Раніца (1921)
Раніца | |
Тып | штодзённая |
---|---|
Выдавец | Вячаслаў Антонавіч Адамовіч |
Краіна | |
Галоўны рэдактар | Вацлаў Адамовіч |
Заснаваная | 22 сьнежня 1921 |
Закрытая | 16 лютага 1922 |
Палітыка | грамадзка-палітычная і літаратурная газэта |
Мова | беларуская |
Штаб-кватэра | Вільня, Вострабрамская вул. 1 |
«Раніца» (1921) — грамадзка-палітычная і літаратурная газэта. Выдавалася з 22 сьнежня 1921 да 16 лютага 1922 гг. у Вільні на беларускай мове штодзённа.
Рэдактар-выдавец Вацлаў Адамовіч. Надрукавала стэнаграму Беларускага зьезду, скліканага ў сьнежні 1921 г. у Вільні прыхільнікамі Польшчы.
Насуперак пастановы Беларускага нацыянальнага камітэту аб байкоце беларусамі выбараў у Віленскі сейм агітавала насельніцтва за ўдзел у выбарах і выставіла сьпіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Пасьля выбараў інфармавала аб дыскусіях у сейме пра будучы лёс Віленшчыны. Шмат увагі аддавала пытаньням рээвакуацыі бежанцаў з Савецкай Расеі, якія пакінулі Заходнюю Беларусь у час 1-й сусьветнай вайны.
Публікавала дыскусійныя матэрыялы («Аб рэлігійнай уніі на Беларусі» М.Каляды, «Беларуская інтэлігенцыя і будаўніцтва Беларусі» пад крыптанімам «С-с» і нш.), агляды міжнароднага становішча, выказваньні і інтэрвію членаў польскага ўрада, весткі з Савецкай Беларусі. Зьмясьціла творы Я.Піліпава, Вацлава Адамовіча (пад псэўданімам Дзяргач), А.Шуляка і інш. Закрытая ў сувязі з завяршэньнем акцыі афіцыйнага далучэньня Віленшчыны да Польшчы. Выйшлі 32 нумары.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архіў газэты Раніца, Беларуская палічка
- «Раніца» (1921—1922) // Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (па-летувіску: Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka (LMAVB). Žygimantų g. 1, LT-01102 Vilnius