Перайсці да зместу

Абсерваторыя Ражэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Абсерваторыя Ражэн
балг.: Национална астрономическа обсерватория - Рожен
41°41′36″ пн. ш. 24°44′16″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Сайт nao-rozhen.org
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нацыянальная астранамічная абсерваторыя «Ражэн» — найбуйнейшая абсерваторыя ў Балгарыі, на Балканскім паўвостраве і ў Паўднёва-ўсходняй Еўропе[1]. Размешчана на гары Ражэн ў Радопскіх гарах, недалёка ад Чэпеларэ. Належыць Інстытуту астраноміі Акадэміі навук Балгарыі.

Месца размяшчэння абсерваторыі лічыцца самай малавоблачнай кропкай Балгарыі, будынак знаходзіцца на вышыні 1759 метраў над узроўнем мора. Абсерваторыя мае 4 тэлескопа, галоўны тэлескоп — самы вялікі на Балканах і адзін з найбуйнейшых у свеце. Галоўны тэлескоп важыць больш за 80 тон, гэта універсальны рэфлектар з аптычнай сістэмай Рычы-Крэцьена з дыяметрам галоўнага люстэрка 2 метры, вытворчасці завода Carl Zeiss ў Вене. Абсерваторыя таксама валодае 60-сантыметровым тэлескопам Касегрэна і 50/70-сантыметровым тэлескопам Шміта. У 2015 годзе на сонечнай вежы ўсталяваны 15-сантыметровы каранограф. Абсерваторыя абсталявана пяццю CCD-камерамі, спектрографам, двухканальным рэдуктарам фокусу FoReRo, 2-метровы тэлескоп забяспечаны аўтагідам RC-фокусу[1].

Будаўніцтва пачалося па ініцыятыве Балгарскай акадэміі навук у 1979 годзе, яго кошт склаў 12 млн балгарскіх леў, што з’яўляецца самай буйной разавай інвестыцыяй у балгарскую навуку. Упершыню ў свеце галоўны тэлескоп у абсерваторыі Ражэн узняты на 20 метраў над паверхняй зямлі, каб прадухіліць скажэнні ад інверсійнага паветранага пласта. Тэлескоп знаходзіцца ў вежы дыяметрам 20 м і вышынёй 36 м купал з паваротнымі механізмамі важыць 210 тон. Комплекс абсерваторыі ўключае вежы з тэлескопамі, метэаралагічную станцыю, жылыя будынкі і паракліс[1].

Абсерваторыя была адкрыта 13 сакавіка 1981 года. Астранамічныя назіранні пачаліся ўжо ў 1980 годзе, і яшчэ да афіцыйнага адкрыцця астраномы знайшлі больш за 100 новых астэроідаў, 16 з якіх атрымалі ўласныя балгарскія назвы[1].

Абсерваторыя з’яўляецца папулярным турыстычным аб’ектам, у ёй абсталяваны наведвальніцкі цэнтр з 18-сантыметровым дэманстрацыйным тэлескопам. Маюцца лекцыйная зала і музейная экспазіцыя. Абсерваторыя Ражэн штогод наведваюць 10-12 тысяч турыстаў[1].

Зноскі

  1. а б в г д Віктар Эмілаў Национална Астрономическата Обсерватория Рожен(балг.) // Българска наука : спісанне. — 2014. — Октомври — № 71. — С. 40—43. — ISSN 1314-1031.