Перайсці да зместу

Фінляндыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фінляндская Рэспубліка
фінск.: Suomen tasavalta
шведск.: Republiken Finland
Герб Фінляндыі
Сцяг Фінляндыі Герб Фінляндыі

Гімн: «Maamme / Vårt land»
Дата незалежнасці 6 снежня 1917 (ад РСФСР)
Афіцыйныя мовы Фінская, шведская
Сталіца Хельсінкі
Найбуйнейшыя гарады Хельсінкі, Тамперэ, Турку, Оўлу, Ювяскюля
Форма кіравання Змешаная рэспубліка (руск.: Смешанная республика)
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Спікер Эдускунты
Саўлі Нійнісцё
Петэры Орпа
Юсі Хала-ахо
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
64-я ў свеце
338.424 км²
10
Насельніцтва
• Ацэнка (2015)
• Перапіс (2000)
Шчыльнасць

5 473 465 [1] чал. (116-я)
5.180.000 чал.
18 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2014)
  • На душу насельніцтва

$271 165 мільёнаў  (35-ы)
$49 497  (21-ы)
ІРЧП (2013) 0.892 (вельмі высокі) (21-ы)
Этнахаронім Фіны, фін, фінка
Валюта Еўра (€, EUR)
Інтэрнэт-дамены .fi, .eu, .ax (для Аландскіх астравоў)
Код ISO (Alpha-2) FI
Код ISO (Alpha-3) FIN
Код МАК FIN
Тэлефонны код +358
Часавыя паясы +2
Нацыянальны парк Колі ў Фінляндыі

Фінля́ндыя (Вымаўленне назваў на афіцыйных мовах) (фінск.: Suomi, шведск.: Finland) ці афіцыйна Фінляндская Рэспубліка (фінск.: Suomen tasavalta, шведск.: Republiken Finland) — дзяржава ў Паўночнай Еўропе. Мяжуе на паўночным захадзе са Швецыяй, на поўначы з Нарвегіяй, на ўсходзе з Расіяй; абмываецца Батнічным і Фінскім залівамі Балтыйскага мора. У складзе Фінляндыі Аландскія астравы.

Тэрыторыя Фінляндыі ў асноўным нізінная, пераважае ўзгорыста-марэнная раўніна з выхадамі скальных парод. На поўначы і паўночным-усходзе пераважаюць вышыні 300—400 метраў. На крайнім паўночным захадзе ляжаць невялікія адгор’і Скандынаўскіх гор з самым высокім пунктам краіны — гарой Халці (1328 м). У цэнтральнай частцы краіны знаходзіцца ўзвышша Манселькя, на поўдні грады Салпаўселькя.

У Фінляндыі існуе вялікая колькасць кароткіх паўнаводных рэк са шматлікімі парогамі і вадаспадамі. Каля 60 тыс. азёраў займаюць 8 % плошчы краіны. Яны неглыбокія (у сярэднім каля 7 м), часта выцягнутыя з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход — па накіраванню са старажытнымі ледавікамі; злучаны паміж сабой пратокамі і ўтвараюць буйныя водныя сістэмы — Сэйма, Пяйянэ, Інары і іншыя. У рэках і азёрах водзіцца шмат рыбы: ласось, сіг, сом, судак, шчупак, лешч, акунь.

Большая частка Фінляндыі пакрытая лясамі (каля 76 %), у асноўным таёжнымі (сасна, елка), толькі на паўднёвым захадзе краіны сустракаюцца змешаныя лясы. Да паловы плошчы, уключаючы, лясы забалочаныя. На поўначы краіны знаходзіцца лесатундра.

Пакавы лёд на Балтыйскім моры. Здымак з космасу. 2003 год.

Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага і кантынентальны (на поўначы); уздзеянне на яго аказваюць Балтыйскае мора і блізкасць цёплага цячэння Гальфстрым ў Атлантычным акіяне. Зіма працяглая, марозная, з моцнымі вятрамі і снегам; лета параўнальна цёплае, але кароткае. Сярэдняя тэмпература лютага (самы халодны месяц) ад — 3 да — 6 °C на паўднёвым захадзе, ад — 8 да — 10 ° С на Азёрным плато, ад — 12 да — 14 ° С на поўначы; ліпеня — 17 на поўдні, 16 ° С на Азёрным плато, 14-15 ° С на поўначы. Ападкаў на большай частцы Фінляндыі ў год выпадае 600—650 мм, на поўдні — да 700 мм, на поўначы — месцамі менш за 400 мм Ад 30 да 40 % ападкаў прыпадае на зіму. Снежнае покрыва трымаецца на паўднёвым захадзе 4-5 месяцаў, на поўначы 6-7 месяцаў, яго вышыня з поўдня на поўнач павялічваецца ад 30-40 см да 70-80 см. Глеба да канца зімы прамярзае на глыбіні ад 20-40 см на поўдні і да 60-90 см на поўначы. У прыбярэжных раёнах часта бываюць туманы (ад 35 да 85 дзён у год).

Дагістарычны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Дакладна невядома, ці засялялі людзі Фінляндыю да апошняга ледавіковага перыяду. Першыя людзі пасля адступлення ледавіка былі паляўнічымі і збіральнікамі, якія прыйшлі на тэрыторыю Фінляндыі з поўдня і паўднёвага сходу каля 8500 г. да н.э.[2]:9-10

Сучасныя фіны ўзніклі ў выніку хваль міграцыі з-за Фінскага заліву (2500—2000 гг. да н.э.) і з цяперашняй Цэнтральнай Швецыі. Саамскае насельніцтва Лапландыі паходзіць ад качэўнікаў, якія прыйшлі ў Паўночную Нарвегію і на ўзбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна ўздоўж нарвежскага берага Атлантычнага акіяна[2]:10.

Старажытная гісторыя Фінляндыі

[правіць | правіць зыходнік]

У першыя 400 г. н.э. насельніцтва Фінляндыі складала некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў. Асноўная частка жыхароў Фінляндыі займаліся паляваннем і рыбалоўствам, або прымітыўным ці падсечным земляробствам, жывёлагадоўляй і традыцыйным рыбалоўствам[2]:10-11.

Перыяд да IX стагоддзя характарызуецца ростам аселага насельніцтва на паўднёва-заходнім узбярэжжы, ва ўрадлівых раёнах уздоўж ракі Кума (Кокемяэн’ёкі) і яе азёрнай сістэмы ў ў Сатакунта і Тавастландзе (Хямэ), у прыбярэжных абласцях Паўднёвай Эстэрботніі і на Аландскіх астравах. У іншых частках Фінляндыі пражывала качавое насельніцтва — саамы, якія займаліся паляваннем і рыбалоўствам. У гэты ж час узмацняліся гандлёвыя сувязі і міграцыя паміж Фінляндыяй і Цэнтральнай Швецыяй[2]:11.

Фінляндыя ў эпоху вікінгаў і крыжовых паходаў

[правіць | правіць зыходнік]

У VIII—XIV стст. у выніку росту насельніцтва земляробы з Паўднёва-Заходняй Фінляндыі і Тавастланда пачалі засяляць Карэлію і паўночныя берагі Ладажскага возера. Гэты перыяд рассялення фінаў часткова супадае з паходамі на ўсход шведскіх вікінгаў, шляхі якіх праляглі праз тэрыторыю Фінляндыі. Для Фінляндыі эпоха вікінгаў стала эканамічным і культурным пярэдаднем дзяржаўнай інтэграцыі са Швецыяй[2]:12-13.

Першыя сведчанні хрысціянства на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі адносяцца да VI ст. н.э. Верагодна, туды яно пачало пранікаць з тэрыторыі Швецыі. У XII ст. дзейнасць шведскіх місіянераў у Фінляндыі набывае арганізаваныя формы. У сярэдневяковых крыніцах згадваюцца тры Крыжовыя паходы ў Фінляндыю, якія гісторыкі адносяць прыблізна да 1155, 1239 і 1293 гадоў[2]:14-15.

