З’езд у Луцку
З’езд еўрапейскіх манархаў у Луцку адбыўся ў 1429 годзе ў замку Любарта. Яго мэтай было вырашэнне палітычных і эканамічных пытанняў дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Крэўская унія прадугледжвала аб’яднанне Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага на ўмовах асабістай уніі. Фактычна гэта азначала інкарпараванне Літвы ў склад Польшчы. Аднак у выніку грамадзянскай вайны 1389—1392 гадоў вялікім князем літоўскім стаў Вітаўт, які праводзіў самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, але ўсё роўна вымушаны быў прызнаваць сюзерэнітэт караля польскага і Вярхоўнага князя Літвы Ягайлы. Неаднаразовыя спробы пазбавіцца ад васалітэту не прыносілі поспеху.
Імператар Свяшчэннай Рымскай Імперыі, кароль венгерскі, нямецкі і чэшскі Сігізмунд заахвочваў Вітаўта да атрымання сапраўднай незалежнасці, прапанаваўшы таму прыняць каралеўскую карону і зраўняцца тым самым з Ягайлам[1]. Імператар хацеў цалкам аддзяліць Літву ад Польшчы, каб аслабіць уплыў апошняй на венграў і прусаў, бо Сігізмунд меў там свае інтарэсы. У далейшым ён хацеў стварыць саюз паміж літоўцамі, венграмі і немцамі супраць польскай дзяржавы. Пытанне аб каранацыі Вітаўта і стварэння асобнага Літоўска-Рускага Каралеўства павінна было вырашыцца ў Луцку. Акрамя таго, былі нявырашанымі многія складаныя палітычныя, абаронныя і эканамічныя пытанні, якія наспелі ў той час у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Зрабіўшы Луцк паўднёвай сталіцай Літвы[2], Вітаўт вырашыў правесці з’езд менавіта тут. Сюды з’ехаліся манархі, каб вырашыць свае і агульныя праблемы.
У пачатку студзеня 1429 года госці пачалі з’язджацца ў горад. Для іх размяшчэння былі прыгатаваныя двары і дамы не толькі ў Луцку, але і яго ваколіцах. Былі нарыхтаваныя сотні бочак віна і піва, статкі ласёў, зуброў, дзікоў, валы, бараны, залатыя і сярэбраныя сталовыя прыборы. Усяго ў Луцк прыбылі 15 тысяч чалавек, што перавышала насельніцтва горада ў некалькі разоў[3].
Бакі і прадстаўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Гаспадарамі былі Вітаўт з літоўскімі і рускімі княжымі родамі: Гальшанскіх, Сангушак, Чацвярцінскіх, Чартарыйскіх, Астрожскіх, Друцкіх, Курцэвічаў, шляхецкі род Кердзей, а таксама луцкія каталіцкі, праваслаўны, армянскі епіскапы, яўрэйскае духавенства.
У Луцк прыбылі прадстаўнікі наступных дзяржаў[4][5][6][7][8]:
- Каралеўства Польскае. Кароль Уладзіслаў II Ягайла, кракаўскі біскуп Збігнеў Алясніцкі, Ян Тарноўскі, ваявода кракаўскі, сенатар Войцех Ястшэмбец, прадстаўнікі сем’яў Міхалоўскіх, Астрарога, Саматульскіх, князь лягніцкі (васал чэшскага караля), ваявода брэст-куяўскі, герцаг паморскі.
- Свяшчэнная Рымская імперыя, Венгрыя. Будучы імператар і кароль рымскі, чэшскі, венгерскі Сігізмунд з жонкай Барбарай, нямецкія, чэшскія, венгерскія, харвацкія, аўстрыйскія паны, шмат дваран, прыслугі, узброенай варты.
- Дацкае Каралеўства. Кароль дацкі і шведскі Эрык VII.
- Лівонскі Ордэн. Магістр Ордэна Зігфрыд Ландар фон Шпонхейм са сваімі рыцарамі.
- Тэўтонскі Ордэн. Камандор Балге.
- Папа Рымскі Марцін V даслаў пасланца легата Андрэя Дамінікана.
- Візантыйская імперыя. Прадстаўнікі імператара Іаана VIII.
- Вялікае княства Маскоўскае. Гаспадар Васіль II Васільевіч, мітрапаліт Фоцій.
- Вялікае княства Разанскае. Гаспадар Іван Фёдаравіч.
- Вялікае княства Цвярское. Гаспадар Барыс Аляксандравіч.
- Адоеўскае княства. Князь Юрый Раманавіч.
- Татарскія ханы Перакопскай, Данской, Волжскай ордаў.
