Дакельцкае насельніцтва Заходняй Еўропы
Дакельцкі перыяд у гісторыі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы адносіцца да часу непасрэдна перад з’яўленнем гальштацкай і пазнейшай латэнскай культур, якія суадносяцца з кельтамі, а таксама іх нашчадкаў — кельцкіх народаў, ужо вядомых па гістарычных крыніцах. Такім чынам, дакельцкі перыяд ахоплівае позні неаліт і бронзавы век Еўропы, тады як кельцкі пачынаецца з жалезнага веку, каля 9 стагоддзя да н.э. Пад «дакельцкімі» народамі разумеюцца тыя, якія насялялі да кельтаў тэрыторыі максімальнага распаўсюджвання тых у 1 стагоддзі да н.э.
Хоць дакельцкае насельніцтва было, хутчэй за ўсё, не індаеўрапейскім паводле паходжання, да яго нельга ўжываць тэрмін М. Гімбутас «старая Еўропа», паколькі дакельцкае насельніцтва жыло каля Атлантыкі і адносілася да мегалітычных культур, тады як тэрмін Гімбутас ахопліваў балканскія і цэнтральнаеўрапейскія неалітычныя культуры размаляванай керамікі без мегалітычных традыцый.
Археалогія
[правіць | правіць зыходнік]Як у кантынентальнай Еўропе, так і на Брытанскіх астравах з дакельцкім насельніцтвам звязана традыцыя ўзвядзення мегалітаў (археалагічныя культуры атлантычнага бронзавага веку: Шасэ, Сены-Уазы-Марны, Віндміл-Хіл і інш.). У шэрагу месцаў гэтыя культуры суіснавалі з больш архаічнымі, якія захоўвалі перажыткі мезаліту (культура Пітэрбора) або ўтваралі з імі гібрыдныя культуры. Узнікненне традыцыі звонападобных кубкаў, калі будаўніцтва мегалітаў паступова спыняецца, а старыя перабудоўваюцца, магчыма, звязана з прыходам у атлантычны рэгіён першых індаеўрапейцаў, якія, аднак, не абавязкова былі продкамі кельтаў.
Прота-кельты маглі ўваходзіць у склад шэрагу раннеіндаеўрапейскіх культур Еўропы: унеціцкай, курганных пахаванняў, палёў пахавальных урнаў, цэнтр якіх знаходзіўся на тэрыторыі сучасных паўднёва-ўсходняй Германіі, Аўстрыі і Чэхіі.
Гістарычныя крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Да часу першай згадкі кельтаў у пісьмовых крыніцах, каля 600 г. да н.э., яны ўжо былі шырока распаўсюджаны ў Іберыі, Галіі і Цэнтральнай Еўропе. Да гэтага часу кельты ўжо засялілі вялікую тэрыторыю і былі раздробнены на некалькі дзясяткаў плямёнаў. Археалагічныя культуры, якія адназначна атаясамляюцца з кельтамі — латэнская і гальштацкая — у сваю чаргу, падзялюцца на вялікую колькасць субкультур. У шэрагу выпадкаў магла мець месца гібрыдызацыя кельтаў з дакельцкім насельніцтвам — так, Страбон адзначаў, што лігуры ў рымскую эпоху па сваіх звычаях не адрозніваліся ад кельтаў, хоць і мелі іншае паходжанне[1].
У Ірландыі «Кніга ўварванняў» прыводзіць псеўдагістарычную хроніку, дзе згадваецца шэраг народаў, якія ўрываліся ў Брытанію.
У летапісах познерымскага перыяду і ранняга Сярэднявечча згадваюцца народы, якія засялялі Брытанію да брытаў і гойдэлаў: каледонцы, круітны, пікты (што падзяляліся на шэраг плямёнаў-каралеўстваў: дыкалідоны, вертурыёны і інш.), сенхінолы, аднак у гістарычны перыяд яны практычна цалкам кельтызаваліся. Шэраг народаў з незразумелым паходжаннем — напрыклад, атакоты — тым не менш, лягчэй атаясаміць з кельцкім насельніцтвам, чым з дакельцкім.
Мовы
[правіць | правіць зыходнік]Прыхільнікі гіпотэзы палеалітычнай бесперапыннасці лічаць, што індаеўрапейскія мовы і іх продкі існавалі ў Еўропе бесперапынна з часоў палеаліту. Гэта гіпотэза, аднак, у наш час карыстаецца падтрымкай толькі невялікай колькасці спецыялістаў. Здагадка Грэя і Аткінсана (Gray and Atkinson) пра тое, што пратакельцкая мова адгалінавалася ад індаеўрапейскага дрэва каля 6000 гадоў назад, карыстаецца падтрымкай галоўным чынам сярод прыхільнікаў анаталійскай гіпотэзы пра паходжанне індаеўрапейцаў. Пры гэтым, само датаванне заснавана на здагадцы, што мовы, у тым ліку — індаеўрапейскія, змяняюцца за роўныя прамежкі часу аднолькава, што звычайна аспрэчваецца дзякуючы масе прыкладаў адваротнага. У той жа час, прыхільнікі курганнай гіпотэзы прапануюць пазнейшае датаванне.
