Мардж Сімпсан
Марджары «Мардж» Сімпсан (у дзявоцтве Бувье) | |
---|---|
Пол | жаночы |
Работа | Хатняя гаспадыня |
Сваякі |
Муж: Гамер Дзеці: Барт, Ліза, Мэгі Бацькі: Клэнсі і Жаклін Сёстры: Пэці і Сэльма |
Акцёр дубляжа | Джулія Каўнер |
Першае з’яўленне | |
Эпізод | «Сімпсаны гатуюць на адкрытым агні» (1989) |
Усе персанажы |
Марджары «Мардж» Сімпсан (у дзявоцтве Бувье) — выдуманы персанаж амерыканскага мультсерыяла «Сімпсаны» (англ.: The Simpsons) і член аднайменнай сям’і, якую агучвае Джулія Каўнер. Упершыню з’явілася на тэлебачэнні ў Шоу Трэйсі Ульман (англ.: The Tracey Ullman Show) у кароткаметражным анімацыйным фільме «Дабранач» (англ.: «Good Night») 19 красавіка 1987 года. Мардж была створана і распрацавана карыкатурыстам Мэтам Гроўнінгам, пакуль ён чакаў у фае офіса Джэймса Брукса. Гроўнінг павінен быў здаць серыю кароткаметражных фільмаў, заснаваных на коміксе «Жыццё ў Пекле» (англ.: Life in Hell), але замест гэтага вырашыў стварыць новых персанажаў. Ён назваў персанажа ў гонар сваёй маці Маргарэт Гроўнінг. Пасля трох сезонаў на Шоу Трэйсі Ульман сям’я Сімпсанаў атрымала свой асабісты мультсерыял на тэлеканале «Fox», дэбют якога адбыўся 17 снежня 1989 года.
Мардж добранамераная і вельмі цярплівая гаспадыня сям’і Сімпсанаў. Са сваім мужам, Гамерам, яна мае траіх дзяцей: Барта, Лізу і Мэгі. Мардж з’яўляецца маралістычнай сілай у сям’і і часта ў разгар розных выхадак яе сям’і мае самае цвярозае меркаванне, спрабуючы падтрымаць парадак у хатняй гаспадарцы Сімпсанаў. Яна часта паказваецца ў якасці стэрэатыпнай маці і ўключаецца ў спісы найлепшых «ТБ мам». Яна таксама з’яўляецца ў іншых сродках масавай інформацыі, звязаных з Сімпсанамі, у тым ліку ў відэа-гульнях, паўнаметражным мультфільме, рэкламных роліках і коміксах, і натхніла цэлую лінію тавараў.
Адметная прычоска Мардж у выглядзе сіняга вулея з’яўляецца своеасаблівым спалучэннем прычоскі нявесты ў фільме «Нявеста Франкенштэйна» і стылем, якога прытрымлівалася Маргарэт Гроўнінг у 1960-х гадах. Джуліі Каўнер, якая была ў зыходным складзе ў Шоу Трэйсі Ульман, было прапанавана агучыць Мардж, каб больш не было неабходнасці ў акцёрах агучвання. Каўнер заваявала некалькі ўзнагарод за агучванне Мардж Сімпсан, уключаючы Прайм-тайм прэмію Эмі за выбітнае агучванне ў 1992 годзе. Яна таксама была намінаваная на прэмію Эні за найлепшае агучванне ў паўнаметражным мультфільме за агучванне Мардж у мультфільме Фільм Сімпсаны. У 2000 годзе Мардж, разам з астатняй часткай сям’і Сімпсанаў, была удастоена зоркі на Алеі славы ў Галівудзе.
