Характарны танец
Хара́ктарны та́нец — разнавіднасць сцэнічнага танца; адзін з выразных сродкаў балетнага спектакля.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку 19 стагоддзя пад тэрмінам «характарны танец» разумелі танец, які ўвасабляе характэрныя рысы, адметныя асаблівасці вобраза пэўнага персанажа, бытавыя жэсты і дэталі. Пазней характарнымі пачалі называць народныя танцы, якія выконваліся ў балетным спектаклі і былі пабудаваны на аснове школы класічнага танца. Лепшыя з іх захоўваюць рысы нацыянальнага характару народа. Узоры характарнага танца стварылі рускія балетмайстры М. Петыпа, Л. Іванаў, М. Фокін, А. Горскі.
У савецкім балеце характарны танец заснаваны на харэаграфічным фальклоры, стаў адным са сродкаў характарыстыкі народных мас і герояў спектакля. У галіне характарнага танца працавалі савецкія балетмайстры Р. Захараў, Ф. Лапухоў, В Вайнонен, К. Галяйзоўскі, В. Чабукіяні і інш.
На беларускай сцэне характарны танец шырока прадстаўлены ў нацыянальных балетах «Салавей» М. Крошнера (балетмайстар А. Ермалаева), «Князь-возера» В. Залатарова і «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера (балетмайстар К. Мулера), «Мара» Я. Глебава і «Святло і цені» Г. Вагнера (балетмайстар А. Андрэеў) і іншыя, дзе ён з’яўляўся важным сродкам выразнасці, вызначаў нацыянальную своеасаблівасць харэаграфічнай мовы спектакляў, уваходзіў састаўной часткай у іх драматургію.
У сучасных балетах характарны танец сінтэзуецца з класічным танцам і іншымі формамі пластыкі, узбагачае лексіку балета.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
- Характарны танец // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2. — 571 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0259-8.
- Балет: энциклопедия. / Гл. ред. Ю. Н. Григорович.- М.: Советская энциклопедия, 1981.- 623 стр. с илл.