Фінляндыя ў складзе Швецыі

[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне XII стагоддзя пачынаецца заваяванне Фінляндыі Швецыяй. Пасля трох крыжовых паходаў (1157, 1249 і 1293) Швецыя заваявала ўсю паўднёвую Фінляндыю да Карэльскага перашыйку. У 1323 годзе ўпершыню была вызначаная мяжа паміж Швецыяй і Наўгародскай дзяржавай, пры гэтым землі заселеныя фінамі цалкам увайшлі ў склад Шведскага каралеўства. У перыяд уніі Даніі, Нарвегіі і Швецыі (13971523) Фінляндыя карысталася шырокай унутранай аўтаноміяй, але падчас кіравання Шведскім каралеўствам Карлам XI стала звычайнай губерняй краіны[крыніца?].

Фінляндыя ў складзе Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Паўночнай вайны ў 1721 годзе паўднёва-ўсходняя частка Фінляндыі была акупаваная Расійскай імперыяй, а ў 1743 годзе і паўднёва-заходняя. Пасля Расійска-Шведскай вайны 18081809 гадоў тэрыторыя Фінляндыі была цалкам далучаная да Расіі. Вялікім князем фінскім стаў расійскі цар, але непасрэднае кіраванне ажыццяўляў генерал-губернатар, а заканадаўчую ўладу прадстаўляў сейм. Але да 1863 года сейм не сабіраўся, і ў 1899 годзе цар поўнасцю прысвоіў сабе права выдаваць законы для Фінляндыі без згоды сейму.

Абвяшчэнне незалежнасці і грамадзянская вайна

[правіць | правіць зыходнік]
Дакумент аб прызнанні Савецкай Расіяй незалежнасці Фінляндыі

Часовы ўрад Расіі ў сакавіку 1917 года аднавіў аўтаномію Фінляндыі, а ў снежні 1917 года сейм прыняў дэкларацыю незалежнасці. Праз месяц у Фінляндыі адбылася рэвалюцыя і пачалася грамадзянская вайна, падаўленая з дапамогай войскаў Германіі, якая спрабавала ўсталяваць у Фінляндыі манархію. Але ў ліпені 1919 года ў краіне была абвешчана рэспубліка і ў кастрычніку 1920 года Фінляндыя падпісала мірную дамову з Савецкай Расіяй.

Міжваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У 1932 годзе паміж Фінляндыяй і СССР была заключаная дамова пра ненападзенне.

Фінляндыя з гады Другой сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1930-х гадоў, СССР пачала ваенныя дзеянні супраць Фінляндыі, якія скончыліся ў сакавіку 1940 года паразай Фінляндыі. Пасля гэтай вайны Карэльскі перашыек і частка Карэліі адышлі да СССР. У Другой сусветнай вайне Фінляндыя ўдзельнічала з чэрвеня 1941 года да верасня 1944 года на баку нацысцкай Германіі.

Тэрыторыя Фінляндыі паводле гадоў

Пасляваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 1948 года паміж СССР і Фінляндыяй была падпісаная дамова пра сяброўства і супрацоўніцтва, у якой замацоўвалася існуючая мяжа.

Дзяржаўны лад і палітыка

[правіць | правіць зыходнік]
Будынак Эдускунты

Фінляндыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1919 года (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Прэзідэнт разам з парламентам ажыццяўляе заканадаўчую, а разам з урадам (Дзяржаўным саветам) выканаўчую ўладу. Кіраўніцтва знешняй палітыкай ажыццяўляе прэзідэнт. Аднапалатны парламент (Эдускунта) складаецца з 200 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Урад фарміруецца з прадстаўнікоў адной або некалькіх партый з улікам вынікаў і суадносін сіл у парламенце.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[правіць | правіць зыходнік]
Правінцыі / вобласці Фінляндыі (на 2010 год)

Ніжэйшая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка краіны — камуна / абшчына / муніцыпалітэт (фінск.: kunta/шведск.: kommun). З-за зліццяў іх колькасць амаль кожны год скарачаецца. У 2011 годзе налічваецца 336 (у 2010 было 342). Прадстаўнічыя органы абшчын — абшчынныя думы (фін. Kunnanvaltuusto, шв. Kommunfullmäktige).

