Яа
Яа (wachiyawo, ajao) | |
Хлопчыкі яа ў рытуальнай вопратцы
| |
Агульная колькасць | 3149000 (2014 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Малаві — 1 913 тыс. Танзанія — 543 тыс. |
Мова | чыя́а |
Рэлігія | анімізм, іслам |
Блізкія этнічныя групы | макуа, макондэ, тонга |
Я́а (саманазвы wachiyawo, ajao) — усходнеафрыканскі народ. Жывуць пераважна вакол паўднёвага ўзбярэжжа возера Малаві на тэрыторыі дзяржаў Малаві, Мазамбік, Танзанія, Зімбабвэ. Агульная колькасць (2014 г.) - каля 3149 тыс. чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Яа з'яўляюцца адным з народаў групы банту, блізкім па мове і культуры да макуа. Да сярэдзіны XIX ст. яны жылі на поўначы Мазамбіка, займаліся гандлем з суахілі. У другой палове XIX ст. пачалося масавае перасяленне яа да возера Малаві, выкліканае спярша сутычкамі з нгоні, а потым імкненнем да пашырэння гандлю з Занзібарам, дзе патрабаваліся рабы і слановая косць. Правадыры яа ўрываліся ў густа населеныя землі, а таксама асвойвалі тэрыторыі, дзе захоўваліся вялікія статкі сланоў. У 1870-ыя гг. каля возера Малаві сфарміравалася некалькі дзяржаў яа. Найбольш уплывовай з іх была дзяржава, створаная правадыром Маканджылам. Ён прыняў іслам і садзейнічаў распаўсюджванню гэтай рэлігіі сярод сваіх падданых. Іслам адыграў важную ролю ў гуртаванні яа ў пачатку XX ст, калі дзяржавы яа ўвайшлі ў склад розных еўрапейскіх калоній, і пазней, калі калоніі ператварыліся ў сучасныя незалежныя дзяржавы.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўным заняткам яа з'яўляецца сельская гаспадарка, галоўным чынам земляробства. Яа вырошчваюць кукурузу, проса, гародніну, некаторыя камерцыйныя культуры. Земляробства лічыцца жаночым заняткам. Жанчыны самастойна апрацоўваюць палеткі і распараджаюцца ўраджаем. Мужчыны займаюцца жывёлагадоўляй, якая мае выключна дадатковае значэнне, грамадскай працай, у мінулым — аховай паселішча і ваеннай справай. Важны мужчынскі занятк для забеспячэння харчам — рыбалоўства.
Асноўная традыцыйная ежа — кукурузная каша угалі, прыпраўленая зелянінай, а таксама набытыя звонку чай, хлеб, масла і г. д. У мінулым вопратка лічылася не абавязковай. Былі распаўсюджаны скураныя насцегнавыя повязі. У наш час распаўсюджана вопратка з бавоўны.
Сем'і вялікія пашыраныя. Шлюб з'яўляецца абавязкам для ўсіх мужчын і жанчын. Практыка палігініі разглядаецца як сродак уладкавання незамужніх жанчын. Шлюбу папярэднічае дамова паміж сем'ямі жаніха і нявесты, прычым перагаворы могуць цягнуцца некалькі гадоў. Абавязковы выкуп за нявесту і немагчымасць дамовіцца паміж бацькамі часцяком прыводзяць да выкрадання нявесты і сумесных уцёкаў. Разводы фармальна забаронены. Нават у выпадку сямейнага разладу і падзелу гаспадаркі паміж мужам і жонкай яны лічацца адзінай сям'ёй. Галоўным гаспадаром пашыранай сям'і бывае старэйшы мужчына. Жанчынам забараняецца ўжываць тытунь, размаўляць, седзячы на падлозе, прылюдна пярэчыць дарослым мужчынам. У сельскай мясцовасці вялікім аўтарытэтам карыстаюцца мусульманскія духоўныя асобы. Яны выступаюць у якасці настаўнікаў, суддзяў, дарадцаў. Інстытут правадыроў у мінулым быў звязаны са стварэннем мужчынскіх саюзаў, але ў наш час не існуе.
Яа знакамітыя сваёй музычнай і спеўнай культурай. Лічыцца, што музыка адпуджвае злых духаў, садзейнічае ўмацаванню здароўя чалавека. У адрозненні ад суседніх народаў у пераважаюць лірычныя матывы. Песні спяваюць у выглядзе дыялогу, калі адзін выканавец звяртаецца да іншага, а потым атрымоўвае адказ.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова яа належыць да моўнай групы банту, вельмі блізкая да моў макуа. У Малаві шырока ўжываецца ўсімі мусульманамі. У наш час яа карыстаюцца алфавітам на аснове лацінкі.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць вернікаў яа — мусульмане-суніты. Аднак захаваліся многія анімістычныя вераванні, якія ў пабытовай культуры спалучаюцца з традыцыямі ісламу.