Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі
Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі | |
---|---|
Дата заснавання | 3—4 лістапада 1990 |
Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ) — палітычная партыя Рэспублікі Беларусь. Утворана 3 — 4 лістапада 1990 на ўстаноўчым з’ездзе ў Мінску. Кіруючыя органы — рада АДРБ (15 чалавек) і выканаўчы камітэт, які кіраваў дзейнасцю 10 камісій: арганізацыйнай, палітычнай, эканамічнай, па заканадаўчай інніцыятыве, па арганізацыі і правядзенні выбараў і інш. На 2-м з’ездзе (лістапада 1991 г.) была прынята Дэкларацыя праграмных мэт і прынцыпаў, а таксама абраны старшыня Рады — народны дэпутат СССР Аляксандр Дабравольскі. Аснову партыі склалі члены Дэмакратычнай платформы Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэмакратычных партый Мінска і Брэста.
Мэта
[правіць | правіць зыходнік]Стварэнне грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, заснаваных на прыярытэце агульначалавечых каштоўнасцей, плюралізме ва ўсіх галінах грамадскага развіцця. Партыя выступала з пазіцый лібералізму, развіцця прыватнай уласнасці і рыначных адносін у эканоміцы, станаўлення незалежнай дзяржавы Беларусь.
Структура і дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Пярвічныя арганізацыі партыі дзейнічалі ва ўсіх абласных гарадах. Большасці райцэнтраў Беларусі, а таксама ў сельскай мясцовасці. Асноўныя арганізацыйныя прынцыпы партыі:
- максімальная самастойнасць рэгіянальных арганізацый;
- права на стварэнне фракцый;
- самастойнае вызначэнне сябрамі формы свайго ўдзелу ў дзейнасці партыі.
Рада АДПБ, Брэсцкая, Гомельская і Магілёўская арганізацыі перыядычна выдавалі інфармацыйныя бюлетэні. АДПБ падтрымлівала сувязь і супрацоўнічала з усімі грамадска-палітычнымі арганізацыямі, партыямі і рухамі некамуністычнай арыентацыі.
У Вярхоўным Савеце XII-га склікання партыя мела ўсяго толькі 2 дэпутатаў: А.Спіглазава і У.Зяленіна. Затое члены АДПБ — дэпутаты Мінскага і Гомельскага гарадскіх Саветаў народных дэпутатаў змаглі сфармаваць у складзе гэтых Саветаў сваі партыйныя фракцыі.
У канцы 1992 частка членаў кіраўніцтва АДПБ абвінаваціла яе лідараў у нацыяналізме і заклікала дыстанцавацца ад БНФ. Яны арганізавалі фракцыю «За рэалізм» і выступілі за наданне рускай мове статусу дзяржаўнай, а таксама за развіццё больш цесных палітычных адносін з Расійскай Федэрацыяй, але не атрымалі большасці ў партыі.
Восенню 1993 па ініцыятыве АДПБ і Беларускай сялянскай партыі было створана Аб'яднанне дэмакратычных сіл «Вясна–94», якое летам 1994 на прэзідэнцкіх выбарах падтрымала экс-спікера парламента С. Шушкевіча.
У канцы 1994 партыя пачала перамовы з Грамадзянскай партыяй аб аб'яднанні. Пасля няўдачы на парламенцкіх выбарах 1995 лідары дзвюх партый з аднолькавай ідэалогіяй прыйшлі да высновы, што трэба як мага хутчэй аб'яднаць высілкі перад тварам надыходзячай дыктатуры. 1 кастрычніка 1995 партыя аб'ядналася з Грамадзянскай партыяй Беларусі ў Аб'яднаную грамадзянскую партыю.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гусак, С. Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі / С. Гусак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беліцк — Гімн / БелЭн; Рэдкал.: Б.І.Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с.: іл. – С. 26. — ISBN 5-85700-142-0.
- Политические партии: Беларусь и современный мир / М.Ф.Чудаков [и др.]. – 2-е изд., исправ. и доп. – Мн.: Тесей, 2005. – 416 с. – С. 161 – 163. – ISBN 985-463-198-2