Перайсьці да зьместу

Рысь эўрапейская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эўрапейская рысь
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаСысуны
АтрадДрапежныя
СямействаКаціныя
ПадсямействаFelinae
РодРысі
ВідРысь эўрапейская
Падвіды
  • Lynx lynx lynx
  • Lynx lynx isabellinus
  • Lynx lynx kozlovi
  • Lynx lynx sardiniae
  • Lynx lynx stroganovi
Бінамінальная намэнклятура
Lynx lynx
(Linnaeus, 1758)
Арэал

Эўрапейская рысь (па-лацінску: Lynx lynx) — від сысуноў з роду рысяў. Адзіны прадстаўнік сямества каціных, які сустракаецца на тэрыторыі Беларусі.

Назва хутчэй за ўсё зьвязана з праславянскім коранем lysь, у якім пад уплывам іншага праславянскага кораня rysь (са значэньнем «рыжы, плямісты») зьявілася другаснае «r».

Эўрапейская рысь зьяўляецца найбуйнейшай з усіх рысяў, даўжыня цела 80—130 см і 70 см у карку. Самцы часьцей важаць 18—30 кг, а самкі важаць у сярэднім 18 кг. Тулава, як і ва ўсіх рысяў, кароткае, мажнае. Лапы тоўстыя, зімой добра апушаныя, што дазваляе рысі хадзіць па сьнезе, не правальваючыся. На вушах доўгія кутасікі. Хвост кароткі, нібы абсечаны.

Існуе мноства варыянтаў афарбоўкі рысі, якія залежаць ад геаграфічнага раёну, — ад рыжавата-бурага да палева-дымчатага, з больш-менш выразнай плямістасьцю на сьпіне, баках і лапах. На пузе валасы асабліва доўгія і мяккія, але не густыя і амаль заўсёды чыста белыя з рэдкім крапам. Паўднёвыя формы звычайна больш рудыя, поўсьць у іх карацейшая, а лапы меншыя.

Сьлед рысі тыпова каціны, без адбіткаў кіпцюроў. Заднюю лапу пры кроку яна ставіць у сьлед пярэдняй. Калі ідуць некалькі рысяў, то заднія ідуць дакладна ў сьлед пярэдніх.

Распаўсюджваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рысь — самы паўночны зь відаў каціных; у Скандынавіі яна сустракаецца нават за Палярным кругам. Некалі яна была звычайнай па ўсёй Эўропе, але да сярэдзіны XX стагодзьдзя яе вынішчылі ў большасьці краінаў Цэнтральнай і Заходняй Эўропы. Зараз зроблены пасьпяховыя спробы адрадзіць папуляцыю рысяў.

Лад жыцьця і харчаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рысь аддае перавагу буйным цёмнахваёвым лясам, тайзе, глухім участкам з густым падлескам і бураломам, хоць сустракаецца ў самых розных насаджэньнях, уключаючы горныя лясы; часам заходзіць у лесастэп і лесатундру. Яна выдатна лазіць па дрэвах і скалах, добра плавае.

Рысь вядзе сямейна-асобны спосаб жыцьця. Пры багацьці ежы рысь жыве асела, пры недахопе — вандруе. У суткі яна здольная праходзіць да 30 кілямэтраў. Аснову яе рацыёну складаюць зайцы. Таксама яна пастаянна палюе на цецеруковых птушак, дробных грызуноў (вавёрак, мышэй[1]), радзей — на невялікіх капытных, накшталт казулі, кабаргі, плямістага і паўночнага аленяў, зрэдку нападае на хатніх котак і сабак, а ў лесе — на лісіц, янотападобных сабак і іншых невялікіх зьвяроў.

Палюе рысь ў прыцемках. Яна ніколі ня скача на сваю ахвяру з дрэва, але пераважна высочвае і падпільноўвае здабычу ў засадзе, а затым нападае вялікімі, да 4 м, скачкамі. Ахвяру перасьледуе на дыстанцыі ня больш за 60—80 м, пасьля чаго выдыхаецца.

Рысь адрозьніваецца дзікасьцю і агрэсіўнасьцю, цяжка прыручаецца. Добра жыве і размнажаецца ў заапарках. Пры ўсёй асьцярожнасьці рысь ня вельмі баіцца людзей. Яна жыве ў створаных імі другасных лясах, у маладняку, на старых лесасеках і гарах; а ў бядотныя гады заходзіць у вёскі і нават у вялікія гарады.

Сацыяльная структура і размнажэньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рысь

Гон у рысі ў лютым — сакавіку, і ў гэтую пару рысі, звычайна маўклівыя, выдаюць гучныя крыкі, бурчаньне і мяўканьне. Цяжарнасьць у самак доўжыцца 63—70 дзён. У кодле звычайна 2—3 рысяні (часам 5[2]), якія перад зімой важаць 9—14 кг; сховішчам ім служыць логава пад вывернутымі каранямі паваленага дрэва, яма, земляная пячора або шчыліна скалаў. У выхаваньні кацянят ўдзельнічаюць абодва бацькі. Вывадак палюе разам з дарослымі да наступу наступнага сэзону размнажэньня.

