Перайсьці да зьместу

Пераахаладжэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пераахаладжэньне (гіпатэрмія; грэц. ὑπο + θέρμη — пад + цеплыня) — ахаладжэньне цела цеплакроўных жывёлаў і чалавека ў выніку цеплааддачы, што перавышае цеплавытворчасьць. Памяншае спажываньне тлену ораганамі і тканкамі арганізма. Павышае ўстойлівасьць арганізма да тленавага галаданьня[1]. Выкарыстоўваецца ў хірургіі пры апэрацыі на сэрцы, крывяносных сасудах і нэрвах (ацёк, атручаньне, цэнтральная нэрвовая сыстэма). Пры ахаладжэньні цела чалавека да +20—23°C спыняюцца дыханьне і сэрцабіцьцё[2]. Зьяўляецца хваратворным пры парушэньні абмену рэчываў, якое ў чалавека настае пры ахаладжэньні ніжэй за +35 °C. Выяўляецца ў санлівасьці, істотным паніжэньні артэрыяльнага ціску і запаволеньні сэрцабіцьця. Ад немачы найчасьцей церпяць немаўляты і самотныя пажылыя людзі, якія цягам дня знаходзяцца бяз руху ў халоднымі памяшканьні. Таксама здараецца з вадалазамі і горнымі ратавальнікамі, п’яніцамі і бяздомнікамі, людзьмі з хваробамі сэрца, шчытападобнай залозы і душэўнымі разладамі[3].

Адольф Нортэн(de) «Адступленьне Напалеона з Масквы» (1850)

Пазьбегнуць пераахаладжэньня дапамагае жвавы рух, нашэньне свабоднага адзеньня і непрамакальнай верхняй вопраткі. Ва ўмовах холаду варта насіць ваўняныя шкарпэткі і класьці ў боты цёплыя вусьцілкі. Пры выхадзе на вуліцу найлепш апранаць шалік, шапку і рукавіцы зь вільгаценепрымальнай тканіны і футрам у сярэдзіне. Таксама варта адмовіцца ад выпіваньня сьпіртовых напояў, паленьня і нашэньня мэталічных упрыгажэньняў на марозе. Зьмерзлыя рукі карысна трымаць у падпахах для адагрэву. Пры адчуваньні замярзаньня варта безадкладна зайсьці ў бліжэйшы абаграваны будынак (кавярню, краму, пад’езд). У выпадку заглуханьня аўтамабіля ўдалечыні ад паселішча найлепш заставацца ў машыне, выклікаць дапамогу па тэлефоне і чакаць на прыезд іншага аўтамабіля. Таксама мае сэнс пазьбягаць ветру, намаканьня скуры і выхаду на вуліцу з мокрымі валасамі. Перад доўгай прагулкай карысна паесьці і ўзяць з сабой гарачую гарбату ў тэрмасе, а таксама зьменныя рукавіцы і шкарпэткі. Агулам варта клапаціцца аб прагрэтасьці жытла і абмяжоўваць разавае знаходжаньне на вуліцы ў халоднае надвор’е 15 хвілінамі[3].

  1. ^ Гіпатэрмія // Экалягічны слоўнік / рэд. Ніна Кручкова. — Менск: Народная асьвета, 1993. — 224 с. — ISBN 985-11-0144-3
  2. ^ Гіпатэрмія // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5. — С. 254. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  3. ^ а б Вольга Кулінковіч. Гіпатэрмія: не гуляй да страты пульсу // Зьвязда : газэта. — 21 студзеня 2012. — № 13 (27128). — С. 2. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]