Deep Blue
Deep Blue (літаральна цёмна-сіні) — шахматны супэркампутар, распрацаваны IBM, які 11 траўня 1997 году перамог чэмпіёна сьвету Гары Каспарава ў 6-партыйным матчы (дзьве перамогі супраць адной паразы, тры нічыі).[1] Каспараў абвінаваціў IBM у махлярстве і патрабаваў перагуляць матч, але IBM адмовіла Каспараву і дэмантавала супэркампутар.[2] У першым матчы, які прайшоў у 1996 годзе, Каспараў перамог папярэднюю вэрсію Deep Blue.
Распрацоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праект шахматнага супэркампутара быў пачаты пад назвай ChipTest ва Ўнівэрсытэце Карнэгі — Мэлан, спадкаемцам якога стаў кампутар Deep Thought. Пасьля атрыманьня ступені ва ўнівэрсытэце стваральнік ChipTest Фэн Сун Сю(en) і ўдзельнікі праекту Deep Thought Томас Анантараман і Мюрэй Кэмпбэл перайшлі ў IBM Research, каб працягнуць працу над стварэньнем шахматнага кампутура, які б мог перамагчы чэмпіёна сьвету.[3] Сю і Кэмпбэл далучыліся да IBM восеньню 1989 году, Анантараман далучыўся пазьней.[4] Пазьней ён канчаткова пакінуў працоўную групу, яго месца для распрацоўкі праграмнага складніка заняў Артур Джозэф Хоўн (анг. Arthur Joseph Hoane.[5]
Пасьля матчу Каспарава з Deep Thought у 1989 годзе IBM зладзіла конкурс на найлешую назву новага кампутара — кампутар быў названы Deep Blue, што ёсьць спасылкай на мянушку IBM — Big Blue.[6] Пасьля сканчэньня працы над паменшанай вэрсіяй Deep Blue, Deep Blue Jr. (Deep Blue малодшы), зь якой згуляў гросмайстар Джоэл Бэнджамін, Сю і Кэмпбэл вырашылі наняць апошняга для распрацоўкі дэбютнай кнігі для супэркампутара.[6]
У 1995 годзе прататып Deep Blue (названы Deep Thought II з маркетынгавых прычынаў) браў удзел у 8-м чэмпіянаце сьвету па кампутарных шахматах. Deep Blue згуляў з праграмай Wchess, прызначанай для пэрсанальных кампутараў, унічыю. У 5-м раўндзе Deep Blue, гуляючы белымі, прайграў кампутарнай праграме Fritz 3 у 39 хадоў, пры гэтым Fritz працаваў на звычайным кампутары з працэсарам Intel Pentium 90 МГц. У выніку прататып Deep Blue атрымаў другое месца разам з праграмай Junior (Junior таксама быў праграмай для пэрсанальных кампутараў).[7]
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Hsu, Feng-hsiung Behind Deep Blue: Building the Computer that Defeated the World Chess Champion. — Princeton University Press, 2002. — ISBN 0-691-09065-3
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |