Права мёртвай рукі
Пра́ва мёртвай рукі́ (па-лацінску: manus mortua — «мёртвая рука») — норма фэадальнага права, якая існавала ў Сярэднявеччы ў краінах Заходняй ды Цэнтральнай Эўропы.
Паводле «Права мёртвае рукі» фэадал меў права адабраць пасьля сьмерці селяніна частку ягонае маёмасьці (звычайна — найлепшую галаву жывёлы, найлепшае адзеньне) альбо кошт у грошах.
Гэтае права грунтавалася на асабістае залежнасьці сялян ды да XI стагодзьдзя ў той ці іншай форме распаўсюджвалася на ўсіх асабіста залежных сялянаў. «Права мёртвае рукі» было адным са шматлікіх прывілеяў, якім валодала пануючая кляса ў эпоху фэадалізму.
Адабраньне часткі спадчыны выклікала абурэньне сялянаў ды нярэдка спрычыняла хваляваньні. У Чэхіі ў другой палове XIV стагодзьдзя гэтыя хваляваньні прынялі характар адкрытых выступаў сялянства супраць фэадалаў і ў першую чаргу супраць духоўных фэадалаў, бо на землях, якія належылі царквам і кляштарам, прыўлашчваньне маёмасьці памерлых сялянаў практыкавалася асабліва часта. Сьцеражучыся паўстаньняў сялянства, фэадалы з канца XIV стагодзьдзя крыху абмежавалі прыўлашчваньне сялянскае спадчыны.
Дадзенае права выклікала незадаволенасьць у шматлікіх манархаў і параджала імкненьне скасаваць «Права мёртвае рукі» ці хаця бы прыпыніць пашырэньне зямельных уладаньняў царквы. Першым гэтае зрабіў ангельскі кароль Эдуард I. У 1279 року ён выдае Статут «Аб мёртвай руцэ або аб царкоўных людзях», які забараняў духоўным асобам ды царкве ўваходзіць у валоданьне сьвецкімі фэодамі, а ўладальнікам гэтых фэодаў — прадаваць ці дараваць духоўным асобам і царкве свае землі бяз згоды іх сэньёраў.
У некаторых краінах «Права мёртвае рукі» стала паступова адміраць пачынаючы ўжо з XII стагодзьдзя ў сувязі з асабістым вызваленьнем сялянаў. У якасьці рэдкага перажытку прыгоннае сыстэмы (г. зв. «сэрважу») яно захавалася ў асобных раёнах Эўропы амаль да XVIII стагодзьдзя (прынамсі, для францускіх мэнмартабляў у Авэрне, Бурбоне ды Бургундыі). Канчаткова «Права мёртвае рукі» было скасаванае ў пратэстанцкіх краінах у пэрыяд Рэфармацыі (XVI стагодзьдзе), а ў Францыі — ў пэрыяд Вялікае францускае рэвалюцыі.
Мэнмартаблі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэнмартаблі — (па-француску: mainmortables ад main morte — «мёртвая рука») — катэгорыя фэадальна-залежных сялянаў у Францыі XIV—XVIII стагодзьдзяў. Фэномэн пераважаў, галоўным чынам, ва ўсходніх раёнах краіны[1]. Мэнмартаблі як від сэрваў адрозьніваліся найбольшай ступеньню асабістай няволі (абмежаваньне маёмасных правоў, волі шлюбу, права выступаць у судзе і г. д.). Пры адсутнасьці спадкаемцаў мужчынскага полу зямельнае ўтрыманьне мэнмартабляў і частка іншае маёмасьці пасьля іх сьмерці пераходзілі да сэньёра.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Большой юридический словарь. 3-е изд., доп. и перераб. // Под ред. проф. А. Я. Сухарева. — М.: ИНФРА-М, 2007. — VI, 858 с — (Б-ка словарей «ИНФРА-М»).
- Мишель Пастуро. Повседневная жизьнь Франции и Англии во времена рыцарей Круглого стола //Пер. с фр. М. О. Гончар. — Науч. ред., коммент. и посьлесл. Т. Д. Сергеевой — М.:Мол.гвардия, 2001. — 239 с.
- История государства и права средневековой Англии XIII—XV вв.: Хрестоматия // Сост., ред. и вст. ст. А. А. Тесьля. — Хабаровск: Изд-во ДВГУПС, 2006. — 185 с.