Гелер (грашовая адзінка)
Ге́лер — разменная манета германскіх дзяржаў у Сярэднявеччы і Новым часе; у ХХ стагоддзі — разменная манета Чэхіі (чэшск. haléř) і Славакіі (славацк. halier).
Спачатку гелер — назва пфеніга, упершыню выпушчанага каля 1200 года ў швабскім горадзе Швебіш-Хале (Schwäbisch Hall), адкуль ён і атрымаў сваю назву. Першыя манеты важылі каля 0,55 г і ўтрымлівалі 0,371 г срэбра. Пазней вартасць і якасць гелера пастаянна змяняліся. У XVI стагоддзі гелер быў прыроўнены да 1/2 пфеніга.
Гелер лічаць адной з самых ранніх медных манет Германіі (медныя вестфальскія гелеры былі выпушчаныя яшчэ ў XVI стагоддзі). Медныя гелеры чаканілі ў Баварыі да 1856 года і ў Франкфурце-на-Майне да 1866 года (яны прыраўноўваліся да 1/8 крэйцара). Апошні гелер на тэрыторыі Германіі быў выпушчаны ў 1866 годзе для княства Гесэн-Касель.
У 1892 годзе ў Аўстра-Венгрыі была ўведзена новая грашовая адзінка 1 крона = 100 гелераў (у Венгрыі разменная манета атрымала назву філераў). Выпускалі манеты 10 і 20 гелераў з нікеля і 1 і 2 гелера з бронзы. Новы гелер прыраўноўваўся да 1/2 крэйцара.
У 1904—1916 гадах у Германскай Усходняй Афрыцы (цяпер Танзанія, Руанда і Бурундзі) чаканіліся манеты вартасцю 1/2, 1, 5, 10 і 20 гелераў з бронзы, медзі, латуні і медна-нікелевага сплаву. 100 гелераў складалі 1 рупію.
Пасля распаду Аўстра-Венгерскай імперыі (1918) грашовую адзінку 1 крона = 100 гелераў атрымалі ў спадчыну Аўстрыя (да 1924 года) і Чэхаславакія (у 1921—1939 і 1945—1992 гадах).
Пасля распаду Чэхаславакіі гелер стаў разменнай манетай Чэхіі і Славакіі = 1/100 кроны.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Масько І. Ф. Ге́лер // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 139. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).