— 9 —
тамі стаяў прыгожы хлопчык, загарэлы ад гульняў і гімнастычных практыкаваньняў на вольным паветры; вопратка на ім была з тонкага шоўку й машасту і блішчэла самаколернымі камушкамі; пры боку вісела маленечкая шпага й кінджал, усыпаны брылянтамі; ногі былі абуты ў далікатныя паўбоцікі, на галаве была харошанькая малінавая шапачка, аблямованая спадаўшым удол пер’ем, прымацованым вялікім, зіхацеўшым дарагім камушком. Каля яго стаяла некалькі важных джэнтльмэнаў — напэўна, яго слугі. О, гэта быў прынц, сапраўдны, жывы прынц; і ценю няпэўнасьці не магло быць у даным выпадку… Гэткім чынам, малітвы хлопчыка-жабрака былі нарэшце пачуты.
Ад неспакойнасьці Тому захапіла дух, і вочы вырачыліся ад зьдзіўленьня і радасьці. У душы яго ўсе жаданьні адразу адступалі месца аднаму — гэта падыйсьці да прынца і накарміць свае вочы аглядам яго. Ня цямячы зусім, ён упёрся тварам у краты. У той-жа самы час адзін з салдатаў груба адпіхнуў хлопчыка, і ён паляцеў кумельганам у натаўп разявякаў — вясковых мужыкоў і лёнданскіх гультаёў.
— Ведай сваю справу! — заўважыў салдат.
У натаўпе разьлёгся рогат; але малады прынц, з раззлаваным тварам і бліскучым паглядам, кінуўся да брамы.
— Як ты сьмееш гэтак абходзіцца з бедным хлопчыкам! — гукнуў ён. — Якое маеш ты права гэтак рабіць хоць-бы з апошнім з падданых майго бацькі! Адчыніць браму і ўпусьціць яго!
Варта было паглядзець, як неспакойны натаўп скінуў шапкі, варта было пачуць радасныя выклікі:
„Няхай жыве прынц Уэльскі!“
Салдаты аддалі чэсьць алебардамі, адчынілі браму, пасьля йзноў узялі на-гонар, калі прынц