Расейская мова ў Беларусі
Расейская мова ў Беларусі атрымала значнае пашырэньне сярод жыхароў краіны ў выніку шматгадовай палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі, а з усталяваньнем прарасейскага рэжыму Лукашэнкі з мэтай атрымаць падтрымку і грошы Расеі[1] Аляксандар Лукашэнка дэ-факта надаў расейскай мове статус дзяржаўнай мовы (фармальна побач зь беларускай, якая аднак, пачала дыскрымінавацца[2]) на падставе афіцыйна агучаных вынікаў рэфэрэндуму 1995 году, які супярэчыў Канстытуцыі Беларусі і дзейнаму заканадаўству, адзначаўся парушэньнем законаў[3] і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[4]
Расейская мова ў XXI стагодзьдзі, забясьпечваючы ў цэлым патрэбнасьці камунікацыі, не забясьпечвае псыхалягічны камфорт жыхароў Беларусі, што становіцца фактарам моўнага супрацьстаяньня і канфрантацыі. Расейская мова, у адрозьненьне, напрыклад, ад беларускай, не дазваляе меркаваць пра нацыянальную прыналежнасьць расейскамоўнага[5].
Расейская мова становіцца своеасаблівым гальмом для пашырэньня сфэраў выкарыстаньня расейскай мовы. Усякае, нават нязначнае, прасоўваньне беларускай мовы ў хоць-якую з сфэраў сучаснай камунікацыі, дзе яна мусіць выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова, чыста суб’ектыўна ўспрымаецца многімі расейскамоўнымі, у тым ліку беларусамі, як замах менавіта на расейскую мову[5].
Пашыранасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле перапісу насельніцтва 1999 году, расейскую мову назвалі роднай для 24,1% грамадзянаў Беларусі. Пры гэтым яе лічаць роднай:
Перапіс даў магчымасьць разьдзяліць паняцьці «родная мова» і «мова, на якой чалавек размаўляе дома». Паводле ягоных вынікаў, расейскай мовай дома размаўляюць 62,8% насельніцтва. Пры гэтым дома расейскай мовай размаўляюць:
- 95,7% расейцаў,
- 95,7% габрэяў,
- 83,6% украінцаў,
- 58,6% беларусаў,
- 37,7% палякаў.
У местах, паводле вынікаў перапісу, расейскай мовай размаўляюць 79,8% насельніцтва, у вясковай мясцовасьці — 24,5%. Некаторыя аналітыкі лічаць, што рэальная карціна пашыранасьці расейскай мовы іншая, бо многія карыстальнікі трасянкі назвалі яе пры перапісе беларускай мовай. Таксама адзначаецца, што вялікая колькасьць людзей, якія рэальна карыстаюцца расейскай мовай, пры перапісе назвалі беларускую праз пачуцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці[6].
Беларускі акцэнт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пад паняцьцем «беларускі акцэнт» аб’яднаныя асноўныя інтэрфэрэнтныя зьявы, характэрныя для расейскай гаворкі беларусаў (у меншай ступені расейскага насельніцтва Беларусі). Да іх адносяцца:
- фанэтычныя: фрыкатыўнае [γ] (ґара), замена гуку [г] гукам [х] у канцы словаў (пірох, смох); меншая рэдукцыя ненаціскных галосных (памагать замест пъмŒгаць, jапонец замест jіпонец (яканьне)); цьвёрдыя [ч] [чытать], ужываньне [шч] замест [щ] (шчука); дзеканьне (дзядзька); няправільны націск (четырна́дцать). У меншай ступені сустракаюцца падвойныя мяккія зычныя (варэньне, голосованьне); цьвёрды [р] замест мяккага (рысовать); губнагубны [ў] замест [у] і [л] (быў, траўка); цьвёрдыя губныя на канцы словаў (сем, степ)[7],[8],[9].
- марфалягічныя: да іх паводле дасьледаваньня Г. Ф. Вештарта адносяцца няправільны выбар роду назоўнікаў (собака съел; кровавый мозоль); няправільнае ўжываньне ліку назоўнікаў (мы собирали малины; слова выделены красным чернилом); памылковыя флексіі пры скланеньні (без погонов; мы с папом; по окне; на зелёным); формы без -т# або з -ць# у 3-й асобе дзеясловаў цяперашняга часу (дыхае, рисуе; береть, глядять); выкарыстаньне скарочанага варыянту суфікса нязьдзейсьненага тыпу (подкрадваться, выкрайвать)[10].
