Перайсьці да зьместу

Масавае забойства ў Керчы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Масавае забойства ў Керчы

Падазраваны Ўладзіслаў Расьлякоў, узброены стрэльбаю, спускаецца па сходах. Здымак камэры відэаназіраньня, 17 кастрычніка 2018 року
Месца атакі Керч, вуліца Войкава, д. 1, Керчанскі політэхнічны коледж[a]
Цэль атакі навучэнцы і пэрсанал каледжу
Дата 17 кастрычніка 2018
ля 11:40 (UTC+3)[1]
Спосаб атакі выбух, стральба
Зброя помпавая стрэльба Hatsan Escort (меркавана)[2][3], некалькі СВП, бутэлька з кактэйлем Молатава[3]
Колькасьць ахвяраў 21 (улучаючы падазраванага)
Колькасьць параненых 73
Падазраваны Уладзіслаў Расьлякоў
Геаграфічныя каардынаты 45°21′23″ пн. ш. 36°32′07″ у. д. / 45.356416° пн. ш. 36.535187° у. д. / 45.356416; 36.535187Каардынаты: 45°21′23″ пн. ш. 36°32′07″ у. д. / 45.356416° пн. ш. 36.535187° у. д. / 45.356416; 36.535187
Масавае забойства ў Керчы на мапе Ўкраіны
Масавае забойства ў Керчы
Масавае забойства ў Керчы
Масавае забойства ў Керчы

Ма́савае забо́йства ў Ке́рчы адбылося ўдзень 17 кастрычніка 2018 року. Паводле афіцыйных зьвестак, памерла 21 чалавек зь ліку навучэнцаў і пэрсаналу навучальнае ўстановы, пацярпелі 73 чалавекі[4].

Паводле цяперашняй вэрсіі сьледзтва, 17 кастрычніка 2018 року ля 11:40 (UTC+3)[1] падазраваны ў зьдзейсьненым масавым забойстве Ўладзіслаў Расьлякоў, маючы пры сабе самаробчыя выбуховыя прылады ды помпавую стрэльбу, пранік на тэрыторыю Керчанскага палітэхнічнага каледжу праз плот, зайшоў у будынак праз запасны ўваход і парушыў на другі паверх[5][6][7].

Пакінуўшы на другім паверсе сумку з стрэльбаю, Расьлякоў спусьціўся на першы паверх. Некаторы час маладзён месьціўся ў вэстыбюлі каледжу, пасьля накіраваўся ў ядальню, дзе пакінуў сумку з начыненаю мэталічнымі элемэнтамі самаробнаю выбуховаю прыладаю, а потым, аддаліўшыся на бясьпечную адлегласьць, прывёў дадзеную прыладу ў дзеяньне. Далей, зноў вярнуўшыся на другі паверх, Расьлякоў узброіўся помпаваю стрэльбаю і пачаў прыцэльны агонь па ўсіх людзях, якія былі ў ягонай зоне бачнасьці[5][6][7].

Паводле ўспамінаў некаторых відавочцаў, усяго выбухаў было некалькі, а таксама было чуваць стрэлы з аўтаматычнае зброі, што выклікала здагадкі пра тое, што нападнікаў магло быць некалькі[8][9]. Выданьне «Новая газета» прыводзіла словы студэнта каледжа Віктара, які адзначаў, што чуў ня менш за 10 стрэлаў, заразом, паводле ягоных словаў, гэта была адзінкавая стральба, а не аўтаматная чарга[1].

Пасьля зьдзяйсьненьня злачынства Расьлякоў накіраваўся да бібліятэкі каледжу, дзе, паводле вэрсіі сьледзтва, зьдзейсьніў самагубства, стрэліўшы сабе ў галаву з ружжа[6][7][10].

