Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл
Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 16 чэрвеня 1589 |
Памёр | 20 ліпеня 1636 |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Мікалай Радзівіл «Сіротка» Альжбета зь Вішнявецкіх |
Жонка | Ганна з Сапегаў Ганна Соф’я зь Зяновічаў |
Дзеці | ад 2-га шлюбу: Мікалай Францішак, Кацярына, Альжбета Анастасія, Канстацыя Соф’я |
Дзейнасьць | палітык |
Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл (16 чэрвеня 1589, места Нясьвіж — 20 ліпеня 1636, мястэчка Чарнаўчыцы) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Стольнік (1620—1622) і крайчы вялікі літоўскі (1622—1626), кашталян троцкі (1626—1633) і віленскі (з 1633).
Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл — адзін з найбагацейшых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Па сьмерці бацькі атрымаў Шыдловец у Каралеўстве Польскім, Чарнаўчыцы ў Берасьцейскім ваяводзтве, Карэлічы і Лахву ў Наваградзкім ваяводзтве. У 1622 годзе купіў Блювенічы ў Берасьцейскім ваяводзтве. Праз шлюб з Ганнай Соф’яй Зяновіч (1628) набыў Глыбокае, Смаргонь, Порплішча і Паставы ў Ашмянскім павеце, Беліцу ў Аршанскім павеце, Ворань у Полацкім ваяводзтве, Прусавічы ў Менскім ваяводзтве. Па сьмерці старэйшага брата Яна Юрыя стаў нясьвіскім ардынатам, быў старостам рыскім (1614—1620), рускім і шарашоўскім.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая Крыштапа «Сіроткі», ваяводы віленскага, і Альжбеты Яўхіміі зь Вішнявецкіх. Меў братоў Яна Юрыя, Жыгімонта Караля і Аляксандра Людвіка.
Навучаўся ў езуіцкіх калегіюмах у Нясьвіжы, Браневе (1599—1601), Аўгсбургу (1604—1606). У 1606—1607 гадох падарожнічаў Італіяй.
3 1609 году на чале ўласных аддзелаў удзельнічаў у вайне з Швэцыяй (1600—1629). У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618) узяў удзел у аблозе Пскоўска-Пячэрскага манастыра 1611 году і ў выправах на Маскву ў 1611—1612 гадох.
Абіраўся паслом на соймы 1613 і 1615 гадоў. Пры падтрымцы цесьця, канцлера вялікага Льва Сапегі ў 1620 годзе атрымаў урад стольніка вялікага літоўскага. У 1622 годзе стаў краўчым вялікім літоўскім, у 1626 годзе — кашталянам троцкім. У 1632 годзе ўдзельнічаў у абраньні каралём і вялікім князем Ўладзіслава Вазы, які ў 1633 годзе прызначыў яго кашталянам віленскім[1].
У Нясьвіжы апекваўся пашырэньнем галерэі партрэтаў, фундаваў алтар Сьвятога Міхала і ўсіх Анёлаў касьцёла Сьвятога Міхала, у 1635 годзе пацьвердзіў і павялічыў бацькаў фундуш царкве Сьвятога Юрыя. Разбудаваў замак у Шыдлоўцы.
У 1618 годзе ажаніўся з Ганнай (1603—1627), дачкой канцлера вялікага літоўскага Льва Сапегі і Альжбеты Радзівіл (1586—1611). У 1628 годзе пабраўся шлюбам з Ганнай Соф’яй (пам. 1664), дачкой кашталяна полацкага Мікалая Багуслава Зяновіча і Ганны Хадкевіч (пам. 1620). У другім шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Мікалай Францішак, памёр неўзабаве па нараджэньні
- Кацярына, памёрла непаўналетняй
- Альжбета Анастасія (1629—1688), бэнэдыктынка ў Нясьвіжы
- Канстацыя Соф’я (1635—1687), кармэлітка ў Вільні
Спачыў у родавай крыпце ў Нясьвіжы. Запісаў 10 тыс. злотых на фундацыю курсу афіцыюм, прысьвечанага Найсьвяцейшай Паньне Марыі ў касьцёле Божага Цела і такую ж суму на рамонт касьцёла Сьвятоў Яўхіміі ў Нясьвіжы[2].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, 1646—1653
-
Зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, каля 1733
-
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758
-
М. Старкман, 1857
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт пэндзля невядомага мастака апошняй чвэрці XVII ст. зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 487.
- ^ Lulewicz H. Radziwiłł Albrycht Władysław h. Trąby (1589—1636) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź: Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — Tom XXX/1, zeszyt 124. S. 142.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|