- лексічныя: ужываньне беларускіх словаў: завея (расейск. метель), бульба (расейск. картофель), цыбуля (расейск. лук), шильда (вывеска)[11].
Уплыў на беларускую мову
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На мяжы XX і XXI стагодзьдзяў характар уплыву расейскай мовы на сыстэму беларускай набыў рысы своеасаблівага «антыўплыву». У беларускай мове знаходзяць сваё адлюстраваньне тэндэнцыя да нацыяналізацыі і адыходу ад расейскай мовы, што праяўляецца ў вывядзеньні з актыўнага ўжытку русізмаў і лексікі, якая супадае з расейскай (выстава замест выстаўка (па-расейску: выставка), заплечнік замест рукзак (па-расейску: рюкзак)), гэтая тэндэнцыя стымулюе ўласныя намінатыўныя магчымасьці беларускай мовы. Акрамя таго, суседзтва дзьвюх моў спрыяе зьмяненьню вэктару моўнага ўзаемадзеяньня і стымулюе збліжэньне беларускай мовы з польскай (актывізацыя ў беларускай мове палянізмаў улётка, імпрэза, мапа, валізка і ішн.)[5].
Адукацыя і навука
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2006—2007 навучальным року ў расейскамоўных школах і клясах навучаліся каля 80% вучняў школаў[12]. У 2006 року ў расейскамоўных школах на расейскую мову былі пераведзеныя прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Геаграфія Беларусі», якія раней выкладаліся ў іх па-беларуску[13].
Выкладаньне ва ўсіх ВНУ і ССНУ вядзецца таксама ў асноўным на расейскай мове (за выключэньнем спэцыялізаваных катэдраў, прытым і выкладчыкам, і студэнтам няпрофільных катэдраў надаецца права выбару расейскай мовы як мовы лекцый і адказаў). Адным з прадметаў, па якіх праводзіцца тэставаньне для паступленьня ў ВНУ на нефілялягічныя спэцыяльнасьці, зьяўляецца на выбар расейская або беларуская мова.
Падрыхтоўка спэцыялістаў па спэцыяльнасьці «Расейская філялёгія» вядзецца ў 8 ВНУ Беларусі: па дзьве ВНУ ў Гомельскай і Менскай абласьцёх і па адной ВНУ ў астатніх.
У беларускай навуцы пераважае расейская мова. Так, у канцы 1990-х сярод працаўнікоў навукі беларускай мовай карысталіся пры зносінах 13%, абедзьвюмя мовамі — 33%, астатнія 54% карысталіся толькі расейскай мовай[11].
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 18 тэатраў Беларусі расейскамоўных 14. Расейская мова таксама пераважае ў беларускіх СМІ (асабліва на тэлебачаньні), кнігавыдаўніцтве, справаводзтве, працы органаў дзяржаўнай улады, набажэнскай практыцы пратэстанцкіх устаноў і, часта, праваслаўнай царквы. Каталіцкая ж царква выкарыстоўвае ў асноўным беларускую і, радзей, польскую мову.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
- ^ Гуштын А. Рэферэндум-1995. Права на беларускую мову, NAVINY.BY, 13 траўня 2015 г.
- ^ Пастухоў М., Пульша С. Канстытуцыя: шматкроць перапісаная і не дзеючая (бел.) // Новы час. — 2021. — № 10 (718). — С. 4.
- ^ а б в Лукашанец А. А. Русский язык в условиях международной интеграции и глобализации // Русский язык: система и функционирование (к 75-летию филологического факультета): сб. материалов VІ Междунар. науч. конф., Минск, 28-29 октября 2014 г.: в 2 ч. Ч. 1 / редкол.: И. С. Ровдо (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Изд. центр БГУ, 2014. — C. 3-10.
- ^ Защитит ли народ белорусский язык
- ^ Мельникова Л. А. Фонетическая интерференция // Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999
- ^ Мечковская Н. Б. Языковая ситуация в Беларуси: Этические коллизии двуязычия // Russian Linguistics. 1994. Vol. 18
- ^ Коряков Ю. Б. Типология языковых ситуаций и языковая ситуация в Белоруссии: Диссертация на соискание учёной степени канд. филол. наук
- ^ Вешторт Г. Ф. Смешанные формы речи // Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999. С. 65-73
- ^ а б https://web.archive.org/web/20080930220744/http://linguarium.iling-ran.ru/ling_geo/belarus/LSB-3.shtml
- ^ Беларускія школы ў новым навучальным годзе
- ^ ТБМ предлагает премьер-министру отменить перевод преподавания истории и географии Беларуси на русский язык