А 11:48 сыґнал пра здарэньне паступіў на пульт цэнтралізаванае аховы прыватнага ахоўнага прадпрыемства «Альфа», што ісьніла ахову будынка; дзяжурная ґрупа прыбыла да каледжу праз 10 хвілінаў[11]. Прыкладна ў гэты ж час паведамленьні пра напад на навучальную ўстанову паступілі ў праваахоўныя орґаны і экстраныя службы места. А 12:00 мэдыкамі службы хуткае мэдычнае дапамогі была распачатая эвакуацыя пацярпелых, а 12:40 будынак каледжа быў цалкам ачэплены супрацоўнікамі сілавых ведамстваў. Для аказаньня дапамогі аварыйным службам у расчыстцы завалаў камандаваньне Паўднёвае вайсковае акругі вылучыла больш за 200 вайскоўцаў і каля 100 адзінкаў цяжкае тэхнікі[6].

Загінулыя і параненыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усяго ў выніку нападу загінуў 21 чалавек: 15 студэнтаў, 5 працоўнікаў каледжа ды сам меркаваны злачынец. Паводле інфармацыі Цэнтру мэдыцыны катастрофаў Крыму, агульная колькасьць пацярпелых склала 73 чалавекі[12]; Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Крым паведаміла, што 50 чалавек зь ліку пацярпелых былі шпіталізаваныя[13].

Сьпіс загінулых[14][15][16]
  1. Сьцепаненка Сяргей Аляксандравіч, 30.08.2003 р. н.
  2. Карымаў Раман Валер’евіч, 16.09.1997 р. н.
  3. Усьценка Людміла Аляксандраўна, 15.10.1953 р. н.
  4. Перапелкін Ягор Андрэевіч, 04.09.1999 р. н.
  5. Журавлева Ганна Аляксандраўна, 27.12.1998 р. н.
  6. Вердзібажэнка Уладзіслаў Яўгеневіч, 23.08.2003 р. н.
  7. Керава Аліна Сяргееўна, 28.05.2002 р. н.
  8. Лысенка Руслан Валер’евіч, 03.11.2000 р. н.
  9. Джураеў Рудэн Рышатавіч, 21.11.2001 р. н.
  10. Лазараў Уладзіслаў Віталевіч, 06.09.1999 р. н.
  11. Лаўрынавіч Аляксей Віталевіч, 12.09.1999 р. н.
  12. Фларэнскі Мікіта Данілавіч, 26.06.2002 р. н.
  13. Піпенка Даніла Ігаравіч, 29.08.2002 р. н.
  14. Чагерэст Дар’я Аляксандраўна, 15.10.2002 р. н.
  15. Маісеенка Аляксандар Уладзімеравіч, 27.06.1972 р. н.
  16. Бакланава Настасься Вячаславаўна, 01.11.1991 р. н.
  17. Бакланава Сьвятлана Юр’еўна, 12.07.1961 р. н.
  18. Кудраўцава Ларыса Барысаўна, 14.03.1956 р. н.
  19. Болдзіна Ксенія Аляксандраўна, 28.11.2000 р. н.
  20. Дзямчук Вікторыя Вітальеўна, 04.04.2001 г. р. — памерла пасьля шпіталізацыі
  21. Расьлякоў Уладзіслаў Ігаравіч, 02.05.2000 г. р. — падазраваны
Падазраваны Ўладзіслаў Расьлякоў набывае набоі ў керчанскай зброевай краме «Сокол» незадоўга да масавага забойства

Падазраваны ў зьдзяйсьненьні злачынства — васямнаццацірочны Ўладзіслаў Ігаравіч Расьлякоў (нарад. 2 траўня 2000 року); ягонае цела з агнястрэльным параненьнем было знойдзена ў памяшканьні бібліятэкі каледжа; сьледзтва мяркуе, што нападаўца застрэліўся[17].

Паводле паведамленьняў сродкаў масавае інфармацыі, Расьлякоў быў залічаны ў Керчанскі палітэхнічны каледж 2015 року і навучаўся на 4 курсе па адмысловасьці «Мантаж, наладка і эксплюатацыя электраабсталяваньня прамысловых і грамадзянскіх будынкаў»[18].

