Байнэт
Байнэ́т — беларуская частка сеткі Інтэрнэт. У Байнэце налічваецца каля 70 000 вэб-сайтаў, каля паловы якіх месьцяцца ў дамэнай зоне .by.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва ўтворана па аналёгіі зь некаторымі іншымі сэгмэнтамі Інтэрнэту ў краінах СНД і адбываецца ад пазначэньня нацыянальнага дамэну Беларусі — .by і слова net (па-ангельску: сетка). Існуе таксама альтэрнатыўная назва — Белнэт, скарачэньне ад «Беларускі Інтэрнэт», якое амаль ніхто не выкарыстоўвае.[1]
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1991 годзе высілкамі групы энтузіястаў ствараецца вузел сеткі Internet/Relcom. Гэты вузел упершыню ў Беларусі пачаў падаваць паслугі электроннай пошты.
У траўні 1994 году «Адкрыты кантакт» набыў статут адміністратара нацыянальнай дамэнай зоны by. Дзякуючы гэтаму сталі магчымыя беларускія сайты з канчаткам на .by. У 1995-96 гадох у сеціве пачалі зьяўляцца першыя беларускія старонкі.
3 ліпеня 1995 году было створана Рэспубліканскае дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэлекам», якое было абвешчана нацыянальным апэратарам сувязі. У ліпені 1996 году зарабіла сетка «Белпак», якая мела ў той час 18 вузлоў доступу ў Інтэрнэт.
У сакавіку 1997 году запушчаны ў эксплюатацыю спадарожнікавы канал на 1024 кбіт/хв. (На сярэдзіну 2003 году сукупны вонкавы канал сувязі РУП «Белтэлекам» складаў 79 Мбіт/хв).
У лютым 1999 году «Белтэлекам» запусьціў агульнарэспубліканскую сыстэму беспарольнага камутаванага доступу, якая магла абслугоўваць да 15 000 абанэнтаў што месяц.
2000 год зьяўляецца пераломным у разьвіцьці беларускага Інтэрнэту. Рэзкае павелічэньне аўдыторыі карыстальнікаў, зьяўленьне новых правайдэраў і вэб-студый, правядзеньне конкурсаў і акцый па разьвіцьці сеткі — усё гэта, а таксама нястомнае павелічэньне актыўнасьці сайтабудаўнікоў, ператварылі Інтэрнэт з захапленьня «кампутарных геніяў» і тэхнароў у паўсядзённы занятак тысячаў людзей самых розных прафэсій.
Беларусь стала адной зь першых краінаў у сьвеце, якая прыняла закон пра электронны дакумэнт. Закон быў падпісаны прэзыдэнтам 22 сьнежня 1999 году.
У канцы 2002 году ўрад Беларусі прыняў Дзяржаўную праграму інфарматызацыі «Электронная Беларусь».
1 красавіка 2009 году адзін з найбольш наведвальных сайтаў рунэту — Bash.org.ru быў пераназваны ў «Цытатнік Байнэту» з поўным перакладам усіх цытат і інтэрфэйсу на беларускую мову.
У пастанове Саўміна «Пра некаторыя пытаньні ўдасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт» № 644 ад 29 красавіка 2010 гады прыводзяцца нормы, паводле якіх да 1 ліпеня 2010 году інтэрнэт-рэсурсы, якія месьцяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, інфармацыйныя сыстэмы й сеткі неабходна зарэгістраваць[2].
Зыходзячы зь Указу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.02.2010 г. № 60 «Пра меры па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт» (рэгістрацыйны нумар: 1/11368) з 1 ліпеня 2010 году доступ да сеткі Інтэрнэт у пунктах калектыўнага карыстаньня ажыцьцяўляецца толькі пасьля падаваньня дакумэнту, які выяўляе асобу й рэгістрацыі карыстальніка. Продаж карт доступу да сеткі Інтэрнэт па тэхналёгіі Wi-Fi ажыцьцяўляецца таксама пасьля падаваньня дакумэнтаў.
