Куапау
Куапау Okáxpa, Ugahxpa | |
Фота 1905 г.
| |
Агульная колькасць | 3240 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | куапау |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | омаха, канзас, аява |
Куапа́у, або арканза́с (саманазва: Okáxpa, Ugahxpa, англ.: Quapaw, Arkansas) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў Аклахоме. Агульная колькасць (2012 г.) — 3240 чал.
Куапау паходзяць ад сіўанскіх плямён даліны ракі Агая. Да прыходу еўрапейцаў яны мігрыравалі ўздоўж ракі Місісіпі на поўдзень да зліцця з ракой Арканзас. Першая вядомая саманазва Okáxpa значыла «людзі ніжняй плыні». Назву Arkansea атрымалі ад індзейцаў-ілінойс. Асноўнымі заняткамі з'яўляліся земляробства, рыбалоўства і паляванне. Ведалі апрацоўку медзі, выраб тканін і керамікі.
У 1541 г. мелі кантакты з экспедыцыяй Эрнанда дэ Сота. З 1673 г. падтрымлівалі зносіны з французскімі гандлярамі і ваеннымі. Сярод іх вялі місіянерскую дзейнасць езуіты. У канцы XVII ст. налічвалася 5 вёсак, населеных куапау, аднак у выніку занесеных еўрапейцамі эпідэмічных захворванняў іх колькасць у гэты перыяд значна скарацілася.
Пасля пераходу Луізіяны да ЗША заключылі ў 1818 г. і 1824 г. мірныя дагаворы, паводле якіх перадавалі частку тэрыторый амерыканскаму ўраду для будаўніцтва крэпасці і дарогі. У 1834 г. былі пераселены на паўночны ўсход сучаснай Аклахомы.
У нашы дні захоўваюць ва ўласнасці 53 км² племянных тэрыторый. Згодна дагавору 1956 г. з ЗША карыстаюцца аўтаноміяй, маюць асабісты ўрад і паліцыю. Асноўны сучасны занятак — абслугоўванне турыстаў. Куапау трымаюць казіно і палі для гольфу. Існуе багатая вусная гістарычная традыцыя.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Куапау
- Quapaw Tribe
- Quapaw Indian Culture and History