Перайсці да зместу

Культуралогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Культуролаг)

Культуралогія (лац.: cultura — апрацоўка, земляробства, выхаванне, шанаванне; стар.-грэч.: λόγος — думка, прычына) — галіна сацыягуманітарных ведаў; навуковая дысцыпліна пра сутнасць і віды культуры, яе сацыяльныя функцыі, заканамернасці і дынаміку гістарычнага развіцця. Тэрмін культуралогія ў 1949 годзе ўвёў у навуковы ўжытак амерыканскі культурантраполаг Леслі Уайт. Як асобная навуковая і навучальная дысцыпліна яна яшчэ знаходзіцца ў стадыі станаўлення, удасканалення паняційна-катэгарыяльнага апарату.

У многіх заходніх краінах праблемы культуралогіі вывучаюцца найперш этналогіяй і культурнай антрапалогіяй. Культуралогія ўяўляе сабой адзінства тэорыі і гісторыі культуры, разглядае ва ўзаемасувязі матэрыяльную культуру, духоўную культуру і культуру чалавечых зносін. Выкарыстоўвае і мадыфікуе метады даследавання, катэгорыі і паняццяў, уласцівыя іншым гуманітарным навукам — філасофіі, гісторыі, сацыялогіі, этналогіі, мастацтвазнаўству і г.д.