Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі
Каардынаты: 53°54′25″ пн. ш. 27°24′48″ у. д. / 53.90694° пн. ш. 27.41333° у. д.
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 1922 |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск, Фрунзэнскі раён, вул. Брыкета, д. 28 |
Ключавыя фігуры | Юры Ламака, Андрэй Высоцкі, Алена Сьцяпанава |
Галіна | сельская гаспадарка |
Прадукцыя | прышчэпка для жывёлаў і птахаў, лекі для пчолаў, супрацьпаразытарныя лекі, лекі і стымулятары імунітэту жывёлаў |
Лік супрацоўнікаў | 150 (2018 г.) |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
«Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» («ІЭВ») — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), створанае ў 1922 годзе ў якасьці Віцебскага вэтэрынарна-бактэрыялягічнага інстытуту.
На 2018 год УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі» месьцілася ў Менску і ўваходзіла ў склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ. Набор у асьпірантуру ажыцьцяўляўся па 5 спэцыяльнасьцях: 1) паразыталёгія, 2) вэтэрынарная мікрабіялёгія (вірусалёгія, эпізааталёгія, мікалёгія і імуналёгія), 3) вэтэрынарная фармакалёгія, 4) вэтэрынарная санітарыя (экалёгія, заагігіена і вэтэрынарна-санітарная экспэртыза), 5) вэтэрынарнае акушэрства (біятэхніка рэпрадукцыі жывёлаў). Інстытут вырабляў: прышчэпкі ад шаленства, вірусных і мікробных хваробаў птушак, сьвіней, буйной рагатай жывёлы і дзікіх драпежных жывёлаў; лекі для пчолаў; супрацьпаразытарныя лекі; лекі і стымулятары імуннай сыстэмы жывёлаў; сродкі дыягностыкі. Таксама інстытут аказваў паслугі дыягностыкі і распрацоўкі лекаваньня жывёлаў[1]. На 2018 год у інстытуце налічвалася 70 навуковых супрацоўнікаў, зь іх 7 дактароў і 40 кандыдатаў навук, у тым ліку 5 прафэсараў і 9 дацэнтаў. У сумесных распрацоўках удзельнічалі Інстытут фізыкі імя Барыса Сьцяпанава і 5 ВНУ Беларусі: Віцебская дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (Горкі, Магілёўская вобласьць), Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. У міжнародных дасьледаваньнях бралі ўдзел 7 установаў з 3 краінаў:
- Летува — АТ «Мэтрамэд»;
- Расея (4) — Падольскі цэнтар вывучэньня сухотаў (Маскоўкая вобласьць), Усерасейскі інстытут жывёлагадоўлі (Падольск), Усерасейскі інстытут стандартызацыі і сэртыфікацыі вэтпрэпаратаў і Фэдэральны цэнтар аховы здароўя жывёлаў (Уладзімер);
- Украіна (2) — Віньніцкі аграрны ўнівэрсытэт і Інстытут экспэрымэнтальнай і клінічнай вэтэрынарнай мэдыцыны(uk) (Харкаў) Нацыянальнай аграрных акадэміі навук Украіны[2].
Падразьдзяленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2018 год УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі» ўлучала віварый, гадавальнік лябараторных жывёлаў, групу навукова-тэхнічнай інфармацыі, сэртыфікацыі і патэнтазнаўства і 10 аддзелаў:
- вірусных інфэкцыяў;
- вэтэрынарных тэхналёгіяў;
- бактэрыяльных інфэкцыяў буйной рагатай жывёлы;
- малекулярнай біялёгіі;
- паразыталёгіі;
- хваробаў птушак, пчолаў і фізыка-хімічных дасьледаваньняў;
- таксыкалёгіі і незаразных хваробаў жывёлаў;
- паталёгіі размнажэньня і вэтэрынарнай санітарыі;
- культураў вузаў і пажыўных асяродзьдзяў;
- досьледна-экспэрымэнтальны[1].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1922 годзе ў заснавалі Віцебскі вэтэрынарна-бактэрыялягічны інстытут (Расейская СФСР). У 1924 годзе, па 1-м узбуйненьні БССР, яго перайменавалі ў Беларускі дзяржаўны вэтэрынарна-бактэрыялягічны інстытут (БелДВБІ). У 1937 годзе БелДВБІ пераўтварылі ў Беларускую навукова-дасьледчую вэтэрынарную досьледную станцыю (БелНДВДС), пры якой заснавалі Віцебскую біяфабрыку. 8 сакавіка 1956 году Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР зацьвердзіла Загад № 87, паводле якога на аснове БелНДВДС аддзелу вэтэрынарыі Акадэміі навук БССР стварылі Беларускі навукова-дасьледчы вэтэрынарны інстытут (БелНДВІ) з разьмяшчэньнем у Менску і падразьдзяленьнем у Віцебску. У 1960 годзе БелНДВІ пачаў выпускаць зборнік «Вэтэрынарная навука — вытворчасьці». У 1963 годзе Майсей Юскавец выдаў манаграфію «Тубэркулёз сельскагаспадарчых жывёлаў». У 1964 годзе Савет міністраў БССР разьмясьціў БелНДВІ ў пасёлку Кунцаўшчына Менскага раёну на запыт Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. Да 1968 году інстытут налічваў 9 аддзелаў і 47 навуковых супрацоўнікаў. У 1968 годзе ў інстытуце зьявілася асьпірантура. У 1971 годзе Раман Чабаратоў выдаў «Даведнік па вэтэрынарнай і мэдыцынскай паразыталёгіі»[3].
