Перайсьці да зьместу

Інд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Інд
Рака Інд каля Скарду, Пакістан
Рака Інд каля Скарду, Пакістан
Агульныя зьвесткі
Выток Тыбэт
Вусьце Арабскае мора
Краіны басэйну Кітай, Індыя, Пакістан
Вобласьці Панджаб, Ладакх[d], Сынд, Hazara[d], Гілгіт-Балтыстан і Тыбэцкі аўтаномны раён
Даўжыня 3180 км
Плошча басэйну 960,8 тыс. км²
Месцазнаходжаньне
Інд на мапе

Інд (санскрыт: सिन्धु SindhuIAST, па-кітайску: 印度河, сындхі: سنڌوندي) — самая доўгая рака Індыйскага субкантынэнту, важнейшая рака Пакістану, даўжыня 3180 кілямэтраў. Рака бярэ пачатак на тэрыторыі Кітаю ў Гімалаях і працякае большай часткай па тэрыторыі паўночна-заходняй Індыі й Пакістану. Выток знаходзіцца на Тыбэцкім нагор’і, вусьце — на поўначы Арабскага мора, недалёка ад гораду Карачы.

Выток і верхняе цячэньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выток ракі знаходзіцца на вышыні каля 5300 м[1] (5182 м па Геаслоўніку[2] й 5500 м па Брытаніцы[3]) на паўднёвым захадзе Тыбэцкага нагор’я, на паўночным схіле гары Гарынг-бочы (хрыбэт Кайлаш), прыкладна ў 40 км на поўнач ад возера Манасаравар. Пад назовам Сындху цячэ да зьліцьця з ракой Гар-Дзангбо каля вёскі Ларгмар, дзе атрымлівае назву Інд.

Больш за 1000 км Інд працякае на паўночны захад праз горы Каракаруму, прытрымліваючыся глыбокай тэктанічнай даліны і ўтвараючы шматлікія скалістыя цясьніны. Мяжу паміж Тыбэцкім аўтаномным раёнам і індыйскім штатам Джаму і Кашмір Інд перасякае на вышыні 4572 м непадалёк ад населенага пункту Дэмчок. Пасьля працяглага горнага ўчастка рака выходзіць у даліну, дзе разьмешчаны старажытны горад Лех — сталіца гістарычнай вобласьці Ладакх. Недалёка ад Леху ў Інд ўліваецца рака Занскар, пасьля чаго ля гораду Тынгмасганг рака зноў сыходзіць у цясьніну й цячэ да прымежнага селішча Баталік.

Пасьля перасячэньня мяжы паміж штатам Джаму і Кашмір і пакістанскімі Паўночнымі тэрыторыямі ў Інд упадае рака Шынга. Яшчэ прыкладна праз 80 км у Інд справа ўпадае рака Шаёк. У Скарду (галоўнага гораду Балтыстану) у Інд справа ўпадае рака Шыгар, якая сілкуецца найбуйнейшымі ледавікамі Біяфо і Балтора. Інд дасягае сваёй самай паўночнай кропкі ў піку Харамош, пасьля чаго зьліваецца з ракой Гілгіт (таксама справа) ля гораду Бунджы й паварочвае на паўднёвы-захад, прарываючыся паміж адгор’ямі Гімалаяў і Гіндукушу. Адсюль па беразе Інду цягнецца Каракарумская шаша. Амаль адразу пасьля зьліцьця з Гілгітам Інд папаўняецца водамі ракі Астор і працякае ў падножжаў гары Нанга Парбат, якая сілкуе раку сваімі ледавікамі. Затым Інд перасякае мяжу Кашміру й уцякае на тэрыторыю Пакістану.

У сярэднім цячэньні перасякае пагорыстыя нізкагор’і, дзе ў 1977 годзе была пабудавана дамба Тарбэла. Пасьля гэтага Інд прымае буйны прыток Кабулу (вышыня месца зьліцьця — каля 610 м), працякае па Калабаскай цясьніне паміж адгор’ямі Сулейманавых гор і салянага хрыбту й затым выходзіць на Інда-Гангаўская раўніну.

Зьліўшыся з ракой Саан і выйшаўшы на раўніны Пэнджабу ля гораду Даудхейль, Інд дзеліцца на некалькі адтокаў і пратокаў. Рака й спадарожныя ёй каналы працякаюць праз гарады Міянвалі й Дэра-Ісмаіл-Хан. У селішча Катаду пабудавана плаціна Таўнс. Прайшоўшы праз Дэра-Газы-Хан, Інд прымае воды самага вялікага прытоку Інду ракі Панджнад, пасьля чаго шырыня ракі павялічваецца з 400—500 м да 1—2 км. У гораду Сукур (вобласьць Сындзі) ад Інду аддзяляецца адтока Нара (Усходняя Нара), але мора дасягае толькі ў разводзьдзе, хоць у старажытнасьці, відаць, адтока служыла галоўным рэчышчам. У ніжнім цячэньні Інд перасякае заходнюю ўскраіну пусэльні Тар. Прайшоўшы па раўніне звыш 1800 км, упадае ў Арабскае мора.

Рака нясе вялікую колькасьць наносаў, таму ейнае рэчышча прыпаднята над пясковай раўнінай. На значным працягу рэчышча ракі абвалаваная для абароны прылеглых тэрыторыяў ад паводак, якія часам здараюцца. У 1947 і 1958 гадох паводкай былі зьнішчаны вялікія плошчы, паводка 2010 году таксама нанесла вялікую шкоду краіне. Часам моцныя паводкі прымушаюць раку мяняць сваё рэчышча.

Дэльта Інду

У Хайдарабады разьмешчаным у 150 км ад мора, пачынаецца дэльта Інду, якая мае плошчу 30 тыс. км² і даўжыню марскога берага 250 км. Рака дзеліцца на 11 асноўных адтокаў, поўны ж лік пратокаў ў дэльце Інду дакладна вызначыць немагчыма, таму як кожнае разводзьдзе зьмяняе ўвесь існы малюнак. На працягу гэтага стагодзьдзя й галоўнае рэчышча шмат разоў зьмяняла месца. У цяперашні час асноўнае рэчышча ракі завецца Гаджамро, яна ўпадае ў мора ў пункце з каардынатамі 24° 6' п. шыр. і 67° 22' у.д. Прыбярэжная паласа глыбінёй ад 8 да 30 км заліваецца пры прыліве.

Погляд на Інд з Каракарумскае шашы

На горным участку Інд сілкуецца ў асноўным за кошт раставаньня сьнегу й леднікоў, дзе сьцёк складае каля 220 км³/год, пры сярэднім выдатку вады каля 7000 м³/сэк. Выдатак мінімальны ў зімовыя месяцы, а з сакавіка па чэрвень вада падымаецца. У ніжняй частцы басэйна рака папаўняецца водамі ад мусонных дажджоў, што прыводзіць да вяснова-летняй паводкі (сакавік—верасень). У гэты пэрыяд вада падымаецца на 10—15 м у гарох, 5—7 м у раўнінай частцы. У пэрыяд высокай вады (ліпень—верасень) рэчышча ракі на пойменных вучастках дасягае 5—7 км у шырыню (у раёне горада Дэра-Ісмаіл-Хан шырыня даходзіць да 20—22 км).

Сярэдні расход вады ў Хайдарабад 3850 м³/сэк, але ў шматводныя гады гэты паказчык можа дасягаць 30 тыс. м³/сэк. Пасьля выхаду на раўніну Інд губляе ваду праз выпарэньне й прасочваньне. У засушлівыя пэрыяды Інд у ніжнім цячэньні можа перасыхаць і не дасягаць Арабскага мора.

Існуюць фізыаграфічныя й гістарычныя сведчаньні, якія даказваюць, што з часоў культуры Махенджа-Даро Інд некалькі разоў зьмяняў становішча свайго рэчышча ніжэй паўднёвага Пэнджаба. У раёне гарадоў Рохры й Сукур рака заціснутая паміж вапняковымі ўцёсамі, а ніжэй на поўдень рэчышча ракі перамясьцілася на захад, асабліва ейная дэльта. За апошнія 7 стагодзьдзяў у верхняй частцы Сындзі Інд перамясьціўся на 15—30 км на захад.

За выключэньнем горнага ўчастка ў Пакістане, даліна Інду ляжыць у найбольш сухой частцы Індыйскага субкантынэнту. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў на ўсёй даўжыні Інду зьмяняецца ад 125 да 500 мм. У дадатак да Гімалайскага ледніка Інд падсілкоўваецца мусоннымі дажджамі зь ліпеня па верасень.

У паўночнай частцы басэйна Інду тэмпэратура студзеня апускаецца ніжэй за нуль, а ў ліпені даходзіць да 38 °C. Рака не замярзае. Адно з найбольш гарачых месцаў на Зямлі — горад Джэйкабабад, які разьмяшчаецца на захад ад Інду ў верхнім Сындзі — тэмпэратура там падымаецца да 49 °C.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Індсховішча мультымэдыйных матэрыялаў