Камуны аб’яднаны ў 19 правінцый / абласцей / рэгіёнаў (фінск.: maakunta або фінск.: provinssi / шведск.: provins), якія кіруюцца рэгіянальнымі саветамі. Дзейнасць улад правінцыі, іх паўнамоцтвы, адносіны з цэнтральнай уладай і органамі Еўрапейскага Саюза рэгулююцца законам № 602 «Аб рэгіянальным развіцці» ад 12 ліпеня 2002 года[3]

Акрамя таго, камуны ў межах правінцый могуць аб’ядноўвацца ў пад-правінцыі, (фінск.: seutukunta / шведск.: ekonomisk region), якія выкарыстоўваюцца ў паліцэйскіх мэтах і для збору статыстычных даных. Іх колькасць таксама скарачаецца і з 2011 года складае 70 (67 на мацерыковай Фінляндыі і 3 на Аландскіх астравах). Агульнадзяржаўных законаў, якія рэгулююць дзейнасць на ўзроўні пад-правінцый, не існуе.

Да 2010 года тэрыторыя краіны падзялялася на губерні (ляні), якія кіраваліся праўленнямі на чале з губернатарамі прызначанымі прэзідэнтам.

1 студзеня 2010 года была зменена сістэма кіравання губернямі[4], замест губернскіх праўленняў, на чале якіх стаялі губернатары фінск.: maaherra утвораны агенцтвы рэгіянальнага кіравання. Акрамя гэтага, губерня Заходняя Фінляндыя была падзелена на дзве часткі: губерню Заходняя Фінляндыя з цэнтрам у Васа і губерню Паўднёва-Заходняя Фінляндыя з цэнтрам у Турку.

Частка тэрыторыі Фінляндыі, галоўным чынам у шхерных раёнах, выкарыстоўваецца ваенна-марскім флотам і закрыта для наведвання[5]

Герб Правінцыя (на фінскай) (на шведскай)
1 Лапландыя Lappi Lappland
2 Паўночная Астработнія Pohjois-Pohjanmaa Norra Österbotten
3 Кайну Kainuu Kajanaland
4 Паўночная Карэлія Pohjois-Karjala Norra Karelen
5 Паўночнае Сава Pohjois-Savo Norra Savolax
6 Паўднёвае Сава Etelä-Savo Södra Savolax
7 Паўднёвая Астработнія Etelä-Pohjanmaa Södra Österbotten
8 Астработнія Pohjanmaa Österbotten
9 Пірканма Pirkanmaa Birkaland
10 Сатакунта Satakunta Satakunda
Герб Правінцыя (на фінскай) (на шведскай)
11 Цэнтральная Астработнія Keski-Pohjanmaa Mellersta Österbotten
12 Цэнтральная Фінляндыя Keski-Suomi Mellersta Finland
13 Паўднёва-Заходняя Фінляндыя Varsinais-Suomi Egentliga Finland
14 Паўднёвая Карэлія Etelä-Karjala Södra Karelen
15 Пяят-Хямэ Päijät-Häme Päijänne Tavastland
16 Канта-Хямэ Kanta-Häme Egentliga Tavastland
17 Усіма Uusimaa Nyland
18 Усходняя Усіма Itä-Uusimaa Östra Nyland
19 Кюменлаакса Kymenlaakso Kymmenedalen
20 Аландскія астравы Ahvenanmaa Åland
Дваццаць самых буйных гарадоў Фінляндыі (на 2009 год)

