Перайсьці да зьместу

Беларусы ў Польшчы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларусы ў Польшчы — адна зь дзевяці юрыдычна прызнаных нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, якая пражывае пераважна ў паўднёва-ўсходняй частцы Падляскага ваяводзтва.

Удзельная вага беларусаў у насельніцтве Падляскага ваяводзтва, паводле перапісу насельніцтва Польшчы 2002

Згодна зь перапісам 2002 году, у Польшчы пражывае 50 тысячаў беларусаў, пераважна ў Падляскім ваяводзтве (96,6%; найбольш у Беластоку — 7,5 тысячы). У той самы час паводле падлікаў Пятра Эбэргарта ў 1992 годзе іх колькасьць складала 215 тысячаў чалавек, а згодна з Маркам Галушкам колькасьць беларусаў дасягае 230 тысячаў.

Двумоўная шыльда на ўезьдзе ў вёску Маліньнікі

На думку польскага дасьледчыка К. Падляскага, напрыканцы 1980-х у Польшчы жыло ад 250 да 400 тысячаў беларусаў, паводле зьвестак Польскае аўтакефальнае праваслаўнае царквы — 290 тысячаў (1/3 ейных вернікаў). Паводле ж статыстыкі выбараў у сойм у 1989 годзе на Беласточчыне беларусы складалі 30% насельніцтва (206,8 тысячаў чалавек), у тым ліку ў Беластоку 25% (65,5 тыс. чал.), Бельску-Падляскім і Гайнаўцы па 65% (адпаведна 17,2 і 15,1 тысячы чалавек). Паводле перапісу беларускую мову ў штодзённных зносінах ужывае толькі 40,6 тысячы чалавек.

Абароне правоў і інтарэсаў беларускае дыяспары ў Польшчы спрыяюць Дэклярацыя аб беларуска-польскіх адносінах (кастрычнік 1990), пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі й Міністэрствам народнае адукацыі Польшчы (сакавік 1992), беларуска-польская Дамова аб добрасуседзтве й супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992 году.

Землі найшчыльнейшага пражываньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Уваход у сядзібу Беларускага грамадзка-культурнага таварыства (БГКТ). Вуліца Варшаўская 11, Беласток.

Беларусы ёсьць аўтахтонным насельніцтвам Падляскага ваяводзтва, тэрыторыя якога была перададзеная ў 1944 годзе Польшчы. Беларусы афіцыйна пераважаюць колькасна ў чатырох гмінах ваяводзтва, адрозьніваючыся такім чынам ад іншых нацыянальных меншасьцяў Польшчы (апроч іх адно летувісы ствараюць абсалютную большасьць насельніцтва ў Пунскай гміне). У 12 гмінах ваяводзтва (у тым ліку ў гарадох Бельску-Падляскім і Гайнаўцы) беларусы складаюць больш за 20% насельніцтва, што, згодна з законам ад 6 студзеня 2005 году, дало ім права на ўжываньне дзьвюхмоўных назоваў геаграфічных аб’ектаў і выкарыстаньне беларускае мовы ў кантактах з урадам. 21 чэрвеня 2007 году беларуская мова стала афіцыйнай у Гайнаўцы. Адпаведную ўхвалу на ўнёсак Беларуска-народнай фракцыі прыняла гарадзкая Рада.[1]

Колькасьць беларускага насельніцтва ў 16 гмінах Падляскага ваяводзтва %
Чыская гміна 81,81
Гміна Дубічы Царкоўныя 81,33
Арлянская гміна 68,93
Гайнаўская гміна 64,91
Нараўская гміна 49,23
Бельская гміна 46,68
гміна Нараўка 47,27
Кляшчэльская гміна 41,83
Чаромхаўская гміна 28,71
Гайнаўка 26,41
Гарадоцкая гміна 23,07
Бельск-Падляскі 20,66
гміна Нурэц-Станцыя 16,36
Міхалоўская гміна 14,17
Мілейчыцкая гміна 13,09
Белавеская гміна 11,54

Беларуска-польскія кантакты вядомыя ад часоў раньняга Сераднявечча (гандлёвыя стасункі, дынастычныя шлюбы, вайсковыя сутыкненьні й інш.). Беларуская прысутнасьць у Польшчы й абмен насельніцтвам пачаліся ў часы ВКЛ. Ранейшыя беларусы траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Прыкладам, калі ў 1325 годзе вялікі князь літоўскі Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казімера, сына Ўладзіслава І Лакетка, з Польшчы былі вернутая пэўная колькасьць ваеннапалонных, а ў складзе сьвіты Альдоны ў Польшчу былі накіраваныя выхадцы з ВКЛ. Лічыцца, што ў сярэдзіне ХІV ст. у Польшчы жыло каля 40 тыс. беларусаў. У 1386 годзе, ажаніўшыся з польскай каралевай Ядзьвігай, каралём Польшчы стаў вялікі князь ВКЛ Ягайла, які паклаў пачатак польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.

Музэй і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы

У выніку Люблінскае уніі 1569 году беларусы й палякі амаль да канца XVIII ст. апынуліся ў складзе аднае дзяржавы — Рэчы Паспалітае. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітае пэўная колькасьць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Расейскае імпэрыі. Паводле перапісу 1897 году ў Прывісьлінскім краі беларусы складалі 6,7% насельніцтва (каля 30 тыс. чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губэрнях.

Міжваенная Польшча (1918—1939)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля Першае сусьветнае вайны, калі польская дзяржава была адноўлена, на ейных землях засталася частка этнічных беларусаў. У складзе Польшчы неўзабаве апынулася вялікая частка этнічна беларускіх земляў (г. зв. Заходняя Беларусь), што ўвайшлі ў склад Віленскага, Палескага, Наваградзкага, Беластоцкага ваяводзтваў. Паводле падлікаў статыстычных органаў СССР у Польшчы жыло 3250 тыс. чал. У верасьні 1939 году беларускія землі Польшчы ўвайшлі ў склад СССР. У часе Другое сусьветнае вайны беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баёх у 1939 годзе, уваходзілі ў склад Арміі Андэрса, Арміі Краёвай і Арміі Людовай.

Знак-паказальнік на турысцкім шляху Царскі гасьцінец у Асоўцы

Напрыканцы Другое сусьветнае вайны паводле савецка-польскіх пагадненьняў пра мяжу ад 26 ліпеня 1944 і 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Польшчы з складу БССР 17 раёнаў Беластоцкае й 3 раёны Берасьцейскае вобласьцяў, населеныя пераважна беларусамі. У часе дэмаркацыі мяжы паміж БССР і Польшчай і ўзаемнае рэпатрыяцыі насельніцтваа зь Беларусі ў Польшчу (пераважна на Беласточчыну) у 1944—1948 гадах пераехалі больш за 270 тыс. чалавек (беларусы-каталікі дэкляравалі сябе палякамі). Праз тэрор польскага нацыяналістычнага падпольля, неспрыяльнае эканамічнае становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданьску й Шчэціну), Варшаве, Кракаве, Торуні й інш. гарадох.

Польская Народная Рэспубліка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 1948 году ўлады Польшчы афіцыйна не прызнавалі наяўнасьці беларускае нацыянальнае меншасьці ў краіне. Арганізаваная нацыянальна-культурная дзейнасьць беларусаў, што пачалася напрыканцы 1940-х з аднаўленьня беларускага школьніцтва, актывізавалася ў 1956 годзе, калі ў Польшчы было створанае Беларускае грамадзка-культурнае таварыства (БГКТ), катэдра беларускае філялёгіі ў Варшаўскім унівэрсытэце й інш. У 1956 годзе пачала выдавацца газэта «Ніва», у 1957 годзе — «Беларускі каляндар», а ад 1958 году дзейнічае літаратурна-мастацкае аб’яднаньне «Белавежа», створаныя беларускія ліцэі ў Бельску-Падляскім і Гайнаўцы. Паводле сацыяльнага статусу да канца 1950-х бальшыня беларусаў Польшчы была сялянамі.

