Бурнос (адзенне)
Выгляд
Бурнос, 1) верхняе адзенне беларускіх жанчын. Апраналі ў халоднае надвор’е як святочную вопратку замест світкі ці кажуха. Падобнае адзенне (бурнус) вядома ў рускіх жанчын. Пашыраны з 19 ст. пад уплывам заходне-еўрапейскага гарадскога касцюма. Шылі з шэрага, радзей белага, саматканага валенага сукна. Аднабортны, доўгі, расшыраны ўнізе бурнос зашпільваўся на гузікі, меў адкладны каўнер (на Вілейшчыне без каўняра) і 2 невялікія бакавыя завышаныя кішэні. Аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкай чорнага аксаміту, шоўкавай ці сацінавай тасьмы, дэкаратыўнай строчкай. Бытавалі ў строях Панямоння і Цэнтральнай Беларусі да 1930-х гадоў.
2) Мужчынскае верхняе адзенне, тое, што бурка.
3) Плашч з капюшонам з белай шарсцяной тканіны ў арабаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бурнос // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).