Хельсінкі
Хельсінкі
Тамперэ
Тамперэ
Турку
Турку
Оўлу
Оўлу
Лахты
Лахты

Гарады Губерні Насельніцтва гарадской агламерацыі Насельніцтва горада

Ювяскюля
Ювяскюля
Поры
Поры
Куопіа
Куопіа
Васа
Васа
Котка
Котка

1 Вялікі Хельсінкі Паўднёвая Фінляндыя 1 071 599 579 016
2 Тамперэ Заходняя Фінляндыя 292 288 209 748
3 Турку Заходняя Фінляндыя 246 312 175 422
4 Оўлу Оўлу 171 345 137 370
5 Лахты Паўднёвая Фінляндыя 112 187 100 444
6 Ювяскюля Заходняя Фінляндыя 105 760 128 114
7 Поры Заходняя Фінляндыя 93 220 76 562
8 Куапіа Усходняя Фінляндыя 79 750 91 845
9 Васа Заходняя Фінляндыя 62 106 58 607
10 Котка Паўднёвая Фінляндыя 53,206 54,781
11 Лапеэнранта Паўднёвая Фінляндыя 53 011 70 210
12 Ёэнсу Усходняя Фінляндыя 52 493 72 167
13 Коўвала Паўднёвая Фінляндыя 50 667 88 396
14 Хювінкя Паўднёвая Фінляндыя 47 032 45 120
15 Рованіемі Лапландыя 46 443 59 274
16 Хяменліна Паўднёвая Фінляндыя 46 112 66 257
17 Сейняёкі Заходняя Фінляндыя 41 213 56 578
18 Порва Паўднёвая Фінляндыя 35 652 48 403
19 Мікелі Усходняя Фінляндыя 35 573 48 654
20 Раўма Заходняя Фінляндыя 34 722 39 691
Крыніца: City population /Finland: Urban Areas


Знешняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

Фінляндыя — член ААН, большасці ўніверсальных міжнародных арганізацый, энергічны прыхільнік праваабарончых установак. З 1995 года ўваходзіць у Еўрасаюз. З’яўляецца актыўным прыхільнікам згуртаванасці гэтай арганізацыі, раўнапраўя яе ўдзельнікаў, вядзенні дыялогу з трэцімі краінамі «адным голасам».[6]

Знешняя палітыка і палітыка бяспекі Фінляндыі заснаваны на прынцыпах ваеннага недалучэння і надзейнай нацыянальнай абароны. Тым жа часам не выключаецца магчымасць уступлення ў НАТО ў выпадку змены геапалітычнай сітуацыі. У краіне ідзе актыўная грамадская дыскусія пра перспектывы далейшага развіцця адносін з НАТО. Важным лічыцца актыўнае супрацоўніцтва з НАТО ў рамках праграмы ПДМ (Партнёрства для міра) і СЕАП (Савет Еўраатлантычнага партнёрства).[6]

У двухбаковых сувязях Фінляндыя робіць акцэнт на развіцці кантактаў з геаграфічна блізкімі дзяржавамі Паўночнай Еўропы і Прыбалтыкі, а таксама Расіяй.[6]

Аддаючы перавагу знешняй палітыцы як галоўнаму фактару забеспячэння бяспекі краіны, у Фінляндыі разам з тым імкнуцца забяспечыць падтрыманне надзейнай абараназдольнасці ў адпаведнасці з дактрынай тэрытарыяльнай абароны. Абарончыя сілы Фінляндыі (АСФ) у тэхнічным і арганізацыйным плане цалкам сумяшчальныя са стандартамі НАТО. Кіраўніцтва ўзброенымі сіламі ажыццяўляе Камандуючы АСФ, які падпарадкоўваецца непасрэдна прэзідэнту краіны. Са жніўня 2009 г. пост Камандуючага АСФ займае генерал А. Пухелойнен. АСФ камплектуюцца на аснове ўсеагульнага вайсковага абавязку, складаюцца з сухапутных войскаў, ваенна-марскіх і ваенна-паветраных сіл. Станам на 2010 г. колькасць асабовага склада АСФ Фінляндыі складала 24 тыс. чалавек, з іх сухапутныя войскі — 14,4 тыс. чалавек, ваенна-паветраныя сілы — 3,6 тыс. чалавек, ваенна-марскія сілы — 6 тыс. чалавек.[6]

Фінляндыя — прамыслова развітая краіна з высокім узроўнем інфарматызацыі, адукацыі і сацыяльнай абароненасці грамадзян. Аб’ём ВУП у 2010 годзе — 180 млрд еўра (каля 33,6 тыс. еўра на душу насельніцтва). Пры гэтым Фінляндыя паспяхова пераадольвае наступствы сусветнага эканамічнага фінансавага крызісу: калі ў 2009 годзе ВУП скараціўся на 8,2 %, то ў 2010 годзе павялічыўся на 3,1 %. Фінляндыя з’яўляецца нета-экспарцёрам капіталу, мае перадавую інавацыйную сістэму. Фінская эканоміка прызнана адной з самых канкурэнтаздольных у свеце. Грашовая адзінка — еўра.[6]

