Перайсьці да зьместу

Аблога Смаленску (1514)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аблога Смаленску
Гравюра «Аблога Смаленску»
Дата: 15 ліпеня — 1 жніўня 1514
Месца: Смаленск
Вынік: Захоп Смаленску маскалямі
Супернікі
Вялікае Княства Літоўскае Вялікае княства Маскоўскае
Камандуючыя
Юры Салагуб
Колькасьць
невядомаамаль 42 тыс.[1]; 140—300 гарматаў

Абло́га Смале́нску адбывалася ў 1514 року ў ходзе шостай маскоўска-літоўскай вайны (1512—1522). Маскоўскае войска пад даводзтвам вялікага князя Васіля III захапіла места 1 жніўня.

Пасьля выбуху вайны ў лістападзе 1512 маскоўскія войскі ўжо двойчы беспасьпяхова атакавалі Смаленск, істотную крэпасьць і гандлёвы цэнтар. Першая аблога цягнулася шэсьць тыдняў у студзені-лютым 1513, але была адбітая вялікім гетманам Канстанцінам Астроскім. Наступная аблога доўжылася чатыры тыдні ў жніўні-верасьні таго ж году.

Расейская абложная гармата XVI стагодзьдзя

У чэрвені 1514 маскоўскі князь Васіль III узначаліў сваё войска ў трэцім паходзе на Смаленск. Гэтым разам маскавіты мелі значную колькасьць асаднае зброі, атрыманай ад Сьвятой Рымскай імпэрыі. 15 ліпеня амаль 42-тысячнае войска[1] дасягнула Смаленску, узяла яго ў аблогу і пачало падрыхтоўку да штурму: вакол крэпасьці ўзьвялі частакол, насупраць брамы былі пастаўленыя рагаткі дзеля запабяганьня ад вылазак гарнізону. Праз два тыдні, 29 ліпеня, пачаўся несупынны артылерыйскі абстрэл. Колькасьць гарматаў у маскоўцаў ацэньваецца ад 140 да 300 адзінак.

У адсутнасьць дапамогі ваявода смаленскі Юры Салагуб здаў крэпасьць 31 ліпеня 1514, і наступным днём Васіль III увайшоў у места. Смаленскі праваслаўны япіскап Варсанофій адправіў малебен, у часе якога мяшчане прысягнулі на вернасьць маскоўскаму ўладару. Юры Салагуб адмовіўся прыняць прысягу і быў адпушчаны на радзіму, дзе быў пакараны сьмерцю за здачу цьвердзі.

Пасьля перамогі пад Воршай у верасьні 1514 Канстанцін Астроскі ня здолеў адваяваць Смаленск, і па выніках замірэньня 1522 року ён застаўся пад уладай Масковіі на наступнае стагодзьдзе — да вяртаньня падчас вайны 1605—1618. У гонар перамогі маскоўскі князь Васіль III зафундаваў узьвядзеньне ў Маскоўскім Крамлі Новадзявочага манастыру.

  1. ^ а б Кром М.М. О численности русского войска в первой половине XVI в. // Российское государство в XIV – XVII вв.: Сборник статей, посвященный 75-летию со дня рождения Ю.Г. Алексеева (рас.). — СПб.: 2002. — С. 77.
  • 400 сражений Руси. Великие битвы русского народа / Николай Бодрихин. — М.: Яуза: Эксмо, 2009. — 432 с. — ISBN 978-5-699-33180-2
  • Михайлова И.Б. К вопросу о «Смоленском взятии» 1514 г. // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana: Петербургские славянские и балканские исследования. — 2011. — № 2 (10). — С. 41—54.

54°47′ пн. ш. 32°04′ у. д. / 54.783° пн. ш. 32.067° у. д. / 54.783; 32.067