1 сакавіка 1974 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову № 149 аб наданьні інстытуту імя Сяргея Вышалескага. У 1974 годзе Інстытут пачаў выпускаць зборнік «Дасягненьні вэтэрынарнай навукі і перадавога досьведу — жывёлагадоўлі». 20 жніўня 1975 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 275, паводле якой перайменаваў БелНДВІ ў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі (БелНДІЭВ). У 1977 годзе Георгі Аб'едкаў выпусьціў манаграфію «Бруцэлёз буйной рагатай жывёлы і барацьба зь ім». 30 верасьня 1980 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР ухваліў Указ аб узнагароджаньні БелНДІЭВ Ганаровай граматай за ўкараненьня распрацовак у вытворчасьць. У 1983 годзе Раіса Тузава выдала манаграфію «Тубэркулёз сельскагаспадарчых жывёлаў і птушак». У 1990 годзе Міхаіл Таршыс, Мікалай Кавалёў і П.П. Кузьняцоў выпусьцілі супольную манаграфію «Шаленства жывёлаў». 8 жніўня 2002 году Бюро Прэзыдыюму НАНБ зацьвердзіла Пастанову № 26, паводле якой перайменавала БелНДІЭВ ва ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» («ІЭВ»). У Інстытуце працавалі акадэмікі Харытон Гарагляд, Раман Чабаратоў і Майсей Юскавец[3].
На 2004 год УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» налічвала 7 аддзелаў: 1) сухотаў і лейкозу, 2) вірусных і прыродных інфэкцыяў, 3) мікрабіялёгіі і калекцыі мікраарганізмаў, 4) паразыталёгіі, 5) незаразных хваробаў, 6) экалёгіі і вэтэрынарнай санітарыі, 7) хваробаў птушак, пчолаў і рыбы. Пры «ІЭВ» працавала 2 лябараторыі: 1) культураў вузаў і пажыўных асяродзьдзяў, 2) навукова-тэхнічнай інфармацыі і патэнтазнаўства. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: 1) папярэджаньне, выяўленьне і лячэньне заразных, паразытарных і незаразных хваробаў жывёлаў, птахаў, рыбаў і пчолаў; 2) бясьпека вырабаў жывёлагадоўлі; 3) папярэджаньне і ўсталяваньне прычыны бясплодзьдзя жывёлаў і падзяжу іх маладняку. На 2004 год Інстытут атрымаў 75 аўтарскіх пасьведчаньняў і 15 патэнтаў, укараніў звыш 300 навуковых распрацовак, 35 прышчэпак, 19 лекаў і 13 дыягностык. У Інстытуце выдалі звыш 100 кніг і манаграфіяў. У «ІЭВ» працавалі акадэмік Мікалай Кавалёў і 12 дактароў навук[3]. У 2007 годзе «ІЭВ» увайшоў у склад Навукова-практычнага цэнтру жывёлагадоўлі НАНБ (Жодзін, Менская вобласьць).
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Багданоўскі (1922—1926)
- Аляксандар Лубкін (1926—1928)[4]
- Сяргей Вышалескі (люты 1928 — люты 1930)
- Васіль Крылоў (1930—1937)
- Лявон Таравердаў (1937—1956)
- Майсей Юскавец (1956—1959)
- Раман Чабаратоў (1959—1968)
- Іван Жарыкаў (1968—1988)
- Мікалай Андрэевіч Кавалёў (1988—1999)
- Мікола Андросік (1999—2003)
- Аляксандар Лысенка (2003—2007)
- Аляксандар Гусеў (2007—2014)
- Пётар Красачка (2014—2016)[2]
- Юры Ламака (з 2016 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук (Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя С.М. Вышалескага) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 8 лістапада 2018 г. Праверана 12 лістапада 2018 г.
- ^ а б Гісторыя (рас.) // УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага», 2018 г. Праверана 12 лістапада 2018 г.
- ^ а б в Экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 76. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ 95 гадоў РУП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя С.М.Вышалескага» (рас.) // УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага», 2018 г. Праверана 19 лістапада 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вырабы (рас.) // УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага», 2018 г. Праверана 12 лістапада 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |