Баранавіцкае партызанскае злучэнне
Баранавіцкае партызанскае злучэнне | |
---|---|
Гады існавання | красавік 1943 года — ліпень 1944 года |
Краіна | СССР |
Падпарадкаванне | Беларускі штаб партызанскага руху |
Уваходзіць у | Савецкі партызанскі рух у Беларусі |
Тып | партызаны |
Функцыя | змаганне з акупантамі |
Колькасць | 5500 партызан (ліпень 1944 года) |
Дыслакацыя | Паўночныя раёны Баранавіцкай вобласці, Дзяржынскі, Мінскі, Заслаўскі раёны Мінскай вобласці, Радашковіцкі раён Вілейскай вобласці |
Войны |
Другая сусветная вайна Вялікая Айчынная вайна |
Удзел у | |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры |
|
Баранавіцкае партызанскае злучэнне — было створана ў красавіку 1943 года паводле рашэння Баранавіцкага падпольнага абкома КП(б)Б. Камандзіры: 1-ы сакратар Баранавіцкага падпольнага абкома КП(б)Б Васіль Яфімавіч Чарнышоў (красавік 1943 — ліпень 1944), Рыгор Аляксандравіч Сідарок (выконваў абавязкі, красавік — ліпень 1944). Дзейнічала на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З лета 1941 года на тэрыторыі акупіраванай Баранавіцкай вобласці дзейнічалі падпольныя і партызанскія групы. У сувязі з прытокам у рады партызан мясцовага насельніцтва (з мая 1942 года) групы колькасна выраслі, у другой палове 1942 года ў вобласці дзейнічалі 32 партызанскія атрады. Адначасова ішоў працэс цэнтралізацыі кіравання баявых дзеянняў партызан у масштабах раёна, зоны. Ствараліся часовыя каардынацыйныя цэнтры: у маі 1942 года — Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя, летам 1942 — група аб'яднаных атрадаў (4 атрады) пад агульным камандаваннем камандзіра атрада «Грозны» Барыса Аляксандравіча Мічурына, у жніўні 1942 — Асобае злучэнне партызанскіх атрадаў (АЗПА), агульнае кіраўніцтва ажыццяўляў камандзір дыверсійна-разведвальнага атрада Васіль Васілевіч Шчарбіна. З лістапада 1942 большасць атрадаў, якія ўваходзілі ў АЗПА, зводзіліся ў брыгады. Гэтыя аб'яднанні, створаныя паводле ініцыятывы іх камандзіраў у ходзе сумесных баявых дзеянняў асобных атрадаў і груп, былі нетрывалыя, распадаліся і зноў складваліся для выканання чарговых баявых задач. 8 верасня 1942 года ЦК КП(б)Б пастанавіў аднавіць работу Баранавіцкага абкама КП(б)Б (легальнага) у савецкім тыле, 2 лістапада 1942 года прызначыў сакратара Баранавіцкага абкама КП(б)Б Чарнышова ўпаўнаважаным ЦК КП(б)Б па Баранавіцкай вобласці, на тэрыторыю якой накіраваў у той час дзесяць арганізацыйных груп. У сакавіку 1943 года ў тыл ворага накіраваны (прыбылі ў Налібоцкую пушчу ў пачатку красавіка) арганізатарскія партыйныя групы на чале з Чарнышовым, Сідарком, Яфімам Данілавічам Гапеевым, Сцяпанам Пятровічам Шупеняй. Пачалі дзейнічаць Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)Б, Івянецкі, Шчучынскі, Лідскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі міжрайпартцэнтры, Быценскі міжрайком КП(б)Б. Падпольныя парторганы да канца красавіка 1943 года ўстанавілі сувязь з партызанскімі атрадамі і брыгадамі; падпольны абком КП(б)Б аб'яднаў брыгады імя Сталіна, імя Чкалава, Ленінскую, імя Жукава (20 атрадаў) і 15 асобна дзейных атрадаў, якія дзейнічалі на поўначы ад чыгункі Мінск — Брэст, і на іх базе стварыў Баранавіцкае партызанскае злучэнне.
Структура
[правіць | правіць зыходнік]У складзе абласнога злучэння былі створаны тэрытарыяльныя міжраённыя партызанскія злучэнні: Івянецкае, Лідскае, Стаўбцоўскае, Шчучынскае. У сувязі з цяжкасцямі кіраўніцтва з адзінага абласнога цэнтра партызанскім рухам на тэрыторыі ўсёй вобласці было створана Баранавіцкае партызанскае злучэнне паўднёвай зоны. Акрамя таго, на тэрыторыі вобласці самастойна дзейнічалі партызанская брыгада «Няўлоўныя»і атрады «Слаўны», імя М. І. Калініна, «Наватары».
На час злучэння з часцямі Чырвонай Арміі (4—15 ліпеня 1944 года) Баранавіцкае партызанскае злучэнне (паўночная групоўка) уключала: 4 міжраённыя злучэнні, у склад якіх уваходзілі 22 брыгады:
- Партызанская брыгада імя І. В. Сталіна;
- Партызанская брыгада імя В. П. Чкалава;
- Партызанская брыгада імя М. А. Шчорса;
- Партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі;
- Партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь»;
- Ленінская партызанская брыгада;
- Партызанская брыгада імя Ленінскага камсамола;
- Партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава;
- Партызанская брыгада «Перамога»;
- Партызанская брыгада імя С. М. Кірава;
- Партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага;
- 1-я Баранавіцкая партызанская брыгада;
- Партызанская брыгада «Уперад»;
- Партызанская брыгада імя В. І. Чапаева;
- Партызанская брыгада імя Аляксанра Неўскага;
- Партызанская брыгада імя Г. К. Жукава;
- Партызанская брыгада «Першамайская»;
- Партызанская брыгада «Камсамолец»;
- Партызанская брыгада «25 гадоў БССР»;
- Партызанская брыгада імя А. В. Суворава;
- Партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага;
- 1-я Беларуская кавалерыйская партызанская брыгада,
4 асобна дзейныя партызанскія атрады:
- партызанскі атрад імя М. І. Кутузава;
- Партызанскі атрад П. А. Алыбіна;
- Партызанскі атрад імя М. І. Калініна (сямейны атрад, Навагрудскі раён);
- 106-ы партызанскі атрад;
агульная колькасць больш за 17 500 партызан.
Усяго на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці на час яе вызвалення дзейнічала 26 брыгад і 11 асобных атрадаў агульнай колькасцю больш за 22 000 партызан.
Камандзіру злучэння Васілю Яфімавічу Чарнышову, камандзірам брыгад Барысу Адамавічу Булату, Фёдару Міхайлавічу Сінічкіну, камандзіру Стаўбцоўскага партызанскага злучэння Уладзіміру Зянонавічу Царуку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]- У 2003 годзе ў горадзе Баранавічы, у гонар партызан Баранавіцкага злучэння быў пастаўлены памятны знак[1].
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.