Лугавая Вірня
Лугавая Вірня | |
трансьліт. Luhavaja Virnia | |
Першыя згадкі: | ХІХ стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Жлобінскі |
Сельсавет: | Сьвятоўскі |
Насельніцтва | |
колькасьць: | ▼ 224 чал. (2004) |
нацыянальны склад: | беларусы |
колькасьць двароў: | 105 (2004) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2334 |
Паштовы індэкс: | 247209 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°54′3″ пн. ш. 30°8′15″ у. д. / 52.90083° пн. ш. 30.1375° у. д.Каардынаты: 52°54′3″ пн. ш. 30°8′15″ у. д. / 52.90083° пн. ш. 30.1375° у. д. |
± Лугавая Вірня |
Лугава́я Ві́рня[1] — вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі.
На 2022 год уваходзіла ў Сьвятоўскі сельсавет. Месьцілася за 6 км на ўсход ад Жлобіна і чыгуначнай станцыі Жлобін на лініі Бабруйск—Гомель, а таксама на 92 км на поўнач ад Гомля. На ўсходзе межавала зь лесам. На поўдні пралягаў мэліярацыйны канал. Побач праходзіла аўтадарога Бабруйск—Гомель. На 2004 год знаходзілася ў складзе «Бабоўскага» саўгасу. Дзейнічалі малочны завод і акушэрска-фэльчарскі пункт. Пляніроўка складалася зь 2-х крывалеінейных і шчыльна між сабой пастаўленых вуліцаў, блізкіх да шыротнай араентацыі. Двухбаковая забудова пераважна складалася з драўляных сядзібаў[2].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ХІХ стагодзьдзе: 1885 год — 149 жыхароў і 35 двароў, 1897 год — 314 жыхароў і 55 двароў;
- ХХ стагодзьдзе: 1909 год — 351 жыхароў і 58 двароў, 1925 год — 100 двароў, 1940 год — 558 жыхароў і 131 двор, 1959 год — 489 жыхароў;
- ХХІ стагодзьдзе: 2004 год — 244 жыхары і 105 гаспадарак[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ХІХ стагодзьдзі Лугавая Вірня ўпершыню згадвалася ў пісьмовых крыніцах у якасьці вёскі Стараруднянскай воласьці Рагачоўскага павету Магілёўскай губэрні. Праз Лугавую Вірню праходзіла паштовая дарога з Гомля ў Жлобін. У 1850 годзе запрацавала сукнавальня. У 1880 годзе заснавалі хлебазапасную краму і царкву Пакрова Багародзіцы. У 1886 годзе адчынілі царкоўна-прыходзкую школу. Паводле перапісу насельніцтва 1897 году ў Лугавой Вірні дзейнічалі вадзяны млын і заезны дом. У чэрвені 1905 году вяскоўцы не дапусьцілі станавога прыстава да апісаньня сваёй маёмасьці на карысьць памешчыцы Башмачэнкавай у ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. На 1909 год Лугавая Вірня налічвала 630 дзесяцінаў зямлі. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лугавая Вірня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году вёска абвяшчалася часткай Беларускай ССР. 26 красавіка 1919 году трапіла ў склад Гомельскай губэрні Расейскай СФСР. У сакавіку 1924 году ў ходзе ўзбуйненьня Беларускай ССР яе вярнулі ў склад БССР. Ад 17 ліпеня 1924 году ў складзе Рагачоўскага раёну Бабруйскай акругі. 20 жніўня 1924 году ўвашла ў Бабоўскі сельсавет. У 1929 годзе стварылі калектыўную гаспадарку «Лугавая кветка»[2]. Ад 20 лютага 1938 году ў Гомельскай вобласьці.
Пры канцы лютага 1944 году нямецкія захопнікі сагналі ўсіх вяскоўцаў Лугавой Вірні ў стацыянарны лягер у Жлобіне. Затым у таварных вагонах цягніка давезьлі да чыгуначнай станцыі Халоднікі (цяпер Каленкавіцкі раён), адкуль пешшу гналі 20 км па ральлі і балоце ў Азарыцкія лягеры сьмерці (тагачасны Даманавіцкі раён)[3]. 24 лютага 1944 году Чырвоная армія заняла Лугавую Вірню, а ў ліпені расьмясьціла ў вёсцы палявы шпіталь. За час Нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў нямецкія захопнікі забілі 67 вяскоўцаў і спалілі 48 двароў. Яшчэ 85 вяскоўцаў загінула на фронце[2].
17 жніўня 1962 году Лугавую Вірню перадалі ў Шапілаўскі сельсавет[4]. 4 студзеня 2002 году Гомельскі абласны Савет дэпутатаў ухваліў Рашэньне № 145 «Аб зьмяненьні межаў Шапілаўскага і Сьвятоўскага сельскіх Саветаў дэпутатаў Жлобінскага раёну», паводле якога Лугавую Вірню перадалі ў Сьвятоўскі сельсавет.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Натальля Багамольнікава, Ірына Гапоненка. Жлобінскі раён (Кіраўскі сельсавет) // Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь : Гомельская вобласьць / рэд. Валянціна Лемцюгова. — Менск: Тэхналёгія, 2006. — С. 162. — 382 с. — 1320 ас. — ISBN 985-458-131-4
- ^ а б в г Станіслаў Марцалеў. Жлобінскі раён (Лугавая Вірня) // Гарады і вёскі Беларусі / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Н.У. Кузьмянкова. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 1, кніга 1. Гомельская вобласьць. — С. 441. — 632 с. — 4000 ас. — ISBN 985-11-0303-9
- ^ Валяр'ян Шкленьнік. Рагачоўскі фронт // Зьвязда : газэта. — 18 сакавіка 2014. — № 49 (27659). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 9 жніўня 1962 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1962, № 30 (989).