Венанцы Бутрым
Венанцы Бутрым | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 верасьня 1936 |
Памёр | 16 жніўня 2003 (66 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | маляр, пісьменьнік |
Венанцы Вікенцьевіч Бутрым (9 верасьня 1936, Баранавічы — 16 жніўня 2003, Баранавічы ) — беларускі пісьменьнік і мастак.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1965 годзе скончыў Менскую мастацкую вучэльню па спэцыяльнасьці крэсьленьне і маляваньне. Пад час вучобы, у 1963 — 1965 гадах, працаваў настаўнікам чарчэньня і маляваньня ў СШ №9 Менску. Па заканчэньні вучобы вярнуўся ў Баранавічы і 2 гады працаваў настаўнікам па сваёй спэцыяльнасьці ў СШ №1.
З 1967 па 1996 год, да выхаду на пэнсію, працаваў мастаком у Баранавічах у Берасьцейскіх мастацка-вытворчых майстэрнях, перайменаваных пазьней у камбінат “Мастацтва” Мастацкага фонду БССР.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Займаўся творчасьцю ў галіне жывапісу і графікі, а таксама літаратурнай творчасьцю: пісаў вершы і прозу на беларускай і расейскай мовах.
Мастакоўская творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле сваёй працы афармляў частку экспазыцый Баранавіцкага краязнаўчага музэя, экспазыцыі Музэя гісторыі чыгуначнага транспарту, школьныя музэі. Ім былі выкананы вітражы для ЗАГСу, якія цяпер упрыгожваюць Палац дзіцячай творчасьці ў Баранавічах.
У час, вольны ад працы мастака-афарміцеля, займаўся мастацкай творчасьцю ў галіне жывапісу і графікі. Ім было створана ўсяго каля 30 карцін. Засталіся таксама эцюды і малюнкі. Аздобіў малюнкамі і свае кнігі «У барвах зямлі» і «Паралелі». Аформіў ён і кнігу паэзіі Івана Лагвіновіча «Разлукі выраёвыя».
Літаратурная творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютаваў у друку ў кастрычніку 1974 году ў часопісе Маладосць чатырма вершамі[1]. У студзеньскім нумары “Маладосці” за 1976 год пабачыла сьвет яго апавяданьне “Ліпеньскім днём”. У чэрвені таго ж году часопіс “Нёман” надрукаваў яго аповесьць “Юнгі”.
На літаратурную творчасьць Бутрыма зьвярнуў увагу Барыс Сачанка ў аглядным артыкуле газэты “Літаратура і мастацтва” за 24 сьнежня 1976 году. Берасьцейская абласная газэта “Заря” ад 30 красавіка 1977 году надрукавала артыкул “Санэты Бутрыма”, напісаны пісьменьнікам Уладзімерам Калесьнікам, і ніжэй тры санэты.
У 1998 годзе ў зборніку выбранай беларускай паэзіі “Агледзіны” быў надрукаваны яго верш “Варта”. У зборніку “Дзень паэзіі” за 1989 год быў надрукаваны яго верш “Каляровая літаграфія”. Сем вершаў Бутрыма выйшлі ў альманаху “Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны” у 1999 годзе. У 1997, 2000 і 2006 гадах падборкі вершаў Бутрыма былі надрукаваны ў літаратурным альманаху гораду Баранавічы “Сьвятліца”. Друкаваўся і ў мясцовай прэсе, а таксама ў газэце Наша слова.
У 2001 годзе выйшла кніга паэзіі “У барвах зямлі”. У сьнежні 2002 году два вершы Бутрыма надрукаваў часопіс “Полымя”. У гэтым жа 2002 годзе ў калектыўным зборніку “Верш на свабоду” надрукаваны і яго верш “Змые пыл, жыватворным напоіць…” У 2003 годзе два вершы Бутрыма трапілі ў анталёгію выбранай беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя “Краса і сіла”.
У кастрычніку 2003 году, праз два месяцы пасьля сьмерці, пабачыла сьвет яго другая кніга паэзіі “Паралелі”. Наклад кнігі 250 асобнікаў. У 2006 годзе выйшаў зборнік расейскамоўнай паэзіі Бутрыма “В пространстве и времени”.
Кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2001 — “У барвах зямлі”, паэзія
- 2003 — “Паралелі”, паэзія
- 2007 — “В пространстве и времени”, паэзія
- 2011 — “Маўклівыя сумныя птушкі”, проза
- 2014 — “Дзён маіх лепшыя дні”, проза
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Баранавічах маецца памятная шыльда ў гонар Бутрыма[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ "О, тонкі майстра...". Памяці паэта, празаіка, мастака Венанцыя Бутрыма, Алесь Бакач. Дзеяслоў 2012
- ^ Баранавічы паэтычныя, intex-press, 30.03.2014
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Венанцы Бутрым на kamunikat.org
- "О, тонкі майстра...". Памяці паэта, празаіка, мастака Венанцыя Бутрыма, Алесь Бакач. Дзеяслоў 2012