Перайсці да зместу

Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Беларусі (1918—1920)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Беларусі (19181920) — перыяд у гісторыі Беларусі. Характарызаваўся шэрагам вострых канфліктаў у барацьбе за ўладу паміж рознымі палітычнымі, нацыянальнымі і сацыяльнымі групамі. Падзеі сталі следствам Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года ў Расійскай імперыі, яе распадам і выхаду з Першай сусветнай вайны. Па выніку на тэрыторыі сучаснай Беларусі, акрамя заходніх рэгіёнаў, тэрыторыя якіх увайшла ў склад Польшчы, усталявана савецкая ўлада.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Адмена 3 сакавіка 1917 года нацыянальных абмежаванняў дала магчымасць аднавіць сваю дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамадзе (БСГ). Яе палітычны курс адлюстроўваў інтарэсы сярэдніх слаёў грамадства, якія былі зацікаўлены ў правядзенні дэмакратычных пераўтварэнняў. На канферэнцыі 25 сакавіка партыя выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, вылучыла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе Федэратыўнай Расійскай рэспублікі і выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, перадачу яе для карыстання ў адпаведнасці з працоўнай нормай.

З ліпеня ў Беларусі актывізаваліся беларускія нацыянальныя сілы, якія па ініцыятыве Беларускай сацыялістычнай грамады правялі II з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый і прынялі рашэнне дамагацца аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай рэспубліканскай Расіі. На з’ездзе была сфарміравана Цэнтральная Рада, якая пасля кастрычніка была ператворана ў Вялікую беларускую раду.

У лістападзе ў Мінску адбыліся з’езды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў і II з’езд армій Заходняга фронту. Імі быў створаны Выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкамзах) і Савет народных Камісараў Заходняй вобласці.

Вялікая беларуская рада не прызнавала ўлады Аблвыканкамзаха, які лічыла выключна франтавым органам.

7 (20) снежня пачаўся Першы Усебеларускі з’езд. Ён дэклараваў тое, што ўсе ўладныя паўнамоцтвы перадаюцца выканаўчаму камітэту, пасля чаго ў ім адмовіліся ўдзельнічаць бальшавікі і з’езд быў разагнаны імі па рашэнні СНК Заходняй вобласці.

Пасля акупацыі Мінска германскімі войскамі Аблвыканкамзах эвакуіраваўся ў Смаленск, які стаў цэнтрам Заходняй вобласці, у склад якой у красавіку 1918 года была перададзена Смаленская губерня.

21 лютага выканкам Усебеларускага з'езда звярнуўся да народа Беларусі з Устаўной граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Да адкрыцця Усебеларускага ўстаноўчага сходу функцыі новай улады былі ўскладзены на сфарміраваны выканкамам Народны Сакратарыят, кіраўніком якога стаў адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады Іосіф Варонка.

3 сакавіка ў Брэст-Літоўску быў падпісаны мірны дагавор. Згодна з ім, у дадатак да тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад акупацыяй з 1915 года, пад германскі кантроль перададзена большая частка астатняй часткі беларускай этнічнай тэрыторыі. Паралельна, 25 сакавіка, абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Яна адкрыла свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў суседніх краінах, якія прызналі яе існаванне de facto. У іх ліку была і Латвія[1].

Па ўмовах Версальскага мірнага дагавора Германія прызнавала незалежнасць усіх тэрыторый, якія ўваходзілі ў склад былой Расійскай імперыі да 1 жніўня 1914 года. Берлін прызнаў незалежнасць Польшчы, Фінляндыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, але не Беларусі. Пасля сыходу нямецкіх войскаў, Чырвонай Арміяй была занята большая частка тэрыторыі Беларусі, на якую таксама прэтэндавала і Польшча, што прывяло вясной-летам 1919 года да савецка-польскай вайны.

Па ўказанні У. І. Леніна, 1 студзеня 1919 года ў Смаленску была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ) у складзе РСФСР. 8 студзеня сталіца дзяржавы перанесена ў Мінск (заняты без бою Чырвонай Арміяй яшчэ 10 снежня 1918 года). 31 студзеня рэспубліка выйшла са складу РСФСР і перайменавана ў Беларускую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку. 3 лютага была прынята Канстытуцыя.

27 лютага ССРБ расфармавана: Смаленская, Віцебская і Магілёўская губерні былі ўключаны ў склад РСФСР, а астатнія тэрыторыі Савецкай Беларусі аб'ядналіся з Літоўскай Савецкай Рэспублікай у Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (ЛітБел). У сакавіку 1919 года войскі Літоўскай Тарыбы, падтрыманыя нямецкімі акупацыйнымі гарнізонамі, пачалі ваенныя дзеянні ў Літве. У выніку польскага наступлення вясной-летам 1919 года Літбел быў акупаваны польскімі войскамі і фактычна спыніў сваё існаванне 19 ліпеня.

Пасля заняцця Чырвонай Арміяй значнай часткі тэрыторыі Беларусі 31 ліпеня 1920 года, у Мінску зноў абвешчана Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка, пераназваная пасля стварэння СССР у 1922 годзе ў Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР). Па ўмовах Рыжскага дагавора, які складаўся без удзелу БССР, Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. Дзеянні прасавецкіх партызанскіх атрадаў у Заходняй Беларусі працягваліся да 1925 года.

  1. Янис Шилиньш. Что и почему нужно знать о независимости Беларуси. Rus.lsm.lv (25 марта 2018 года).
  • Какурин Н. Е., Вацетис И. И. Гражданская война. 1918-1921 / под ред. А. С. Бубнова, С. С. Каменева, М. Н. Тухачевского и др.. — Санкт-Петербург, 2002.
  • Богданович, Е. Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.) / Е. Г. Богданович // Гуманітарна-эканамічны веснік. — 1996. — № 1. — С. 9—15.
  • Жылуновіч, З. З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый 25 сакавіка 1917 года // Полымя. — 1925. — № 6. — С.
  • Игнатенко, И. М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. — Мн., 1986. — С. 222—236.
  • Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П.І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25—27 марта 1917 г. // Спадчына. — 1990. — № 4.
  • Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М. Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.