Перайсці да зместу

Austin FX4

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Austin FX4 — аўтамабіль-таксі кампаніі Austin. Выпускаўся з 1958 па 1997 год. На працягу больш за 40 гадоў ажыццяўляў функцыі таксі і за гэты час стаў адным з сімвалаў Лондана. Лічыцца, што лонданскі кэб гэтай мадэлі з’яўляецца самым вядомым таксаматорам у свеце.

За ўвесь час выпуску было выраблена больш за 75 000 асобнікаў[1].

FX4 быў сумесным прадуктам «Осцін» і кузаўнога атэлье Carbodies. Дызайнеры — Эрык Бэйлі і Джэк Дональдсан. Аўтамабіль замяніў мадэль FX3, якая была таннай у эксплуатацыі і надзейнай, але пад канец 50-х ужо састарэла, паколькі была распрацавана яшчэ да вайны. Афіцыйная прэм’ера адбылася ў верасні 1958 года на выставе камерцыйнага аўтатранспарта.

Машына выкарыстоўвала трывалае шасі сваёй папярэдніцы, якое было дадаткова ўзмоцнена. Для зніжэння вытворчых выдаткаў, а таксама спрашчэння тэхнічнага абслугоўвання, у канструкцыі аўтамабіля выкарыстоўваліся вузлы і агрэгаты ад іншых мадэляў, якія выпускаліся кампаніяй. Першапачаткова абсталёўвалася дызелем аб'ёмам 2,2 літры і аўтаматычнай скрынкай перадач Borg-Warner. Агрэгаты хадавой часткі выкарыстоўваліся ад аўтамабіля Austin Westminster. Як опцыя была даступная механічная трансмісія ад мадэлі Austin Gypsy.

У 1971 годзе аб'ём рухавіка павялічылі да 2,5 літраў (мадэль FX4D), а ў 1982 замянілі на дызель ад Land Rover аб'ёмам 2,25 літра і магутнасцю 63 к.с. (мадэль FX4R), у той жа час усталявалі ўзмацняльнік руля.

У 1982 годзе Carbodies, якая вырабляла кузавы для машын, выкупіла ўсе правы на канструкцыю машыны і працягнула яе выпуск на сваіх вытворчых плошчах. У 1984 годзе холдынгавая кампанія Manganese Bronze купіла Carbodies і таксаматорную кампанію Mann & Overton (асноўнага эксплуатанта FX4 ў Лондане) і заснавала на іх базе кампанію London Taxi International, якая існуе да гэтага часу.

У 1984 мадэль FX4S атрымала новы дызель Land Rover аб'ёмам 2,5 літра. У 1987 годзе панэль прыбораў узора 1958 года года змянілі на прылады ад Ausin Metro, узмацнілі падвеску.

У 1989 годзе з’явілася мадэль «Fairway», абсталяваная дызелем Nissan аб'ёмам 2,7 літра і магутнасцю 86 к.с.; пярэднія барабанныя тормазы замянілі на дыскавыя.

У 1997 годзе канчаткова састарэлая машына была знятая з вытворчасці.

Кузаў усталяваны на раме з магутнымі ланжэронамі. Пярэдняя падвеска — незалежная, са спружынай паміж верхнім і ніжнім рычагамі. Ззаду — бэлька на рысорах.

Злева ад сядзення вадзіцеля — невысокая панэль з падлакотнікам зверху, якая адгароджвала пляцоўку для багажу. У камплект аўтамабіля ўваходзілі рамяні для замацавання на пляцоўцы буйных валізак.

Пасажырам адводзілася прастора ў задняй часткі аўтамабіля, аддзеленае перагародкай. Задняя канапа — ссунута назад. З меркаванняў кампаноўкі яе давялося размясціць паміж аркамі колаў, на якіх устаноўлены падлакотнікі. Абіўка — са штучнай скуры. Яшчэ два пасажырскія сядзенні — адкідныя страпантэны, усталяваныя на перагародцы салона спіной да руху і тварам да седзячых на канапе. У вертыкальным становішчы падушкі гэтых сядзенняў утрымліваюць магутныя спружыны.

За заднім сядзеннем — невялікая багажная ніша. Там знаходзяцца інструмент і запасное кола. Вечка нішы адкідваецца ўніз (як борт грузавіка) і можа служыць дадатковай пляцоўкай для грузу.

Зноскі

  1. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 чэрвеня 2017. Праверана 27 ліпеня 2012.