Сьвянцянскі прарыў
Сьвянцянскі прарыў | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Сьвянця́нскі прары́ў (9 верасьня — 19 верасьня 1915) — няўдалая спроба наступальнай апэрацыі войскаў дзясятай арміі імпэрскай Нямецкай арміі супраць расейскай імпэратарскай дзясятай арміі генэрала Яўгена Радкевіча ў раёне Сьвянцянаў на Усходнім фронце Першай сусьветнай вайны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля захопу расейкай крэпасьці ў Коўне, падчас Віленскай апэрацыі нямецкая армія была спыненая, але на поўнач ад Вільні паміж пятай і дзесятай расейскімі арміямі стварыўся разрыў.
Камандуючы дзясятай нямецкай арміяй генэрал-палкоўнік Гэрман фон Айхгорн распачаў спробу глыбокім ахопам абыйсьці Вільню з поўначы і акружыць армію Радкевіча.
8 верасьня чатыры нямецкія кавалерыйскія дывізіі генэрала Гарнье пры падтрымцы дзьвюх пяхотных дывізій уклініліся ў стык паміж 10-й і 5-й арміямі. Спачатку нямецкая ўдарная групоўка мела посьпех, 1 (14) верасьня яны занялі Вялейку і падышлі да Смаргоні, Маладэчна, у ходзе рэйду тылавыя структуры расейскай арміі зьнішчаліся, чыгуначныя збудаваньні разбураліся. Нямецкія кавалерысты дайшлі да Менску і нават перарэзалі дарогу Менск — Смаленск.
Аднак, падчас бітвы, якая ўспыхнула, завязаліся суворыя сустрэчныя баі, у якіх расейскія войскі здолелі ўтрымаць свае пазыцыі. 15—16 верасьня расейскія войскі нанесьлі контрудар па нямецкай коньніцы і адкінулі яе да возера Нарач.
Да 19 верасьня (2 кастрычніка) Сьвянцянскі прарыў быў ліквідаваны, і фронт стабілізаваўся на лініі возера Дрысьвяты — возера Нарач — Смаргонь — Баранавічы — Пінск — Дубна — Тарнопаль. Абодва бакі перайшлі да пазыцыйнай абароны.
Вынік
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвянцянскі прарыў меў вялікае значэньне для нямецкай арміі на Ўсходнім фронце. Перш за ўсё расейскае войска страціла апошнюю рокадную чыгуначную магістраль, якая знаходзілася ў яе руках пасьля сыходу Польшчы, чыгункі, якая ішла ад Дзьвінску праз Вільню. У кампаніі 1916 году гэты фактар не дазволіў Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага перакідваць рэзэрвы з франтоў, разьмешчаных на поўнач ад Палесься, на Паўднёва-Заходні фронт, які вёў наступ у Луцкім прарыве. Нямецкае камандаваньне змагло ажыцьцяўляць перагрупоўку значна раней расейскага, што дазволіла аўстра-нямецкім войскам арганізавана адбіваць расейскія ўдары, маючы меншыя па колькасьці сілы.
Зь іншага боку, Гіндэнбург і Людэндорф не дасягнулі сваёй галоўнай мэты ў ходзе стратэгічнага наступленьня 1915 году — зьнішчэньне расейскіх армій у «катлах». Маючы колькасную перавагу, значную розьніцу ў якаснай падрыхтоўцы рэзэрваў і, нарэшце, зусім непараўнальную перавагу ў боепрыпасах, немцы не змаглі стварыць аніводнага «катла». Апошні шанец для немцаў — прарыў на Вільню — Сьвянцяны магутным ударам у стыку паміж расейскімі франтамі — таксама не ўвянчаўся посьпехам. Кайзэраўская армія спазьнілася з пачаткам Сьвянцянскай апэрацыі як мінімум на месяц, таму што ў ліпені—жніўні 1915 году галоўныя сілы армій Паўночна-Заходняга фронту ўжо пасьпелі выйсьці з акружэньня ў Польшчы, а немцы да восені страцілі ініцыятыву.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зайончковский А.М. Первая мировая война — СПб.: Полигон, 2000. — 878 с. — ISBN 5-89173-082-0.
- История Первой мировой войны 1914—1918 гг. / под редакцией И. И. Ростунова — в 2-х томах. — М.: Наука, 1975. — 25 500 экз.