У 1970-я і ў часе вайсковага становішча ў 1981—1983 гадах праз абмежаваньні з боку польскіх уладаў назіраўся спад грамадзка-культурнае актыўнасьці беларусаў. У 1980-я ўзьніклі Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (1981, зарэгістраванае ў 1988), Гайнаўскі музэй помнікаў беларускае культуры, шэраг беларускіх выдавецтваў і пэрыядычных выданьняў.

У 1990-я былі зарэгістраваныя Рада беларускіх арганізацыяў у Польшчы, Саюз гмінаў усходняе Беласточчыны, Зьвяз беларускай моладзі, Беларускае гістарычнае таварыства (кіраўнік Алег Латышонак), Асацыяцыя беларускіх журналістаў. Створаныя Згуртаваньне варшаўскіх беларусаў, беларускае культурна-асьветнае таварыства ў Гданьску «Хатка» (1992), беларускі гурток у Ольштыне. У 1997 годзе ў сойм быў абраны кіраўнік БГКТ Ян Сычэўскі.

У 2020—2021 навучальным годзе беларусы склалі 13% ад замежных студэнтаў польскіх ВНУ[2].

21 верасьня 2021 году польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда заявіў на 76-й Генэральнай асамблеі ААН, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году каля 150 000 беларусаў атрымалі прытулак і працу ў Польшчы[3]. 2 лістапада 2021 году Эўрапейская статыстычная ўправа (Люксэмбург) паведаміла, што ў 2020 годзе на Польшчу прыпала 50 923 (0,5 % насельніцтва Беларусі) або 80 % з 63 520 дазволаў на жыхарства, атрыманых грамадзянамі Беларусі ў 27 краінах Эўразьвязу[4].

За 2022 год на 37 700 чалавек вырас лік грамадзянаў Беларусі, якія былі працаўладкаваныя ў Польшчы і выплочвалі ўнёскі на лекаваньне і пэнсію ва Ўстанову грамадзкага страхаваньня. Да сакавіка 2023 году іх лік дасягнуў 116 000 чалавек, у выніку чаго беларускія грамадзяне занялі 2-е месца сярод плацежнікаў страхавых унёскаў зь ліку іншаземцаў. Пры гэтым 72 % складалі мужчыны. У занятасьці беларускіх працаўнікоў пераважалі: перавозкі — 34 %, будаўніцтва — 24 % і апрацоўчая прамысловасьць — 18 %. Большасьць зь іх была ў працаздольным веку: 25—34 гадоў — 34 % і 35—44 гадоў — 28 %[5].

12 верасьня 2024 году Эўрапейская статыстычная ўправа паведаміла, што ў 2023 годзе грамадзяне Беларусі атрымалі ў Польшчы больш за ўсіх першых відаў на жыхарства (ВНЖ) сярод іншаземцаў. За той год беларускія грамадзяне атрымалі 255 595 ВНЖ у Польшчы, якія склалі 91 % ад 281 279 ВНЖ, атрыманых беларусамі ў 27 краінах Эўразьвязу. Пры гэтым 51 % (130 057) відаў на жыхарства выдалі на падставе працы, а 46 % (117 045) — паводле іншых прычынаў, у якія ўваходзілі міжнародная абарона і гуманітарны ВНЖ, якія выдавалі ўцекачам[6].

Грамадзка-культурнае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да галоўных арганізацыяў беларускае меншасьці ў Польшчы належаць Беларускае Грамадзка-культурнае Таварыства ў Польшчы, Беларускі Зьвяз у РП, Зьвяз Беларускае Моладзі, Беларускае Літаратурнае Таварыства “Белавежа”, Беларускае Гістарычнае Таварыства, Асацыяцыя Беларускіх Журналістаў, Згуртаваньне Беларускіх Студэнтаў. Імі выдаюцца штотыдзень газэта «Ніва», штомесяц «Czasopis» і раз на паўгады «Białoruskie Zeszyty Historyczne». Да найгалаўнейшых культурных імпрэзаў беларусаў Польшчы належаць Фэстываль Беларускае Моладзевае Музыкі «Басовішча», Фэстываль «Беларуская Песенька» ў Беластоку, Бельская бардаўская восень, Сьвята беларускае культуры ў Беластоку, Сьвята «Купальле» ў Белавежы.

