Перайсьці да зьместу

Зьвяняцкае

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьвяняцкае
трансьліт. Źvianiackaje
Дата заснаваньня: перад 1641 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Паселіцкі
Насельніцтва:
  • 85 чал. (2021)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
СААТА: 3254836021
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°49′42″ пн. ш. 30°6′20″ у. д. / 51.82833° пн. ш. 30.10556° у. д. / 51.82833; 30.10556Каардынаты: 51°49′42″ пн. ш. 30°6′20″ у. д. / 51.82833° пн. ш. 30.10556° у. д. / 51.82833; 30.10556
Зьвяняцкае на мапе Беларусі ±
Зьвяняцкае
Зьвяняцкае
Зьвяняцкае
Зьвяняцкае
Зьвяняцкае
Зьвяняцкае

Зьвяняцкае[1] — вёска ў Паселіцкім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.
Урывак з тэксту «darowizny Brahinia» пані Крыстыны з князёў Вішнявецкіх Даніловічавай 1641 г.

Найраней паселішча згаданае ў актах Кіеўскага гродзкага суда 20 ліпеня 1641 году[a], калі пані Крыстына, дачка князя Адама Вішнявецкага, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Ярэмію Вішнявецкаму сваю палову замка і места Брагін зь сёламі, сярод якіх была і Зьвінячына (Źwiniaczyzna)[3]. У тарыфе ў тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1683 году сказана, што адным дваром у вёсцы Зьвінячкі (Zwiniaczki) валодаў пан Самуэль Сіліч[4]. 28 чэрвеня 1687 году хутар Зьвінярскае (Zwiniarskie) названы ў справе Оўруцкага гродзкага суда сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістапада 1686 году) пастоем рэестравых казакоў запарозскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. У 4 дварах (×6 — каля 24 жыхароў) тут разьмясьціліся 5 казакоў і трое коней. Хутарцы мусілі справіць 1 воз з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю, зь іх выбралі здору, гарэлкі, рыбы, мёду 3 бельцы, усяго — на 43 злотых, легуміны 9 вёдраў, 70 вёдраў аўса, солі — адзін злоты, 7 кабаноў (wieprzow), 13 падсьвінкаў, 75 кур, 2 баранаў, 4 пары хустаў палатна на ўладкаваньне паходных шатроў, 2 злотых на порах.[5].

У 1734 годзе хутар Зьвіняцкі (futor Dwiniacki) запісаны прыналежным да часткі Брагінскага маёнтку, якую трымалі ў заставе яшчэ ад серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага паны Сілічы[6]. Але спадчынным уладальнікам усіх Брагінскіх добраў каля 1733 году стаў князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, першы і адзіны ў старэйшай галіне роду, хто падпісваўся «графам на Брагіне»[7]. У 1754 годзе з 20 двароў (прыкладна 120 жыхароў) вёскі Зьвіняцкае (wieś Zwiniackie) Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 3 злотыя, 4 грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 12 злотых, 16 грошаў[8]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім.

Зьвяняцкая на мапе «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі.[9].

Паводле перапісаў габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Зьвяняцкім налічвалася адпаведна 12, 6 і 3 чалавекі (głowy)[10], якія належалі да Брагінскага кагалу. Пэўна, на зьмяншэньне колькасці габрэяў у вёсцы не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 году, што была астатнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Ўкраіне.

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вёска Зьвяняцкая на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Зьвяняцкае — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[11]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, хутар Зьвяняцкае названы ў пераліку паселішчаў, нібыта адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году[12]. Але Мікулічы, Зьвяняцкае і іншыя паселішчы, якія раней належалі да Брагінскага маёнтку, пан М. Аскерка трымаў па сваёй жонцы пані Барбары Ракіцкай; на яе, відавочна, і былі запісаныя. Таму нядзіўна, што ўсе яны, урэшце, вернутыя сыну Рафалу Міхалу Аскерку, якому пашчасьціла вярнуцца зь сібірскай няволі. Гэта засьведчана ведамасьцю сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1801 году[13].

Зьвіняцкае на мапе Менскай губэрні А. К. Фіцінгофа. 1846 г.

Згодна з «Фармулярнай ведамасьцю» сяла Мікуліцкай царквы 1822 году, вёска Зьвяняцкае з 69 душамі мужчынскага і 60 душамі жаночага полу нібыта яшчэ належала пану Рафалу Аскерку[14], які спачыў, аднак, у 1818 годзе[15]. На 1850 год, паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», тут налічваўся 31 двор з 241 жыхаром[2]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 250 жыхароў вёскі Зьвяняцкае абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Мікуліцкай Багаяўленскай царквы[16].

У парэформавы пэрыяд Зьвяняцкае адміністрацыйна належала да Мікуліцкай воласьці. Паводле зьвестак на 1876 і 1879 гады вёска заставалася ў прыходзе Мікуліцкай царквы[17].

У ведамасьці Мікуліцкай Богаяўленскай царквы за 1903 год у вёсцы Зьвяняцкім (Звиняцкомъ) налічвалася 58 двароў, у якіх жылі 232 асобы мужчынскага і 201 асоба жаночага полу верных[18]. На 1909 год у вёсцы Зьвіняцкае было 102 двары з 553 жыхарамі[19].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Зьвяняцкае, аднак, у складзе Мікуліцкай воласьці апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[20].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Зьвіняцкае на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Зьвяняцкае — цэнтар сельсавету ў Хвойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году — у складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Паселіцкага сельсавету. На 1930 год у вёсцы было 620 жыхароў. Арганізаваны калгас «Колас», працавалі 3 ветракі і кузьня[2]. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Зьвяняцкім налічвалася 209 двароў з 975 жыхарамі. У вайну акупанты разбурылі 27 дамоў і загубілі 94 вяскоўцаў[21]. 118 жыхароў загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 году Зьвяняцкае адміністрацыйна належыць да Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы было 878 жыхароў. Ускладзе калгасу «Бальшавік» (цэнтар — вёска Веляцін)[2].

  • 2021 год — 38 двароў, 85 жыхароў[22]
  1. ^ Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2].
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 442
  3. ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 9
  4. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489
  5. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 155
  6. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285
  7. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  8. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 191
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122
  10. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765 – 1791 гг. – Киев, 1890. С. 302, 391, 710
  11. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  12. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
  13. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40420. А. 55адв.-57. Спр. 40552. А. 66-67
  14. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66
  15. ^ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 208
  16. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 681
  17. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 97
  18. ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41139. А. 202адв.
  19. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 75
  20. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  21. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; Москва: Фонд «Историческая память», 2021. С. 499
  22. ^ Інфармацыя аб насельніцтве Паселіцкага сельсавету на 01.01.2021 г.