Роля ў «Сімпсанах»
[правіць | правіць зыходнік]У Сімпсанах выкарыстоўваецца нясталая шкала часу, у якой персанажы не растуць фізічна, і, такім чынам, шоу праходзіць кожны год. У некаторых эпізодах падзеі былі звязаныя з вызначанымі перыядамі часу, але розныя тэрміны супярэчылі адзін аднаму ў розных эпізодах. Мардж Сімпсан з’яўляецца жонкай Гамера і маці Барта, Лізы і Мэгі Сімпсанаў. Яе выгадавалі бацькі: Жаклін і Клэнсі Бувье. Яна мае дзвюх сясцёр, бязрадасных Пэці і Сэльму, якія ненавідзяць Гамера, не хаваючы гэтага. У эпізодзе «The Way We Was» (другі сезон, 1991) з дапамогай успамінаў было выяўлена, што Мардж вучылася ў вышэйшай школе Спрынгфілда і ў апошні год сустрэла Гамера Сімпсана. Спачатку яна насцярожана ставілася да Гамера, але пагадзілася пайсці з ім на баль, хоць у канчатковым выніку пайшла з Арты Зіфам. Тым не менш, яна пашкадавала, што пайшла з Арты, і скончыла баль з Гамерам. Пасля таго, як пара была знаёмая ўжо некалькі гадоў, Мардж выявіла, што цяжарная Бартам, і яны з Гамерам пажаніліся ў невялікай вясельнай капліцы на мяжы штата. Неўзабаве пасля гэтага нарадзіўся Барт і маладая сям’я купіла свой першы дом. Эпізод «That '90s Show» (дзевятнаццаты сезон, 2008) супярэчыць многаму з устаноўленай перадгісторыі; напрыклад, было выяўлена, што Мардж і Гамер былі бяздзетныя ў пачатку 1990-х, хоць у папярэдніх эпізодах сцвярджалася, што Барт і Ліза нарадзіліся ў 1980-х.
Як і іншыя персанажы Сімпсанаў, па ходзе гісторыі ўзрост Мардж змяняецца. У эпізодах «Life on the Fast Lane» і «Some Enchanted Evening» (першы сезон, 1990) гаворыцца, што Мардж 34 года. У эпізодзе «Regarding Margie» (семнаццаты сезон, 2006) Гамер згадвае, што Мардж з’яўляецца ягонай аднагодкай, што азначае, што ёй можа быць ад 36 да 40 гадоў.
Мардж з’яўляецца беспрацоўнай у большасці серый, аддаючы перавагу заняткам хатняй гаспадыні і клопату аб сваёй сям’і. Тым не менш, яна мела некалькі працоўных месцаў у некаторых эпізодах. Яна працавала ядзерным тэхнікам на спрынгфілдскай атамнай электрастанцыі разам з Гамерам у эпізодзе «Marge Gets a Job» (чацвёрты сезон, 1992); прадавала дамы ў эпізодзе «Realty Bites» (дзявяты сезон, 1997) і працавала ў эратычнай пякарні ў эпізодзе «Sex, Pies and Idiot Scrapes» (дваццаты сезон, 2008). Нягледзячы на тое, што Мардж ніколі не выказвала незадаволенасці ў сувязі з сваёй роляй хатняй гаспадыні, ёй бывае сумна з ёй. У эпізодзе «The Springfield Connection» (шосты сезон, 1995) Мардж вырашыла, што ёй трэба больш экстрыма ў жыцці і стала паліцыянтам. Тым не менш, да канца эпізода яна была расчараваная карупцыяй і пакінула паліцыю.
