Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/354

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ XXXV

Шчаслівая пара.

Цёмная пляма на вуліцы знікла. Дом містэра Домбі калі і астаецца яшчэ прорвай сярод іншых дамоў, то толькі таму, што ў сваім харастве не можа з імі супернічаць і ганарыста іх рассоўвае.

Сёння вечарам агні мігацяць у вокнах, чырванаваты водбліск каміна цёпла і весела кладзецца на парт'еры і мяккія дываны, абед гатоў, стол прыгожа нарыхтаваны, але толькі на чатыры персоны, а буфет завален сталовым срэбрам. Упершыню пасля нядаўніх пераробак дом падрыхтавалі для сустрэчы гаспадароў, і шчаслівую пару чакаюць з хвіліны на хвіліну.

Мяркуючы па таму інтарэсу і хваляванню, якія ён узбуджае ў дамачадцаў, гэты вечар звароту дадому мала чым адрозніваецца ад вясельнай раніцы. Місіс Перч п'е чай у кухні; яна абыйшла ўвесь дом, вызначыла, паколькі плацілі за ярд шоўку і дамаску, і выкарыстала ўсе трапіўшыя і не трапіўшыя ў слоўнік выклічнікі, якія выказвалі зачараванне і здзіўленне. Падрадчык абойшчыка, пакінуўшы ў вестыбюлі пад крэслам свой капялюш, а ў ім насавую хустачку — ад іх надта патыхае лакам, — шмыгае па доме, паглядаючы ўверх на карнізы і ўніз на мяккія дываны і час ад часу ў прыпадку захаплення вымае з кішэні лінейку і раптам пачынае з неймаверным пачуццём вымяраць дарагія рэчы.

Кухарка надта вясёлая і кажа — дайце толькі ёй такіх гаспадароў, якія прымалі-б многа гасцей (а яна гатова з вамі пайсці ў заклад на шэсць пенсаў, што цяпер так і будзе); яна вызначаецца вясёлым норавам і вызначалася ім з дзяцінства і не пярэчыць супраць таго, каб усе гэта ведалі. Гэта заява клікае з грудзей місіс Перч ціхі водгук, які выказвае спачуванне і ўхвалу. Пакаёўка можа толькі спадзявацца, што яны будуць шчаслівыя, але шлюб — латарэя, і чым больш яна аб ім думае, тым мацней адчувае незалежнасць і шчасце адзінокага жыцця. Містэр Таулінсон пануры і насуплены і кажа, што такая і яго думка, і дайце яму толькі вайну, вайну з французамі! Бо гэты малады чалавек прытрымліваецца той думкі, што кожны іншакраінец — француз.

Як толькі даносіцца стук калёс, усе змаўкаюць, аб чым-бы яны не гаварылі, і прыслухоўваюцца, і не раз падымаецца беганіна і чуваць крык: «Прыехалі!» Але яны яшчэ не прыехалі, і кухарка пачынае плакаць па абеду, які ўжо два разы здымала з пліты, а падрадчык абойшчыка ўсё яшчэ шмыгае па пакоях, і нішто не парушае яго шчаслівай лятуценнасні.

Фларэнс гатова да сустрэчы бацькі і сваёй новай мамы. Бадай ці яна ведае, радасцю ці болем выклікана хваляванне, якое поўніць яе грудзі. Але трапяткое сэрца прымушае кроў прылі-

350