Перайсьці да зьместу

Вашынгтонскі кансэнсус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вашынгтонскі кансэнсус — 10 захадаў макраэканамічнай палітыкі, зь якімі ўрад ЗША, міжнародныя фінансавыя ўстановы і мазгавыя трэсты Вашынгтона (ЗША) пагадзіліся ў 1980-я гады ў якасьці пераўтварэньняў для вываду краінаў Лацінскай Амэрыкі з гаспадарчага крызісу. У красавіку 1990 г. ангельскі эканаміст Джон-Гаралд Ўільямсан(en) (нар. 1937) упершыню ўжыў тэрмін у 2-м разьдзеле сваёй кнігі «Лацінаамэрыканскае прыстасаваньне: як шмат адбылося», якую выдаў падчас працы на Сусьветны банк у Вашынгтоне. У 1990-я гады яго выкарысталі для правядзеньня пераўтварэньняў ў краінах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, Каўказа і Сярэдняй Азіі[1].

У кнізе 1990 г. «Лацінаамэрыканскае прыстасаваньне: як шмат адбылося» (2-і разьдзел «Што Вашынгтон мае на ўвазе пад ператварэньнем палітыкі») Джон-Гаралд Ўільямсан зазначыў: «Вашынгтон гэтага артыкула ёсьць як палітычным Вашынгтонам Кангрэса і старэйшых чальцоў урада, так і тэхнакратычным Вашынгтонам міжнародных фінансавых установаў, гаспадарчых ведамстваў урада ЗША, Рады Фэдэральнага рэзэрва(en) і мазгавых трэстаў(en)». Сярод гаспадарчых ведамстваў урада ЗША ў 2-м разьдзеле кнігі згадваліся Міністэрства жыльлёвай гаспадаркі і гарадзкога разьвіцьця(en) і Міністэрства фінансаў. Сярод міжнародных фінансавых установаў Вашынгтона згадваліся карпарацыя «Інстытут міжнародных фінансаў»(en), Міжнародная фінансавая карпарацыя, Міжнародны валютны фонд і Сусьветны банк. Сярод мазгавых трэстаў згадваліся Інстытут сусьветнай эканомікі(en), Установа Брукінгза(en) і «правыя» (на той час: Амэрыканскі прадпрымальніцкі інстытут дасьледаваньня дзяржаўнай палітыкі(en), фонд «Спадчына»(en))[2].

У кнізе 1990 г. «Лацінаамэрыканскае прыстасаваньне: як шмат адбылося» (2-і разьдзел «Што Вашынгтон мае на ўвазе пад ператварэньнем палітыкі») Джон-Гаралд Ўільямсан згадаў «10 прыладаў палітыкі, датычна належнага разгортваньня якіх Вашынгтон здольны праявіць разумную ступеню згоды» і адзначыў, што «яны ўсе паходзяць з клясычнай паноўнай эканамічнай тэорыі, прынамсі калі дазволіць лічыць Кейнса за клясыка».

  • Дэфіцыт дзяржаўнага скарбу. «Калі лішак не выкарыстоўваецца для фінансаваньня вытворчых укладаньняў у інфраструктуру, дэфіцыт апэрацыйнага каштарысу звыш прыкладна 1 да 2 адсоткаў ВНП(en) ёсьць відавочным доказам правала палітыкі».
  • Першачарговыя выдаткі дзяржавы. «Пераключэньне выдаткаў з субсыдыяў — у бок адукацыі, аховы здароўя і ўкладаньняў у інфраструктуру».
  • Падатковае пераўтварэньне. «Падатковая база мае быць шырокай, і гранічныя падатковыя стаўкі маюць быць памяркоўнымі».
  • Адсоткавыя стаўкі(en) «маюць вызначацца рынкам, каб пазьбегнуць марнага вылучэньня сродкаў у выніку самавольнага разьмеркаваньня чыноўнікамі». «Сапраўдныя адсоткавыя стаўкі маюць быць станоўчымі, каб адахвоціць уцёкі капіталу і павялічыць ашчаджэньні».
  • Валютны курс «мае быць дастаткова спаборным, каб спрыяць тэмпу роста экспарту, які дазволіць гаспадарцы расьці з найбольшай хуткасьцю, дапушчальнай згодна з магчымасьцю прапановы, пры захаваньні дэфіцыту бягучага рахунку ў памеры, што можа фінансавацца на ўстойлівай аснове. Абменны курс не мае быць больш спаборным за такі, бо гэта стварыла б непатрэбны інфляцыйны ціск і таксама абмяжавала б сродкі, даступныя для ўнутранага ўкладаньня, і, такім чынам, стрымала б рост магчымасьці прапановы». «Спаборны сапраўдны абменны курс ёсьць першым істотным складнікам "скіраванай вонкі" гаспадарчай палітыкі, дзе абмежаваньне плацёжным балянсам пераадольваецца найперш ростам экспарту замест замяшчэньня імпарту».
  • Гандлёвая палітыка(en). «Дасканалым ёсьць становішча, у якім кошт унутраных сродкаў на стварэньне або ашчаджэньне адзінкі замежнай валюты выраўноўваецца між экспартам і імпарта-спаборнымі галінамі. Найгоршым відам абароны рынка лічыцца ліцэнзаваньне імпарту, зь яго вялізнай здольнасьцю да стварэньня нагодаў для карупцыі». «Вызваленьне ад мытаў на ўвоз прамежкавых тавараў, патрэбных для вытворчасьці экспарту».
  • Прамыя замежныя ўкладаньні. «Абмежавальнае стаўленьне да паступленьня прамых замежных інвэстыцыяў (ПЗІ) разглядаецца ў якасьці дурнаватага. Такія ўкладаньні могуць прынесьці патрэбны капітал, навыкі і веды шляхам вытворчасьці патрэбных унутранаму рынку тавараў або спрыяньня новаму экспарту».
  • Прыватызацыя. «Прыватная галіна кіруецца больш спраўна за дзяржаўныя прадпрыемствы з прычыны больш прамых пабуджэньняў, зь якімі сутыкаецца кіраўнік, які мае прамую асабістую зацікаўленасьць у прыбытку прадпрыемства або падпарадкоўваецца тым, хто яе мае. Прынамсі, пагроза разарэньня ставіць дно пад няспраўнасьцю прыватных прадпрыемстваў, тым часам як многія дзяржаўныя прадпрыемствы, здаецца, маюць неабмежаваны доступ да субсыдыяў».
  • Дэрэгуляваньне. «Спосаб спрыяньня спаборнасьці». Дзяржаўнае ўпарадкаваньне вытворчай дзейнасьці «прыняцьцем рашэньняў ад выпадку да выпадку ... стварае істотную нявызначанасьць і дае нагоды для карупцыі. Яно таксама дыскрымінуе малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія зьяўляюцца важнымі стваральнікамі занятасьці, аднак рэдка маюць доступ да вышэйшых колаў чынавенства».
  • Правы ўласнасьці маюць «асноватворную важнасьць для здавальняльнага дзеяньня капіталістычнага ладу»[2].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]