Бальшыня вернікаў належыць Польскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, што праз сваю дзейнасьць спрыяе захаваньню нацыянальнае адметнасьці беларусаў: выдаецца штомесяц часопіс «Праваслаўны агляд», дзейнічаюць Брацтва Сьвятых Кірылы й Мятода, Моладзевае Праваслаўнае Брацтва.

Гісторыю, культуру, побыт беларускае дыяспары ў Польшчы дасьледуюць Алена Глагоўская, Аўген і Ян Мірановічы, Юры Туронак і іншыя польскія гісторыкі беларускага паходжаньня. Выдаюцца літаратурныя творы Алеся Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, Сакрата Яновіча, В.Шведа ды іншых беларускіх пісьменьнікаў Польшчы.

Віктар Швед у 2010 годзе сказаў, што пасьля адзначаньня пяцідзесяцігодзьдзя аб'яднаньня «Белавежы», па стане на 2010 год у яе складзе было 20 дзейных членаў[7], якія маюць свае зборнікі. Белавежа выпусьціла каля 200 кніг, 7 альманахаў і 12 гадавікоў Тэрмапілы.

Сучасная Польшча зьяўляецца краінаю дзьвюх літаратур: польскае й беларускае[7][8]. Таму беларуская літаратура Польшчы належыць як польскаму, так і беларускаму кантэксту. В. Швед спасылаўся на літаратурных крытыкаў, якія гаварылі, што «Белавежа» зьяўляецца найстарэйшай і з найбольшымі творчымі дасягненьнямі літаратурнаю групаю ў Польшчы[7].

Беларуская мова выкладаецца ў 39 пачатковых навучальных установах (у 23 школах, 14 гімназіях, 2 ліцэях), яе вывучае 8 тысячаў дзяцей і падлеткаў беларускае нацыянальнасьці. Ад 1997 году ў Беластоку існуе ўнівэрсытэт (былы філіял Варшаўскага ўнівэрсытэту), дзе ёсьць катэдра беларускае культуры.

Палітычнае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнікі беларускае меншасьці ўваходзяць у мясцовае кіраўніцтва падляскага ваяводзтва. На парлямэнцкіх выбарах 2001 году беларускія арганізацыі здолелі правесьці двух паслоў — Аўгена Чыквіна й Аляксандра Чужа — ды аднаго сэнатара Сяргея Плеву (утрох — прадстаўнікі Саюзу Дэмакратычнае Лявіцы-Уніі Працы). У выбарах у падляскі ваяводзкі соймік у 2002 годзе за Беларускі Выбарчы Камітэт было аддадзена 15.544 галосаў (4,11%). Найбольшую колькасьць галасоў атрымалі Сакрат Яновіч (1736), Ян Чыквін (4846) і Яўген Вапа (5134). Такая малая колькасьць галасоў зьвязаная з тым, што паветы зь беларускай меншасьцю былі злучаныя з этнічна польскімі, дзе моцныя нацыяналістычныя сымпатыі (гэтак Сямятыцкі й Бельскі паветы былі злучаныя з Высокамазавецкім і Замбраўскім). На парлямэнцкіх выбарах 2005 дэпутацкі мандат здолеў атрымаць толькі Яўген Чыквін, набраўшы 14 481 голас. Шырокай падтрымкай падляскіх беларусаў карыстаецца Ўладзімеж Цімашэвіч, кандыдат у прэзыдэнты Польшчы ў 2005 годзе. Найбольш яго падтрымліваюць у Бельскім, Гайнаўскім і Сямятыцкім паветах. Для большасьці польскіх беларусаў Цімашэвіч быў нацыянальным кандыдатам, хоць ён ніколі не казаў пра свае беларускае паходжаньне. Дзякуючы Цімашэвічу вялікай падтрымкай карыстаецца й ягоная партыя Саюз Дэмакратычнае Лявіцы. У той самы час беларускае паходжаньне кандыдата было скарыстанае ягонымі супернікамі, якія выкарысталі нелюбоў да беларусаў ці да праваслаўных, што існуе ў некаторых мясцовасьцях. Яны таксама акцэнтавалі ўвагу на аўтарытарным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі ў самой Беларусі. На выбарах у падляскі ваяводзкі соймік у 2006 годзе за Беларускі Выбарчы Камітэт было аддадзена 7914 галасоў (2.05%), найбольш — за Яна Чыквіна (2405), Аўгена Вапу (1669) і Аўгена Мірановіча (1119). Хоць БВК не атрымаў аніводнага мандату, у складзе сойміку апынуліся тры беларусы. Аднак прадстаўнікі беларускае меншасьці атрымалі шмат месцаў у гарадзкіх радах. У Беластоку 4 мандаты атрымалі кандыдаты ад Форуму Меншасьці Падляшша, якія супрацоўнічалі з Грамадзянскай плятформай. У Бельску-Падляскім 7 мандатаў з 21 атрымала Бельская Кааліцыя, што складалася зь беларускіх арганізацыяў. У Гайнаўцы 6 з 21 мандату былі аддадзеныя Беларускі Выбарчаму Камітэту. На выбарах у падляскі соймік у 20 траўня 2007 году Беларускі Выбарчы Камітэт атрымаў 2,19% галасоў. Разам зь беларусамі па сьпісе БВК праходзілі ўпершыню й прадстаўнікі летувіскае меншасьці.

Меншасьць і электронныя СМІ

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая праграма па-беларуску зьявілася на «Радыё Беласток» у 1956 годзе. На радыё існуюць наступныя беларускамоўныя праграмы й перадачы: «Пад знакам Пагоні», «Пажадальная песьня», «Духоўныя сустрэчы» й «Перад выхадам у царкву». На TVP3 Białystok штотыдзень ідзе інфармацыйна-публіцыстычная перадача «Беларускі тыдзень», прысьвечаная жыцьцю беларусаў Польшчы. Ад 2002 году выходзяць беларускія праграмы й на Радыё Рацыя.

  1. ^ Hajnówka: Obsłużą po polsku i białorusku Gazeta Współczesna 22.06.2007 [1](недаступная спасылка)
  2. ^ ВХ. Польскія ўніверсітэты чакаюць павелічэння колькасці замежных студэнтаў // Беларуская служба Польскага радыё. — 22.09.2021.
  3. ^ Прэзыдэнт Дуда на сэсіі Генасамблеі ААН: 150 тысяч беларусаў атрымалі прытулак і працу ў Польшчы // Партал «Наша ніва», 22 верасьня 2021 г. Праверана 22 верасьня 2021 г.
  4. ^ Больш за 60 тысяч беларусаў атрымалі дазвол на жыхарства ў ЭЗ у 2020 годзе // «Наша ніва», 2 лістапада 2021 г. Праверана 2 лістапада 2021 г.
  5. ^ За паўгода колькасьць беларусаў, якія легальна працуюць у Польшчы, павялічылася на 17,5 тысячы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 красавіка 2023 г. Праверана 14 красавіка 2023 г.
  6. ^ Лічбы, ад якіх страшна // Партал «Наша ніва», 14 верасьня 2024 г. Праверана 15 верасьня 2024 г.
  7. ^ а б в Сяргей Чыгрын Мора Віктара Шведа: артыкулы і гутаркі / Сяргей Чыгрын. — Менск: Кнігазбор, 2015. — С. 28—29. — 32 с. — 50 ас. — ISBN 978-985-7119-71-4
  8. ^  Чыквін, Ян Па прызванні і абавязку: літаратурны-крытычныя артыкулы. — Беласток: Беластоцкі ўнівэрсытэт, 2005. — С. 233—234. — 236 с. — ISBN 83-7431-034-0

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]