Памер Інтэрнэт-аўдыторыі ў Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па выніках праведзенага ААН дасьледаваньня[3] на 2006 год доступам у Інтэрнэт валодала 5 477 500 карыстальнікаў ці 56,5% насельніцтва краіны. Гэта 22 месца ў сьвеце і самы высокі паказчык ва Ўсходняй Эўропе (нароўні з Эстоніяй у якой таксама 56,5%). У той жа час паводле гэтага дасьледаваньня распаўсюджанасьць шырокапалоснага доступу ў Беларусі прыкметна менш чым у сярэднім па рэгіёне. Па зьвестках на 2006 год колькасьць карыстальнікаў шырокапалоснага доступу складала 11 400 ці 0,1%. Такую сытуацыю можна збольшага растлумачыць тым што рынак шырокапалоснага доступу да 2006 году разьвіваўся галоўным чынам у Менску, паколькі Інтэрнэт-правайдары (акрамя дзяржаўнага «Белтэлекаму») не валодалі ўласнай сеткай перадачы зьвестак дастатковай прапускной здольнасьці, каб масава прапанаваць гэту паслугу нават у найбуйнейшых гарадах краіны. Пасьля таго як у канцы 2006 году «Белтэлекам» выйшаў на рынак масавага шырокапалоснага доступу, колькасьць карыстальнікаў гэтай паслугі стала імкліва расьці. Так у 2008 годзе «Белтэлекам» абвясьціў пра тое што колькасьць карыстальнікаў шырокапалоснага доступу ў яго дасягнула 100 тыс.[4]. Акрамя таго ў 2007—2008 гадох некалькі буйных беларускіх правайдараў таксама запусьцілі паслугу доступу па ADSL у абласных цэнтрах.
1 студзеня 2012 году налічвалася больш за 6,3 млн абанэнтаў сеціва, зь іх 53,8% карысталіся шыракапалосным доступам. 40% жыхароў ва ўзросьце ад 16 гадоў карысталіся сецівам. На 26 лістапада 2012 году прапускная здольнасьць вонкавых каналаў доступу ў сеціва складала 250 Гбіт/сэк.[5] На 1 студзеня 2013 году прапускная здольнасьць вонкавых каналаў доступу ў сеціва склала 350 Гбіт/с. Колькасьць абанэнтаў сеціва склала 8,4 млн, у тым ліку фізычных асобаў — 7,5 млн. Колькасьць абанэнтаў бяздротавага доступу — 5,7 млн. У агульнай колькасьці абанэнты шырокапалоснага доступу (стацыянарнага і бяздротавага) склалі 67,7%[6].
Інтэрнэт-гандаль у Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёньня Інтэрнэт — адзін з самых эфэктыўных і разьвітых каналаў продажу. Па дадзеных міністэрства гандлю [7] на 2008 год у Беларусі працуе каля 700 інтэрнэт-крама. Кожны год іх колькасьць павялічваецца ў сярэднім на 100 аб’ектаў. Першай беларускай Інтэрнэт-крамай быў сайт oz.by, празь які можна было купіць кнігі, відэакасэты, кампутарныя гульні. Гэта пляцоўка зьявілася ў кастрычніку 1999 году. У 2000 годзе паўсталі крамы shop.by і onliner.by. Цяпер гэта буйныя гандлёвыя пляцоўкі, на якіх месьцяцца сотні гандляроў. У Беларусі працуе вялікая колькасьць Інтэрнэт-крам, самыя буйныя зь якіх: e-odezhda.by[8] (адзежа і аксэсуары), oz.by і mirknig.by[9] (кнігі, дыскі), novatek.by[10] (ноўтбукі, кампутары, побытавая тэхніка). Па пастанове ўраду Беларусі № 649 ад 29 красавіка 2010 усе Інтэрнэт-крамы рэгіструюцца ў гандлёвым рэестры.
Паводле апытаньня пакупнікоў Інтэрнэт-крам[11] сярэдні ўзрост людзей, якія карыстаюцца паслугамі Інтэрнэт-крам у Беларусі — 21—25 гадоў (31% карыстальнікаў), 25—29 гадоў (28% карыстальнікаў). Мужчыны зьдзяйсьняюць Інтэрнэт-куплі часьцей жанчын: 56% і 44% карыстальнікаў адпаведна. Часьцей за ўсё жыхары Беларусі купляюць праз Інтэрнэт мабільныя тэлефоны й фотатэхніку, кампутары й наўтбукі. Усё часьцей беларусы заказваюць у Інтэрнэт-крамах будаўнічыя матэрыялы, мэблю, прадметы інтэр’еру, буйную тэхніку.
21 жніўня 2009 году «БелТонМэдыя» заснаваў беларускамоўную краму www.prastora.by[12][13]. У 2010 годзе таваразварот сеціўных крамаў склаў больш за 230 млрд беларускіх рублёў[14] ($76,8 млн). У 2011 годзе таваразварот сеціўных крамаў склаў 800,5 млрд рублёў ($142,8 млн; 0,7% ад розьнічнага таваразвароту). На 14 красавіка 2012 году налічвалася 3932 улічаныя крамы[15]. На 4 траўня з амаль 4 тыс. улічаных крамаў 75% знаходзіліся ў сталіцы, 12% — у Менскай вобласьці, па 2—3% у кожнай іншай вобласьці[16]. На 5 сьнежня на ўліку ў Міністэрстве гандлю стаяла 4665 сеціўных крамаў (48% ад агульнага ліку)[17].
