Апочка
Апочка | |||||
рас. Опочка | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1414 | ||||
Краіна: | Расея | ||||
Суб’ект фэдэрацыі: | Пскоўская вобласьць | ||||
Раён: | Апочацкі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 90 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | |||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | 81138 | ||||
Паштовы індэкс: | 182330 | ||||
Нумарны знак: | 60 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 56°43′0″ пн. ш. 28°39′0″ у. д. / 56.71667° пн. ш. 28.65° у. д.Каардынаты: 56°43′0″ пн. ш. 28°39′0″ у. д. / 56.71667° пн. ш. 28.65° у. д. | ||||
Апочка | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.opochka.ru/ |
Апочка (па-расейску: Опочка) — места ў Расеі, адміністрацыйны цэнтар Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці й муніцыпальнага ўтварэньня «Апочка». Заснаваны як умацаваны пункт на рацэ Вялікая ў 1414 годзе. Насельніцтва на 1 студзеня 2014 року складае 10599 жыхароў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На мяжы першага ды другога тысячагодзьдзяў нашай эры вярхоўі ракі Вялікая былі заселеныя фіна-вугорскімі ды славянскімі плямёнамі (пскоўскія крывічы), ад якіх у ваколіцах места застаўся шэраг доўгіх і круглых курганоў і гарадзішчаў.
Першае ўмацаванае паселішча на месцы Апочкі існавала ў XIV стагодзьдзі й звалася Каложа. У 1406 яно было разбурана войскамі Вітаўта. Увосень 1414 року паселішча было адноўлена пад новай назвай, якую яно атрымала ад вапнякоў, што ўсьцілалі рачное дно.
У XV стагодзьдзі Апочка мела земляны вал ды драўляныя сьцены. Пачынаючы ад 1426 року паселішча вытрымала некалькі аблогаў ВКЛ, Лівонскага Ордэну й Рэчы Паспалітай. Неўзабаве тэрыторыя места павялічылася, і апроч Верхняга гораду (валу) зьявіўся й Ніжні. У XVI стагодзьдзі ў Апочцы мелася два манастыры — жаночы Ўсьпенскі й мужчынскі Мікольскі (скасаваныя ў 1764 годзе). Апочка знаходзілася на скрыжаваньні шляхоў з Пскова, Ноўгараду, Полацку й Вільні. У 1517 годзе паселішча вытрымала 28-дзённую аблогу войскам Канстантына Астроскага. У гонар гэтай падзеі ў Апочцы былі збудаваныя некалькі драўляных цэркваў. Пасьля Інфлянцкай вайны Апочка прыйшла ў заняпад. Падчас кіраваньня Пятра І ўмацаваньні былі ліквідаваныя, места зрабілася цэнтрам павету Пскоўскай правінцыі.
Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай цягам чатырох гадоў Апочка зьяўлялася цэнтрам павету Пскоўскай губэрні. Празь места прайшоў паштовы тракт, пасьля пажару 1774 року быў складзены плян забудовы, закладзеныя першыя мураваныя будынкі й сабор. Ініцыятарам зьменаў зьяўляўся губэрнатар Захар Чарнышаў. У 1781 места атрымала герб.
Насельніцтва Апочкі гандлявала льном і лесам. Сярод мясцовых землеўладальнікаў былі Галянішчавы-Кутузавы, Разумоўскія, Баразьдзіны, Сывэрсы, Пяшчуравы, Дандуковы-Корсакавы, Кульневы, Ганібалы й Пушкіны. У 1744, 1764, 1820 й 1861 роках у Апочацкім павеце адбыліся сялянскія паўстаньні. Штогод адбываліся кірмашы: дванаццаць Апочацкіх ды пяць Сьвятагорскіх.
Першымі навучальнымі ўстановамі места зьяўляліся павятовая вучэльня (адчыненая ў 1787 року) і жаночая прагіманзія (1861). У 1909 годзе ў павеце ўведзенае ўсеагульнае навучаньне пісьменнасьці. У 1913 годзе пабудавана рэальнае вучылішча. У 1894 годзе адчынілася земская лячэбніца.
У дарэвалюцыйны час у Апочцы працавалі невялікія гарбарні, цагельні, ганчарныя прадпрыемствы. Ад 1910 року пачалі курсаваць міжгароднія аўтобусы да Вострава й Пустошкі. Паводле перапісу 1897 року места мела 5658 жыхароў.
Прычынай заняпаду Апочкі ў ХХ стагодзьдзі стала будаўніцтва чыгунак, якія абмінулі места. Падчас Першай сусьветнай вайны праз Апочку прайшла чыгуначная лінія Пскоў — Полацак, але яна не была адноўленая пасьля 1944 року.
Савецкая ўлада ў Апочцы ўсталяваная ў студзені 1918 року. З 1927 року места ў складзе Ленінградзкай, з 1935 — Калінінскай вобласьці. У 1937-41 зьяўлялася цэнтрам памежнай акругі. У 30-я гады ў Апочцы адчыніліся пэдагагічны тэхнікум, ільназавод, масласырзавод, два сьпіртзаводы, хлебазавод.
З 12 ліпеня 1941 па 15 ліпеня 1944 знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Ад 22 жніўня 1944 у складзе Вялікалуцкай, ад 2 кастрычніка 1957 — Пскоўскай вобласьці.
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Насельніцтва, чал.:
- 1856 — 4300;
- 1897 — 5658;
- 1931 — 5400;
- 1939 — 11200;
- 1959 — 11615;
- 1970 — 12910;
- 1979 — 15078;
- 1989 — 16130;
- 1992 — 16100;
- 2002 — 13964;
- 2010 — 11603;
- 2014 — 10599.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Завод харчовых прадуктаў (філіял Пскоўскага малочнага камбінату), хлебакамбінат, швейная фабрыка. Вытворчасьць натуральных сокаў, галянтарэйных вырабаў і г. д.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гістарычная забудова места (ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя).
- Гарадзкі корпус (1770-ыя гады, два верхнія паверхі дабудаваныя праз стагодзьдзе).
- Белая гімназія — клясыцыстычны будынак канца ХVІІІ — пачатку ХІХ стагодзьдзяў, былая малая жаночая вучэльня й гімназія імя Пушкіна.
- Апочацкі вал — рэшткі сярэднявечных умацаваньняў.
- Драўляная лютэранская кірха (1874).
- Спаса-Прэабражэнская царква.
- Пакроўская царква (першая палова ХІХ ст.).
- Сядзіба Болычава.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Былая паштовая станцыя (1854)
-
Гарадзкі корпус
-
Сядзіба Болычава
-
Драўляная кірха (1874)
-
Прэабражэнская царква
-
Будынак з бутавага каменю
-
Будынак земскай лячэбніцы (1894)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- М. М. Медников. Уездные города Псковской губернии. — Псков, 2004