Спачатку ў Луцк прыбыла польская дэлегацыя, пасля іншыя. Рымскі кароль спазніўся і прыбыў у Луцк толькі ў 20-х чыслах студзеня. Яго сустрэча была асабліва пышнай. Далёка за горад выехалі гаспадары на чале з Вітаўтам і Ягайлам і прадстаўнікі рускай, лацінскай, армянскай, яўрэйскай, караімскай абшчын Луцка. Пасля ўрачыстай сустрэчы працэсія рушыла да самога горада. Насустрач выходзілі многія жыхары з вёсак, самі лучане і госці з’езду. Працэсія мела пэўнае значэнне прэзентацыі, дзе кожны кіраўнік спрабаваў паказаць сваё прадстаўніцтва як мага пышней, каштоўней, багацей. Усё адбывалася пад гукі званоў цэркваў і касцёлаў, труб, барабанаў, сурм[9]. Па прыбыцці ў замак вялікі князь зладзіў яшчэ адзін прыём з каралеўскімі ўшанаваннямі[10].
Пакуль не пачаліся дыпламатычныя перамовы, госці забаўляліся, балявалі. Штодня спажывалася 700 бочак мёду, віна, мальвазіі і іншых напояў, 700 валоў, 1400 бараноў, сотні ласёў, дзікоў, а таксама іншыя стравы[11]. У перапынках паміж дыскусіямі госці бавілі час у розных забавах, рыцарскіх турнірах, паляваннях. Шут Вітаўта (пазней высветлілася, што ён быў агентам Сігізмунда і шпіёніў на яго карысць) забаўляў гасцей[9]. Дыпламатычныя пасяджэнні праходзілі ў княжацкім палацы, які знаходзіўся ў Верхнім замку Луцка.
Праблемы, якія вырашаліся
[правіць | правіць зыходнік]Пытанні, якія абмяркоўваюцца ўдзельнікамі, тычыліся палітычнага, эканамічнага, ваеннага і рэлігійнага аспектаў жыцця Еўропы[12].
- Валашскае пытанне. Венгры, туркі і палякі прэтэндавалі на землі Малдавіі. У барацьбе з туркамі Малдова па пагадненні 1412 года павінна была выступаць на баку Сігізмунда. Але яна не выконвала абавязацельствы. Сігізмунд за гэта прапаноўваў падзяліць край паміж Польшчай і Венгрыяй.
- Каранаванне Вітаўта. Каб адцягнуць амбіцыі Вітаўта на Чэшскае Каралеўства, і каб аслабіць Польшчу, Сігізмунд здаўна падбухторваў Вітаўта на Літоўскае Каралеўства. Вітаўт таксама гэтага хацеў, але актыўнымі праціўнікамі літоўска-рускага каралеўства былі палякі, якія кіраваліся тым, што літоўцы не маюць права грэбаваць уніяцкімі абавязацельствамі. Пытанне каранацыі адклалі на наступны з’езд у Вільні.
- Стварэнне антытурэцкай кааліцыі. Манархі, якія мелі свае інтарэсы на Балканы або паблізу ракі Дунай, былі занепакоены турэцкай пагрозай. Хоць адносіны Порты і Візантыі зрэдку складваліся мірна, вынік асманска—венецыянскай вайны 1423—1430 гадоў на карысць туркаў і турэцкая аблога Канстанцінопаля 1422 года не давалі падставы для надзеі на мірную будучыню. Венгерскі і нямецкі кароль выступіў з прапановай да Літвы і Польшчы ўвайсці ў антытурэцкую кааліцыю, на што палякі адказалі сваім нежаданнем падвяргацца вялікай небяспецы, пакуль у кааліцыі не будзе вялікая колькасць еўрапейскіх дзяржаў.
- Ганзейскае пытанне. Дацкі кароль Эрык быў асабліва зацікаўлены ўрэгуляваць адносіны з гарадамі Нямецкай Ганзы. Адвечныя сутыкненні паміж імі і Даніяй высільвалі каралеўства. Абмяркоўваліся пытанні аб урэгуляванні адносін з гарадамі Ганзы.
- Рэлігійныя пытанні. На з’езд выносілася пытанне аб уніі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Вітаўт імкнуўся мець у княстве самастойную царкоўную арганізацыю, акрамя таго, унію падтрымліваў рымскі кароль і папскія паслы. Аднак духавенства адмовілася нават уступаць у дыскусію, у выніку справа скончылася нічым. Абмяркоўваліся на фоне пытання аб расколе каталіцкай царквы і дзейнасць гусітаў у Чэхіі.
Акрамя таго, абмяркоўваўся шэраг пытанняў аб выпрацоўцы правілаў гандлю, аб падатках, аб суднаходстве па Балтыцы.
Асноўнае пытанне (каранацыя Вітаўта), на паспяховае рашэнне якога спадзяваліся Сігізмунд і Вітаўт, сарвана палякамі. Выказаўшы свой пратэст, польская дэлегацыя пакінула Луцк[13]. Усё ж каранацыю Вітаўта запланавалі на жнівень наступнага года. З-за процідзеяння палякаў падзею перанеслі на верасень 1430. Каранацыйныя акты былі падрыхтаваны ў канцылярыі Сігізмунда. Літва абвяшчалася каралеўствам на вечныя часы. Аднак праз перашкоды з боку палякаў, якія перакрылі шлях і не пусцілі карону ў Літву[14], урачыстая каранацыя Вітаўта так і не адбылася.
Значэнне
[правіць | правіць зыходнік]Для тагачаснага Луцка як аднаго з галоўных гарадоў ВКЛ з’езд манархаў быў важнай дыпламатычнай і гістарычнай падзеяй, якая падкрэсліла значнасць горада ў развіцці княства і Каралеўства Польскага. Але, улічваючы вялікую колькасць рознагалоссяў і спрэчак паміж удзельнікамі з’езду, вялікага палітычнага значэння для Еўропы ён не меў[15].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Грушевський М. Історія України-Руси. — Т. IV, — К., 1993. — С. 142, 154.
- ↑ Леонтович Ф. Очерки истории литовско-русского права. — СПб., 1894. — С. 240
- ↑ Троневич П. Оповідання з давньої історії Луцька. — Луцьк, 2006. — С. 23.
- ↑ Великий Луцький королівський з'їзд (укр.). ІНФОРМАЦІЙНИЙ ЦЕНТР ПОЛІССЯ. Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2014. Праверана 17 кастрычніка 2014.
- ↑ ЯК У ЛУЦЬК ПРИЇЖДЖАЛИ МОНАРХИ ЄВРОПИ (укр.). Волинські Новини (10 мая 2014). Архівавана з першакрыніцы 11 верасня 2014. Праверана 17 кастрычніка 2014.
- ↑ З’ЇЗД ЄВРОПЕЙСЬКИХ МОНАРХІВ У ЛУЦЬКУ (укр.). boOk.net. Архівавана з першакрыніцы 22 кастрычніка 2014. Праверана 17 кастрычніка 2014.
- ↑ З'їзд європейських монархів 1429 року (укр.). Луцьк у легендах. Луцька міська рада. Архівавана з першакрыніцы 8 кастрычніка 2014. Праверана 17 кастрычніка 2014.
- ↑ Семенюк Віктор. З’їзд європейських монархів у Луцьку в 1429 р. (укр.). lutskliga (26 лютага 2007). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2014. Праверана 17 кастрычніка 2014.
- ↑ а б Троневич П. Волинь в сутінках української історії XIV—XVI ст. — Луцьк, 2003 — с.36
- ↑ Stecki. Łuck starożytny i dzisiejszy, — Kraków, 1876 — s.54
- ↑ Adam Wojnicz. Łuck na Wołyniu, — Łuck, 1922 — s.11
- ↑ Т.Садовнік, О.Бірюліна, В.Баран. Європейський з'їзд 1429 року в Луцьку. — Луцьк, 2006 — с.24-26
- ↑ Барабашев А. Витовт. Последние двадцать лет княжения. 1410—1430. — СПб, 1891, -с.239-241
- ↑ Stecki. Łuck starożytny i dzisiejszy, — Kraków, 1876 — s.54
- ↑ ЛУЦЬКИЙ З’ЇЗД МОНАРХІВ 1429 . Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 27 лістапада 2012.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Карона Вітаўта. Ізуминка історії
- Puota Lucko suvažiavime
- Apie vytauto karūnavimą(недаступная спасылка) (недаступная спасылка)
- T.J.Stecki. Łuck starożytny i dzisiejszy, — Kraków, 1876 — s.54
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich, t. 1, pod red. F. Sulimirskiego, B. Chlebowskiego, W. Walewskiego, t. 5, 1884, s. 779.
- Kalendarium Władysława II Jagiełły
- Adam Wojnicz. Łuck na Wołyniu, — Łuck, 1922 — s.11
- Т. Садоўнік, В.Біруліна, В. Баран. Європейський з'язд 1429 року ў Луцьку. — Луцьк, 2006 ISBN 966-361-133-2