Пры вазе да 150 тон і даўжыні да 33 метраў блакітны кіт з'яўляецца найбольш буйной жывёлай на Зямлі. Самка, якую злавілі паблізу Паўднёвых Шэтландскіх астравоў у 1926 годзе, мела даўжыню ад разгалінавання хваставога плаўніка да канца рыла 33,27 м, вагу — 176 792 кг.
Цела цёмна-шэрае з блакітнаватым адценнем (адсюль назва), усыпанае светла-шэрымі плямамі і мармуровым узорам. Замест зубоў на верхняй сківіцы рагавыя пласціны (кітовы вус), да 400 пар, вышыня да 1 м. Праз яго кіт адцэджвае з вады планктонных рачкоў, якімі корміцца.
Нараджае кожныя 2 гады дзіцяня даўжынёю 6—9 м, масай 2—3 т, якое корміць малаком каля 7 месяцаў.
Быў пашыраны ва ўсіх акіянах ад Арктыкі да Антарктыкі. Амаль вынішчаны дзеля атрымання тлушчу, мяса, кітовага вуса. Здабыча забаронена. Занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.