Персанаж
[правіць | правіць зыходнік]Стварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Мэт Гроўнінг прыдумаў Мардж і астатніх членаў сям’і Сімпсанаў у 1986 годзе ў фае офіса прадзюсара Джэймса Брукса. Гроўнінг павінен быў перадаць серыю кароткаметражных мультфільмаў для Шоу Трэйсі Ульман (англ.: The Tracey Ullman Show) і меў намер прадставіць адаптацыю свайго коміксу Жыццё ў Аду (англ.: Life in Hell). Калі ён зразумеў, што анімацыя Жыццё ў Аду прымусіць яго адмяніць правы на публікацыю, Гроўнінг вырашыў пайсці ў іншым кірунку і паспешліва накідаў сваю версію няшчаснай сям’і, назваўшы персанажаў у гонар членаў сваёй уласнай сям’і. Мардж была названая ў гонар Маргарэт Гроўнінг, маці Гроўнінга, які сказаў, што яны маюць падабенства ў характарах, і заявіў, што «Гэта сапраўды дзіўна, калі людзі думаюць, што ты мультфільм» (англ.: "It's really weird to have people think you're a cartoon."). Прычоска Мардж у выглядзе сіняга вулея з’яўляецца своеасаблівым спалучэннем прычоскі нявесты ў фільме «Нявеста Франкенштэйна» і стылем, якога прытрымлівалася Маргарэт Гроўнінг у 1960-х гадах, хоць яе валасы ніколі не былі сінімі.
Мардж з астатнімі Сімпсанамі дэбютавала на экране 19 красавіка 1987 года ў кароткаметражным мультфільме «Good Night» у Шоу Трэйсі Ульман. У 1989 годзе кароткаметражныя фільмы былі адаптаваныя ў серыяле Сімпсаны, паўгадзінных серыях, якія транслюе кампанія Fox Network. Мардж і сям’я Сімпсанаў засталіся галоўнымі героямі ў гэтым шоу.
Мэт Гроўнінг лічыць, што эпізоды, ў якіх Мардж займае галоўнае месца, з’яўляюцца аднымі з самых складаных для напісання. Біл Оўклі лічыць, што эпізоды пра Мардж дастаюцца, як правіла, «маладым» пісьменнікам, таму што яму і яго партнёру Джошу Вайнштэйну давялося некалькі раз пісаць такія эпізоды падчас іх першага сезона. У трэцім сезоне, калі большасць пісьменнікаў сканцэнтравалася на Барце і Гамеры, Дэвід Стэрн вырашыў напісаць эпізод пра Мардж, стварыўшы ў выніку «Homer Alone» (трэці сезон, 1992). Ён вырашыў, што яны маглі б дасягнуць «больш глыбокай» камедыі ў эпізодзе пра нервовы зрыў Мардж, і Джэймс Брукс хутка адобрыў гэта.
Дызайн
[правіць | правіць зыходнік]Дызайн усёй сям’і Сімпсанаў быў распрацаваны такім чынам, каб усе сілуэты пазнаваліся. Сям’я была груба намалявана, бо Гроўнінг прадставіў аніматарам асноўныя накіды, мяркуючы, што яны ўдакладняць іх, але замест гэтага яны проста скапіравалі яго малюнкі. Аніматары звычайна пачынаюць маляваць Мардж з твару, які з’яўляецца вельмі падобным да твараў Лізы і Мэгі. Затым малююцца вочы: адно — прыкладна ў сярэдзіне твару, другое — бліжэй да пярэдняга боку твару. Пасля гэтага малююцца нос і вусны. Пасля гэтага малююцца валасы, якія выходзяць з верхняй часткі твару ў выглядзе доўгай трубкі. Арыгінальнай ідэяй аматараў была задума, каб валасы Мардж вымушаны былі ўразацца ў праём і прагінацца назад, калі яна праходзіць праз дзвярны праём, але гэты намер не выкарыстоўваўся ніводнага разу. Першапачатковы план Гроўнінга наконт валасоў Мардж заключаўся ў тым, каб яны хавалі вялікія трусіныя вушы ў стылі «Жыцця ў Пекле». Гэта павінна было раскрыцца ў заключным эпізодзе серыяла, але было перагледжана ўжо на ранняй стадыі ў сувязі з немэтазгоднасцю і з тым, што трусіныя вушы — занадта фантастычна нават для Сімпсанаў.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Мардж Сімпсан на сайце Internet Movie Database (англ.)