Эканоміка Фінляндыі па сваёй структуры ўяўляе ярка выяўленую постіндустрыяльную мадэль. У 2009 годзе 69 % ВУП Фінляндыі было створана ў сферы паслуг. На прамысловасць прыпадала каля 21,2 % ВУП, доля сельскай гаспадаркі склала меней 2,7 %. Аснова фінскай індустрыі — машына- і прыборабудаванне і металаапрацоўка, а таксама лесапапяровая прамысловасць. Фінляндыя спецыялізуецца на выпуску тэлекамунікацыйнай тэхнікі, паперы і кардону, абсталявання для цэлюлозна-папяровай прамысловасці, пад’ёмна-транспартных сродкаў, адмысловых марак сталей і каляровых металаў.[6]

У сельскай гаспадарцы пераважае малочна-мясная жывёлагадоўля (75 % кошту сельгаспрадукцыі). Пагалоўе (у млн галоў, 1997): свіней — 1,54, буйной рагатай жывёлы — 11,15, курэй — 5,51, авечак — 0,1. У Лапландыі гадуюць паўночных аленяў (каля 200 тыс. галоў). Вытворчасць складае (тыс. тон) ялавічыны — 93, бараніны — 17, мяса птушкі — 186; малака — 2,5 млн тон. Зверагадоўля. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 7 % тэрыторыі. Раслінаводства сканцэнтравана на поўдні. Характэрна завалуненасць палёў. Асноўныя пасяўныя плошчы пад сеянымі травамі (75 %) і збожжавымі культурамі. Вырошчваюць (тыс. тон, 2001) ячмень — 1747, авёс — 1227, пшаніцу — 514, жыта — 101, бульбу, буракі. Рыбалоўства (196,5 тыс. тон, 1999). Значныя даходы сялянскіх гаспадарак ад лесаўладання (54 % ад агульнай плошчы лясоў).[7]

Вядзецца здабыча жалезнай руды, меднага калчадану, цынку, хрому. Эфектыўна выкарыстоўваюцца запасы драўніны.

У апошнія гады Фінляндыя становіцца буйным турыстычным цэнтрам, арыентаваным на актыўны зімовы адпачынак.

Важным рэгулятарам дзелавога жыцця Фінляндыі на працягу больш за 100 гадоў з’яўляецца прафсаюзны рух. Галіновыя прафесійныя саюзы ўваходзяць у тры лінейных аб’яднанні (агульная колькасць членаў звыш 3 млн чал. — больш за 85 % працоўных). Існавалая на працягу некалькіх гадоў сістэма г.зв. цэнтралізаваных трохбаковых дамоў паміж урадам, прафсаюзамі і працадаўцамі пра ўмовы аплаты працы ў 2007 годзе была заменена механізмам перамоваў паміж працадаўцамі і галіновымі прафсаюзамі. У сувязі з гэтым заўважаны рост колькасці страйкаў, а таксама адток наёмнай работнікаў з тых прафсаюзаў, якія не дзейнічаюць актыўна ў мэтах абароны сваіх членаў, у зарэкамендавалыя сябе ў адстойванні правоў.[6]

Насельніцтва краіны складае 5,2 млн чалавек з якіх 93 % — фіны, 6 % — шведы. На поўначы жыве некалькі тысяч саамаў. Афіцыйныя мовы — фінская і шведская. Сярод веруючых болей за 87 % — лютэране.

Адукацыя. Навука

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Ацэнка насельніцтва ў 2015 годзе
  2. а б в г д е Мейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.
  3. FINLEX ® — Ajantasainen lainsäädäntö: Kumottu säädös 12.7.2002/602(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2012. Праверана 22 студзеня 2014.
  4. Suomi.fi — Valtion aluehallinnon uudistukset 2010. (фін.)
  5. Navy > Overview > Restricted areas > Maps «Restricted areas» Архівавана 2 жніўня 2012.
  6. а б в г д е ё Финляндия // МЗС РФ…
  7. БЭ у 18 т. — Т. 16. — С. 408—409.