Стан
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па меркаваньні дырэктара й заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера, Байнэт адстае ад Інтэрнэту ЗША на 9 гадоў (на чэрвень 2009 году)[18].
Да 2012 году беларускія райцэнтры могуць абагнаць Менск па ўзроўні пранікненьня Інтэрнэту. На чэрвень 2009 году ў гарадах з насельніцтвам больш за 100 тысячаў чалавек 12,2% жыхароў карыстаюцца доступам у Сетку штодня. У Менску аналягічны паказчык складае 30,8%.[19]
Статыстыка, рэйтынгі, каталягізацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ажыцьцяўляецца шэрагам беларускіх парталаў:
- Акавіта[20] — першы беларускі рэйтынг сайтаў.
- Беларускі bigmir)net[21] — украінскі рэйтынг сайтаў, стварыў беларускую вэрсію ў 2008.
- Геміюс[22] — першая камэрцыйная сыстэма статыстыкі, пачала працаваць у 2008 году.
Рэспубліка Беларусь — на 66 месцы сярод краінаў з найбольш высокай «шкоднай актыўнасьцю ў інтэрнэце» (справаздача Symantec пра пагрозы інтэрнэт-бясьпекі за 2009 год). У першай сотні краінаў — Расея (7 месца), Украіна (27 месца), Казахстан (54 месца), Грузія (78 месца) і Малдова (86 месца)[23]
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяжкасьці перакладу й самаідэнтыфікацыі. Расставіць усе кропкі перад «by» пакуль не атрымоўваецца
- ^ Беларускія хостэры папытаюць уладальнікаў сайтаў зарэгістравацца
- ^ INFORMATION ECONOMY REPORT 2007—2008
- ^ Колькасьць абанэнтаў Byfly дасягнула 100 тыс. Навіны Беларусі, навіны Расеі, навіны спорту, навіны Ўкраіны, навіны зоркі
- ^ Агляд 2012: Лічбавыя тэхналёгіі Інфаграфіка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (26 лістапада 2012). Праверана 1 сьнежня 2012 г.
- ^ Марына Носава.. За апошні год колькасьць абанэнтаў сеткі інтэрнэт у Беларусі ўзрасла амаль на 23% // БелаПАН, 17 траўня 2013 г. Праверана 18 траўня 2013 г.
- ^ Штогод колькасьць інтэрнэт-крам у Беларусі ў сярэднім павялічваецца на 100 аб’ектаў
- ^ https://web.archive.org/web/20121219085111/http://www.e-odezhda.by/
- ^ https://web.archive.org/web/20141218014113/http://mirknig.by/
- ^ http://www.novatek.by
- ^ Big Fish Consalting: Вынікі апытаньня пакупнікоў Інтэрнэт-крамы
- ^ https://web.archive.org/web/20210731023758/http://prastora.by/
- ^ Вольга Жарнасек. Байнэт папоўніўся беларускамоўнай крамай // Наша Ніва, 21 жніўня 2009 г. Праверана 28 красавіка 2013 г.
- ^ Натальля Тарасюк. Міністэрства гандлю рэкамэндуе інтэрнэт-магазінам пераходзіць на безнаяўныя плацяжы // Белтэлерадыёкампанія, 22 жніўня 2011 г. Праверана 28 красавіка 2013 г.
- ^ Ганна Гарустовіч. Інтэрнэт-крамы будуць прымаць і безнаяўныя // Зьвязда : Газэта. — 14 красавіка 2012. — № 73 (27188). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Зьміцер Кахно. Беларускія інтэрнэт-магазіны могуць пазбавіцца наяўных грошай // Белтэлерадыёкампанія, 4 траўня 2012 г. Праверана 28 красавіка 2013 г.
- ^ Тацяна Грыгаровіч (5 сьнежня 2012) Мінгандаль канстатуе хуткае развіцьцё інтэрнэт-гандлю ў Беларусі Эканоміка. БелТА. Праверана 6 сьнежня 2012 г.
- ^ Наста Ігнатовіч. Зісер: У Беларусі Інтэрнет дарагі, але гэта нікога не стрымлівае // Эўрарадыё, 1 чэрвеня 2009 г. Праверана 8 траўня 2013 г.
- ^ Рэгіянальны пратакол: тэхналёгіі ідуць у глыбінку
- ^ http://www.akavita.by/be/
- ^ https://web.archive.org/web/20130731093551/http://top.bigmir.net/by
- ^ https://web.archive.org/web/20200510220549/https://gemius.by/
- ^ Беларусь патрапіла ў першую сотню краін з найбольш высокай «шкоднай актыўнасьцю ў інтэрнэце»