Крыніца інфармацыйнага аґенцтва «РИА Новости» ў праваахоўных орґанах паведаміла, што Расьлякоў плянаваў свае дзеі з студзеня 2017 року і дзеяў паасобку[19]. Незадоўга да падзеяў 17 кастрычніка ён леґальна набыў агнястрэльную зброю (помпавая стрэльба Hatsan[3]), атрымаў дазвол на яе ад Расґвардыі[20][21]. На заняткі па абыходжаньні з зброяй у Сімфэропалі Ўладзіслаў запісаўся 18 ліпеня 2018 року, дзе прайшоў 6-гадзінны курс, на якім яму выкладалі тэхніку бясьпекі і правілы абыходжаньня са зброяю, а таксама аказаньне першае мэдычнае дапамогі. Пасьля праходжаньня курсу Ўладзіславу было выдадзенае пасьведчаньне[22]. 13 верасьня 2018 року Расьлякоў набыў у керчанскай збраявой краме «Сокол» 150 набояў з карцеччу[11].

На падставе дзеяў меркаванага злачынца і іх пасьлядоўнасьці адразу некалькі выданьняў выказалі здагадку, што напад натхнёны вядомым масавым забойствам у школе «Калумбайн» 1999 року ў ЗША; у прыватнасьці, сваім выглядам Расьлякоў нібыта пераймаў ня толькі самога Эрыка Гарыса, але й яго бэлетрызаваны вобраз у кінафільмах[1][23][24].

Расьсьледаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве пасьля здарэньня Нацыянальны атрытэрарыстычны камітэт Расеі абвясьціў пра падрыў у каледжы неўсталяванае выбуховае прылады, улады Рэспублікі Крым абвясьцілі рэжым надзвычайнае сытуацыі. Першапачаткова Фэдэральнаю службаю войскаў нацыянальнае ґвардыі ды Сьледчым камітэтам Расейскае Фэдэрацыі здарэньне разглядалася як тэрарыстычны акт[25][26][27], аднак затым узбуджаная крымінальная справа была перакваліфікаваная — сьледзтвам былі ўгледжаныя прыкметы злачынства, прадугледжанага пунктамі «а» ды «е» часткі 2 артыкула 105 Крымінальнага кодэксу РФ (забойства двох ды больш асобаў агульнанебясьпечным спосабам)[28].

Па справе аб масавым забойстве былі прызначаныя судова-мэдычныя, балістычныя й іншыя экспэртызы. Падазраванаму Ўладзіславу Расьлякову была прызначаная пасьмяротная псыхолага-псыхіятрычная экспэртыза. Супрацоўнікамі праваахоўных орґанаў былі праведзеныя ператрусы ў жылых памяшканьнях, якія належаць сваякам Расьлякова, і ў здымнай кватэры, у якой меркаваны забойца пражываў разам з маці, а таксама адабраныя рэчы, якія маюць значэньне для расьсьледаваньня[29].

Пракуратураю Аўтаномнае Рэспублікі Крым, што месьціцца ў Кіеве, была ўзбуджаная крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага часткаю 3 артыкула 258 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (тэрарыстычны акт, што прывёў да гібелі людзей)[30].

У інтэрвію інфармацыйнаму аґенцтву «Інтэрфакс-Украіна» кіраўнік пракуратуры Аўтаномнае Рэспублікі Крым Гюндуз Мамедаў заявіў, што факт знаходжаньня Крымскага паўвостраву пад кантролем Расейскае Фэдэрацыі не пазбаўляе Ўкраіну правоў на эфэктыўнае расьсьледаваньне справы. «Вядома, мы ўсьведамляем усю складанасьць і не будуем ілюзіяў наконт таго, што зможам забясьпечыць расьсьледаваньне гэтак, як калі б мы былі на тэрыторыі Крыму. Але мы мусім прыняць усе магчымыя, вычарпальныя меры, каб высьветліць сытуацыю, максымальна ўсталяваць факты, ня даць імі маніпуляваць, і каб вінаватыя ў гэтай страшнай траґедыі панесьлі кару», — адзначыў пракурор. Апроч іншага, Мамедаў падкрэсьліў, што ўкраінскаму боку важна ўпэўніцца ў тым, што расейскія дзяржаўныя орґаны праводзяць «усе неабходныя сьледчыя дзеі паўнавартасна ды аб’ектыўна» і прадпрымаюць «усё магчымае для ўсталяваньня ісьціны», а таксама дазволіў магчымасьць перакваліфікацыі або нават закрыцьця справы[31].

Вонкавыя выявы
Расея: мяшканцы Керчы аддаюць даніну павагі ахвярам нападу на каледж / Ruptly

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін ды прэзыдэнт Эґіпту Абдэль Фатах аль-Сісі ў рамках сумеснае заявы прэсе па выніках двухбаковае сустрэчы ўшанавалі памяць загінулых у Керчы хвілінаю маўчаньня[32]. Заплянаваныя раней пашыраныя перамовы паміж прадстаўнікамі дзяржаваў былі скасаваныя[33]. Спачуваньне ў сувязі з траґедыяю выказалі Фэдэральны канцлер Нямеччыны Анґела Мэркель ды прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка[34]. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на сустрэчы з украінскаю дэлеґацыяю ў парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы выказаў спачуваньні ўкраінцам, якія страцілі дзяцей у Керчы[35]. 18, 19 ды 20 кастрычніка 2018 року ў Рэспубліцы Крым й Севастопалі абвешчаныя днямі жалобы па ахвярах траґедыі[36][37]. 19 кастрычніка таксама было абвешчанае днём жалобы ў Тарнопальскай вобласьці Ўкраіны[38].

  1. ^ Поўная афіцыйная назва — «Дзяржаўная бюджэтная прафэсійная адукацыйная ўстанова Рэспублікі Крым „Керчанскі політэхнічны коледж“»
  1. ^ а б в г Жылін І. Керчанскі калумбайн? (рас.). Новая газетаПраверана 2018-10-17 г.
  2. ^ Экспэрты распавялі пра стрэльбу, якая, магчыма, была ў керчанскага стралка (рас.). РИА НовостиПраверана 2018-10-20 г.
  3. ^ а б в Арсэнал, сабраны для забойства. КоммерсантъПраверана 2018-10-20 г.
  4. ^ Колькасьць загінулых пры нападзе на керчанскі коледж узрасла да 21. РИА НовостиПраверана 2018-10-18 г.
  5. ^ а б Апублікаванае відэа моманту выбуху ды расстрэлу ў каледжы ў Керчы. ИнтерфаксПраверана 2018-10-21 г.
  6. ^ а б в г Масавае забойства ў керчанскім каледжы: храналёґія траґедыі. РИА Новости Крым. Праверана 2018-10-20 г.
  7. ^ а б в Маршрут керчанскага стралка адсачылі па камэрах. Lenta.ruПраверана 2018-10-20 г.
  8. ^ Сакалоў І. «Загінулыя памерлі ад агнястрэльных параненьняў»: колькасьць ахвяраў НЗ у Керчы узрасла да 19. RT.
  9. ^ Фролава М. «Забівалі ўсіх, каго маглі знайсьці». Lenta.ru.
  10. ^ Бароднева А. Масавае забойства ў керчанскім каледжы: храналёґія падзеяў. Звезда.
  11. ^ а б Керчанскі забойца ўжываў бракі аховы каледжа (рас.). НТВПраверана 2018-10-20 г.
  12. ^ Колькасьць пацярпелых у каледжы ў Керчы вырасла. Lenta.ruПраверана 2018-10-21 г.
  13. ^ Суконкіна Ю. Колькасьць шпіталізаваных пасьля надзвычайнага здарэньня ў Керчы ўзрасла да 50. Российская газетаПраверана 2018-10-21 г.
  14. ^ Сьпіс загінулых у Керчанскім палітэхнічным каледжы. Афіцыйны сайт адміністрацыі места Керчы. Праверана 2018-10-19 г.
  15. ^ Поўны сьпіс загінулых у выніку НЗ у Керчы. РИА Новости Крым. Праверана 2018-10-19 г.
  16. ^ Здымак загінулых падчас нападу на каледж у Керчы. Комсомольская правдаПраверана 2018-10-19 г.
  17. ^ Усталяваная асоба маладзёна, які расстраляў людзей у Керчанскім каледжы (рас.). Афіцыйны сайт Сьледчага камітэта Расейскае Фэдэрацыі. Праверана 2018-10-17 г.
  18. ^ Падазраваны ў зьдзяйсьненьні тэракту ў Керчы меў дазвол на захоўваньне зброі. ИзвестияПраверана 2018-10-17 г.
  19. ^ Крыніца распавяла пра падрыхтоўку керчанскага стралка да злачынства. РИА НовостиПраверана 2018-10-20 г.
  20. ^ Падазраваны ў стральбе ў Керчы атрымаў дазвол на зброю леґальна. Российская газетаПраверана 2018-10-17 г.
  21. ^ Гарашко С. Стральба ў Керчы: як Расьлякоў атрымаў зброю і дзе ўзяў грошы?. BBC Русская службаПраверана 2018-10-19 г.
  22. ^ Пагарэлаў Д. «Уладзіслаў Расьлякоў з Керчы вучыўся страляць ўсяго 6 гадзінаў»: аповяд інструктара. Московский КомсомолецПраверана 2018-10-19 г.
  23. ^ Іванаў А. Бойня ў Керчы - дакладная копія расстрэлу амэрыканскае школы «Калумбайн» (анг.). Комсомольская ПравдаПраверана 2018-10-18 г.
  24. ^ Roth, Andrew Crimea college attack: student carries out mass shooting in Kerch (анг.). The Guardian. Праверана 2018-10-17 г.
  25. ^ Пяскоў заявіў, што пры расьсьледаваньні выбуху ў Керчы разглядаецца вэрсія тэракту (рас.). ТАССПраверана 2018-10-18 г. Архіўная копія ад 2018-10-18 г.
  26. ^ Тэракт у каледжы ў Керчы зьдзейсьніў яго навучэнец. Ён застрэліўся. ТАССПраверана 2018-10-18 г. Архіўная копія ад 2018-10-18 г.
  27. ^ «Вэрсію тэракту ў Керчы нельга выняткоўваць!». Вести ФМПраверана 2018-10-18 г. Архіўная копія ад 2018-10-18 г.
  28. ^ Выбухі ў Керчы перадумалі лічыць тэрактам. Lenta.ruПраверана 2018-10-17 г.
  29. ^ СК Расеі працягвае ўсталёўваць абставіны масавага забойства ў Керчы. Афіцыйны сайт Сьледчага камітэту Расейскае Фэдэрацыі. Праверана 2018-10-18 г.
  30. ^ Пракуратура Ўкраіны распачала справу пра «тэрарыстычны акт» ў Керчы. RegnumПраверана 2018-10-17 г.
  31. ^ Пракурор АРК: Для нас важна эфэктыўнае расьсьледаваньне тэракту ў Керчы. Интерфакс-УкраинаПраверана 2018-10-22 г.
  32. ^ Прэс-канфэрэнцыя Пуціна і эґіпецкага лідэра пачалася з хвіліны маўчаньня ў памяць аб загінуўшых у Керчы. RTПраверана 2018-10-17 г.
  33. ^ Крыніца: перамовы Пуціна і аль-Сісі скасавалі праз траґедыю ў Керчы. РИА НовостиПраверана 2018-10-17 г.
  34. ^ Мэркель ды Лукашэнка выказалі спачуваньні ў сувязі з траґедыяю ў Керчы. ТК «Звезда»Праверана 2018-10-18 г.
  35. ^ Парашэнка выказаў спачуванні страціўшым дзяцей у Керчы ўкраінцам. РБКПраверана 2018-10-17 г.
  36. ^ Загад старшыні Рэспублікі Крым ад 17 кастрычніка 2018 року № 306-У "Пра абвяшчэньне жалобы ў сувязі з траґічнымі падзеямі ў месты Керчы". Российская газетаПраверана 2018-10-17 г.
  37. ^ У Севастопалі аб’яўленая трохдзённая жалоба праз траґедыю ў Керчы. РИА НовостиПраверана 2018-10-17 г.
  38. ^ На Тарнопальшчыне абвясьцілі дзень жалобы праз падзеі ў Керчы. Зеркало неделиПраверана 2018-10-21 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]