Асвейскае
Асвейскае | |
---|---|
| |
Морфаметрыя | |
Вышыня над узроўнем мора | 129,8[1][2] м |
Даўжыня | 11,4 км |
Шырыня | 7,8 км |
Плошча | 52,8 км² |
Даўжыня берагавой лініі | 33,4 км |
Найбольшая глыбіня | 7,5 м |
Гідралогія | |
Салёнасць | 0,125 ‰ |
Празрыстасць | 2,5 м |
Басейн | |
Плошча вадазбору | 206 км² |
Упадаюць | Выдрынка і інш. |
Выцякаюць | канал Дзегцяроўка |
Размяшчэнне | |
Краіна | Беларусь |
Рэгіён | Віцебская вобласць |
|
|
|
|
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Асве́йскае во́зера[3][4][5], Асвея — возера на поўначы Беларусі, другое паводле плошчы сярод беларускіх азёр. Знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрыса.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Асвея балцка-літоўскага паходжання. Звязаная са старалітоўскім ašva, прускім *asva «кабыла», далей да індаеўрапейскага кораня *ek'ṷo-s «конь»[6].
Прамы гідранімічны адпаведнік — назва літоўскага возера Asvejà на Аўкштайцкім Паазер’і, далей латышская Asva, літоўскія Ašva, Ašvija, Ašvinė, пруск. Asswene (усё рэкі)[7].
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Плошча возера 52,8 км², глыбіня да 7,5 м, даўжыня 11,4 км, шырыня да 7,8 км.
Катлавіна падпруднага тыпу, авальнай формы, выцягнутая з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Мелкаводнае, водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, сярэдняя глыбіня не перавышае 2 метраў. У заходняй частцы возера знаходзіцца востраў Манастыршчына плошчай каля 5 км² — самы вялікі востраў на Беларусі.
Даўжыня берагавой лініі 33,4 км. Берагі возера нізкія, тарфяністыя або пясчаныя. Вадазбор — градава-хвалістыя ўзвышшы ледавіковага паходжання з чаргаваннем раўнінных паніжэнняў.
Упадае рака Выдрынка і больш за 40 ручаёў. Сцёк адбываецца праз канал Дзегцяроўка.
Для возера характэрна ўстойлівая летняя і зімовая межань і павышаны ўзровень вады ўвосень.
Каля 80 % плошы дна возера ўкрыта гліністымі іламі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўночна-ўсодніх берагоў дно выслана заіленым пяском. Сапрапель высцілае 65 % плошчы азёрнай чашы, сярэдняя магутнасць адкладаў 3 м, найбольшая 7,5 м[5].
Экалогія
[правіць | правіць зыходнік]Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Кіслародная насычанасць добрая ўвесь год. Празрыстасць вады дасягае 2,3 м.
Возера адносіцца да эўтрофнага тыпу. Прыток вады ў вадаём адбываецца, галоўным чынам, за кошт ападкаў. Апошнія 20 гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расліннасцю і паступова страчвае сваё значэнне ў якасці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездавання вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх змяненняў — зніжэнне ўзроўню вады. Для пад’ёму і стабілізацыі ўзроўню вады ў возеры, у 1951 годзе на канале Дзегцяроўка было ўзведзена гідратэхнічнае збудаванне са шлюзам-рэгулятарам, загараджальнай дамбай і водападводзячым каналам. Аднак цяпер дамба знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Другой меркаванай прычынай зніжэння ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера.
Возера Асвейскае — буйнейшае ў рэгіёне Паазер’я месца размнажэння і паслягнездавой канцэнтрацыі некаторых паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos), нырка-сівака (Aythya ferina) і лыскі (Fulica atra). Акрамя таго, возера і навакольныя тэрыторыі з’яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд міграцый вясной і восенню.
Водзяцца лешч, шчупак, язь, карась, мянтуз, сазан; ёсць вугор. У трысняговых зарасніках сустракаюцца андатра і бабёр.
Возера выкарыстоўваецца ў рыбнай гаспадарцы, у рэкрэацыйных мэтах. З’яўляецца ядром Асвейскага ландшафтнага заказніка. На беразе Асвейскага возера знаходзіцца паляўніча-рыбалоўная база Верхнядзвінскай ЛПГ.
На беразе возера размясціўся гарадскі пасёлак Асвея, пасёлак Чапаеўскі і вёскі Вялікае Сяло, Асвеіца, Канчаны і іншыя.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Ліст карты O-35-141. Выданне 1978 года. (руск.)
- ↑ Атлас 2010, с. 44.
- ↑ БелЭн 1996.
- ↑ Блакітная 1994.
- ↑ а б ЭПБ 1983.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 301—302.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 49.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Асве́йскае во́зера // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 23. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Асве́йскае во́зера // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 139—140. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
- Асве́йскае во́зера // Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 41. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org
- Край Асвейскіх азёр = Край Освейских озер / А. Ф. Бубала, В. І. Рудой; фота А. Ф. Бубала, А. У. Маладзечкін, В. Л. Салаўёў. — Наваполацк, 2007. — 44 с.
- Осве́йское // Словарь названий гидрографических объектов России и других стран — членов СНГ (руск.) / Под ред. Г. И. Донидзе. — М.: Картгеоцентр — Геодезиздат, 1999. — С. 288. — 464 с. — 500 экз. — ISBN 5-86066-017-0.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 11, 44, 64. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5.
- Республика Беларусь. Витебская область: Общегеографический атлас / Ред. И. Н. Шлык. — Мн.: РУП «Белкартография», 2008. — С. 7. — 36 с. — 5 000 экз. — ISBN 978-985-508-049-8. (руск.)
- Ліст карты O-35-141. Выданне 1978 года. (руск.)