёсавае плато густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Пры парушэнні складзенай лёсам паверхні стромкія сценкі не асыпаюцца, што дазваляе будаваць у яго тоўшчы пячорападобнае жыллё, размяшчаючы яго прыступкамі адно над адным. Маюцца на плато і буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.