Перайсьці да зьместу

Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл
Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл
Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 16 чэрвеня 1589
Памёр 20 ліпеня 1636
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Мікалай Радзівіл «Сіротка»
Альжбета зь Вішнявецкіх
Жонка Ганна з Сапегаў
Ганна Соф’я зь Зяновічаў
Дзеці ад 2-га шлюбу: Мікалай Францішак, Кацярына, Альжбета Анастасія, Канстацыя Соф’я
Дзейнасьць палітык

Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл (16 чэрвеня 1589, места Нясьвіж — 20 ліпеня 1636, мястэчка Чарнаўчыцы) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Стольнік (1620—1622) і крайчы вялікі літоўскі (1622—1626), кашталян троцкі (1626—1633) і віленскі (з 1633).

Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл — адзін з найбагацейшых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Па сьмерці бацькі атрымаў Шыдловец у Каралеўстве Польскім, Чарнаўчыцы ў Берасьцейскім ваяводзтве, Карэлічы і Лахву ў Наваградзкім ваяводзтве. У 1622 годзе купіў Блювенічы ў Берасьцейскім ваяводзтве. Праз шлюб з Ганнай Соф’яй Зяновіч (1628) набыў Глыбокае, Смаргонь, Порплішча і Паставы ў Ашмянскім павеце, Беліцу ў Аршанскім павеце, Ворань у Полацкім ваяводзтве, Прусавічы ў Менскім ваяводзтве. Па сьмерці старэйшага брата Яна Юрыя стаў нясьвіскім ардынатам, быў старостам рыскім (1614—1620), рускім і шарашоўскім.

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая Крыштапа «Сіроткі», ваяводы віленскага, і Альжбеты Яўхіміі зь Вішнявецкіх. Меў братоў Яна Юрыя, Жыгімонта Караля і Аляксандра Людвіка.

Ганна з Сапегаў і Ганна Соф'я зь Зяновічаў

Навучаўся ў езуіцкіх калегіюмах у Нясьвіжы, Браневе (1599—1601), Аўгсбургу (1604—1606). У 1606—1607 гадох падарожнічаў Італіяй.

3 1609 году на чале ўласных аддзелаў удзельнічаў у вайне з Швэцыяй (1600—1629). У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618) узяў удзел у аблозе Пскоўска-Пячэрскага манастыра 1611 году і ў выправах на Маскву ў 1611—1612 гадох.

Абіраўся паслом на соймы 1613 і 1615 гадоў. Пры падтрымцы цесьця, канцлера вялікага Льва Сапегі ў 1620 годзе атрымаў урад стольніка вялікага літоўскага. У 1622 годзе стаў краўчым вялікім літоўскім, у 1626 годзе — кашталянам троцкім. У 1632 годзе ўдзельнічаў у абраньні каралём і вялікім князем Ўладзіслава Вазы, які ў 1633 годзе прызначыў яго кашталянам віленскім[1].

У Нясьвіжы апекваўся пашырэньнем галерэі партрэтаў, фундаваў алтар Сьвятога Міхала і ўсіх Анёлаў касьцёла Сьвятога Міхала, у 1635 годзе пацьвердзіў і павялічыў бацькаў фундуш царкве Сьвятога Юрыя. Разбудаваў замак у Шыдлоўцы.

У 1618 годзе ажаніўся з Ганнай (1603—1627), дачкой канцлера вялікага літоўскага Льва Сапегі і Альжбеты Радзівіл (1586—1611). У 1628 годзе пабраўся шлюбам з Ганнай Соф’яй (пам. 1664), дачкой кашталяна полацкага Мікалая Багуслава Зяновіча і Ганны Хадкевіч (пам. 1620). У другім шлюбе нарадзіліся дзеці:

  • Мікалай Францішак, памёр неўзабаве па нараджэньні
  • Кацярына, памёрла непаўналетняй
  • Альжбета Анастасія (1629—1688), бэнэдыктынка ў Нясьвіжы
  • Канстацыя Соф’я (1635—1687), кармэлітка ў Вільні

Спачыў у родавай крыпце ў Нясьвіжы. Запісаў 10 тыс. злотых на фундацыю курсу афіцыюм, прысьвечанага Найсьвяцейшай Паньне Марыі ў касьцёле Божага Цела і такую ж суму на рамонт касьцёла Сьвятоў Яўхіміі ў Нясьвіжы[2].

У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт пэндзля невядомага мастака апошняй чвэрці XVII ст. зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 487.
  2. ^ Lulewicz H. Radziwiłł Albrycht Władysław h. Trąby (1589—1636) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź: Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — Tom XXX/1, zeszyt 124. S. 142.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альбрэхт Уладзіслаў Радзівілсховішча мультымэдыйных матэрыялаў