Гучнагаварыцель
Гучнагаварыцель | |
---|---|
Стваральнік твора | Dieter Rams[d][1] |
Першаадкрывальнік | Edward Washburn Kellogg[d] і Chester Williams Rice[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гучнагаварыцель, таксама пашырана назва дынамік — электраакустычная прылада, прызначаная для ўзнаўлення гукаў маўлення, музыкі і інш., перададзеных у выглядзе электрычнага сігналу. Існуюць механічныя гучнагаварыцелі, але яны нашмат менш распаўсюджаныя.
Электраакустычны гучнагаварыцель пераўтварае падведзеныя электрычныя ваганні ў гукавыя з дапамогай рухомай механічнай сістэмы. У найбольш пашыраным выпадку — электрадынамічны гучнагаварыцель — рухомая сістэма складаецца з папяровага конуса (дыфузара) з прымацаванай да яго гукавой абмоткай, змешчанай у зазоры пастаяннага магніта. Акрамя электрадынамічных, сустракаюцца электрамагнітныя, п’езаэлектрычныя, кандэнсатарныя, пнеўматычныя і іншыя гучнагаварыцелі.
Мініяцюрныя гучнагаварыцелі знаходзяцца ў такіх прыладах, як радыё- і тэлевізійныя прыёмнікі, музычныя плэеры, тэлефоны і інш. Большыя акустычныя сістэмы выкарыстоўваюць для праслухоўвання музыкі, гукаўзмацнення ў тэатрах і на канцэртах, а таксама ў сістэмах апавяшчэння. Калі імкнуцца дасягнуць дакладнага ўзнаўлення гуку, звычайна выкарыстоўваюць некалькі гучнагаварыцеляў, кожны з якіх узнаўляе пэўную частку гукавога дыяпазону частот. Накіраванасць выпрамянення ствараецца рупарам ці выкарыстаннем гукавых калонак.
Асноўныя параметры гучнагаварыцеля: намінальная магутнасць, паласа ўзноўленых частот, сярэдні гукавы ціск. Па электраакустычных параметрах адрозніваюць шырокапалосныя і вузкапалосныя, высока- і нізкачастотныя, нізка- і высакаомныя, паводле канструкцыі — адна- і двухдыфузарныя, кааксіальныя, круглыя і інш.
Зноскі
- ↑ Museum of Modern Art online collection
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ткачэнка А. П. Гучнагаварыцель // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гучнагаварыцель