Палавой сталасьці самкі дасягаюць у 21 месяц, самцы — у 33 месяцы. Працягласьць жыцьця, мабыць, 15—20 гадоў.

Стан папуляцыі і ахова

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кацяня рысі

Статус папуляцыі рысі ў розных краінах:

Прамысловае значэньне рысі невялікае (выкарыстоўваецца мех). Як і многія драпежнікі, яна адыгрывае важную сэлекцыйную ролю ў лясных біяцэнозах. Толькі ў паляўнічых гаспадарках, дзе разводзяць казуль, плямістых аленяў, фазанаў, яе прысутнасьць непажадана. Мех рысі густы, шаўкавісты і высокі. Даўжыня асьцюковых валасоў на сьпіне дасягае 5 сантымэтраў, а на жываце — 7 сантымэтраў, пад імі багатая мяккая подпуш. Афарбоўка шкуры вар’іруе ад рудаватых да блакітнаватых тонаў з плямістым малюнкам. Мех рысі заўсёды шанаваўся высока. Пачынаючы жа з 1950-х гадоў кошты на яго на міжнародным рынку сталі ўзрастаць зь небывалай хуткасьцю. Так, на Ленінградзкім пушным аўкцыёне ў 1958 годзе за лепшыя шкуры рысі было атрымана па 73 даляры ЗША, у 1973 годзе — 660 даляраў, а ў 1977 годзе — 1300 даляраў. Гэта тлумачыцца модай (факт сам па сабе вельмі рэдкі) на доўгавалосую пушніну, якая захавалася на дзесяцігодзьдзі, і сярод якой першае месца заняў рысіны мех.

У Беларусі ў ХІХ ст. рысь вадзілася паўсюдна і была шматлікай. У пачатку ХХ ст. пашырэньне і колькасьць скараціліся. Зараз гэта рэдкі від: хоць рысь трапляецца амаль на ўсёй тэрыторыі, але ў трох з шасьці абласьцей вельмі рэдка. У 1993 годзе налічвалася 400—450 асобін, зь іх больш 3/4 жыло ў Берасьцейскай, Менскай і Віцебскай абласьцях[3]. Характэрна ў Белавескай пушчы. У Бярэзінскім біясфэрным запаведніку налічваецца каля 10 рысяў[4].

З 1981 году ў Беларусі адстрэл рысі забаронены. Від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Паводле стану на 1986 год, у Беларусі налічвалася 500 рысяў[5].

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Гомля
  • Рысь шырока выкарыстоўваецца ў геральдыцы, сымбалізуючы паўнату і вастрыню зроку. Яе выяву можна ўбачыць на гербах або сьцягах такіх гарадоў, як Гомель або Расены (Летува). Па некаторых вэрсіях, менавіта рысь, а ня леў намаляваны на гербе Фінляндыі.
  • З-за вастрыні зроку ў гонар рысі было названа сузор’е Ёганам Гэвэліюсам у 1690 годзе. Гэвэліюс так камэнтаваў выбар назвы: «У гэтай частцы неба сустракаюцца толькі дробныя зоркі, і трэба мець рысіныя вочы, каб іх адрозьніць і распазнаць».
  • Дыстрыбутыў Ubuntu Linux вэрсіі 10/04 носіць найменьне «кемлівая рысь» (Lucid Lynx).
Рысь і рысяня на 10 беларускіх рублях 1992 году. Адваротны бок
  1. ^ Звяры беларускіх лясоў // Пралеска. — 2020. — № 10. — С. 76-79. — ISSN 2221-6308.
  2. ^ Самусенка Э. Р. Рысь // БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. — С. 520.
  3. ^ Козла П. Эўрапейская (звычайная) рысь Чырвоная кніга Беларусі Праверана 31 жніўня 2024 г.
  4. ^ Замореева Т.А. Современное состояние Березинского биосферного заповедника // Проблемы геологии и освоения недр. Труды XXI Международного симпозиума имени академика М.А. Усова студентов и молодых учёных, посвященного 130-летию со дня рождения профессора М.И. Кучина. — 2017. — Т. 1. — С. 736-738. — ISBN 978-5-4387-0761-5.
  5. ^ Рысь // Природа Белоруссии: популярная энциклопедия. / Рэдкал.: И. П. Шамякин, А. Г. Булавко, Р. Г. Гарецкий и др. — Мн.: «Белорусская Советская Энциклопедия», 1986. — 598 с. — С. 437-438.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]