У гістарычную эпоху на ўскраінах вобласці распаўсюджвання кельтаў існавалі палеаіспанскія мовы (у Іберыі) і тырэнскія мовы (у Італіі), аднак вобласць іх дагістарычнага распаўсюджвання, якая рэканструюецца паводле розных гіпотэз, закранае толькі невялікую частку тэрыторыі кельтаў у эпоху росквіту іх культуры. Мовы атлантычных культур захаваліся або ў выглядзе глос і асобных фармантаў (лігурская мова), або ў выглядзе вельмі кароткіх помнікаў, якія не падлягаюць інтэрпрэтацыі (пікцкая мова). Шэраг кельтолагаў уключае гэтыя мовы ў склад кельцкіх. Процілеглы пункт гледжання грунтуецца на гіпотэзе пра існаванне ў Еўропе ў эпоху позняй бронзы большай моўнай разнастайнасці ў індаеўрапейскім асяроддзі, у прыватнасці называюцца мовы адрыятычных венетаў, магчыма роднасных венетам Брэтані і венедам міжрэчча Одэра і Віслы, лузітан у Іспаніі, ілірыйцаў. Аднак гэта не выключае наступнай поўнай ці частковай кельтызацыі пералічаных народаў.
Антрапалогія
[правіць | правіць зыходнік]Неаліт
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічныя даследаванні неалітычных жыхароў Брытаніі паказваюць, што сярэдні рост мужчыны складаў каля 170 см (трохі вышэй на Аркнейскіх астравах, ніжэй у Эйвберы). Канстытуцыя цела была грацыльнай (ва Уэльсе, дзе захоўваліся нашчадкі мезалітычнага насельніцтва — некалькі больш масіўнай), чэрапы — даліхацэфальнымі. Археолагі адзначаюць, што некаторыя чэрапы дарослых неалітычных жыхароў выглядалі «дзіцячымі»[2].
Бронзавы век
[правіць | правіць зыходнік]Меркавана індаеўрапейскія прышэльцы бронзавага веку былі брахіцэфаламі, з больш масіўнай канстытуцыяй цела і ў сярэднім больш высокага росту[2].
Жалезны век
[правіць | правіць зыходнік]Пра піктаў старажытныя крыніцы пішуць, што тыя былі нізкарослымі ў параўнанні з кельтамі. На адным з камянёў з агаміцкім надпісам захавалася выява пікта з ярка выяўленымі міжземнаморскімі рысамі твару.
Генетыка
[правіць | правіць зыходнік]Вывучэнне ДНК сучаснага еўрапейскага насельніцтва гаворыць пра тое, што толькі гаплагрупа I (каля 25 % насельніцтва Еўропы) можа быць звязана з насельніцтвам Еўропы эпохі палеаліту і мезаліту.
Некаторыя рэдкія гаплагрупы Еўропы звязаны з уварванцамі з Усходняга Міжземнамор’я эпохі позняга мезаліту і ранняга неаліту. Гэта:
- J2 — некалькі хваль міграцыі: культура кардыяльнай керамікі;
- E1b1b — аграрныя культуры размаляванай керамікі (міграцыя з Блізкага Усходу на Балканы праз Анатолію);
- G — выхадцы з Каўказа (тырэны?), якія прыйшлі праз Малую Азію; культура лінейна-стужачнай керамікі[3]; у міграцыях апошніх была прадстаўлена таксама рэдкая ў нашы дні гаплагрупа F.
У сучаснай Еўропе дамінуюць дзве гаплагрупы, уласцівыя перш за ўсё індаеўрапейскім народам: R1b пераважна ў Заходняй Еўропе, R1a ва Усходняй Еўропе (а таксама ў Расіі, Індыі і Афганістане); мяркуецца, што абедзве гаплагрупы прыбылі ў Еўропу падчас міграцыі індаеўрапейцаў у медным веку.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Роднасныя гіпотэзы
[правіць | правіць зыходнік]- Генетычная гісторыя Еўропы
- Даіндаеўрапейскі субстрат
- Старая Еўропа
- Гідронімы старажытнай Еўропы
- Дагерманскі субстрат
Астраўны дакельцкі субстрат
[правіць | правіць зыходнік]- Дагістарычная Брытанія
- Бронзавы век Брытаніі
- Дагістарычная Ірландыя
- Дагістарычны Уэльс
- Дагістарычная Шатландыя
- Дагайдэльскі субстрат
- Атакоты
- Каледонцы
- Круітны
- Культура Віндміл-Хіл
- Культура Пітэрбора
- Пікты
- Сенхінолы
- Традыцыя звонападобных кубкаў
- Уэсэкская культура
Кантынентальны дакельцкі субстрат
[правіць | правіць зыходнік]- Атлантычны бронзавы век
- Культура лінейна-істужачнай керамікі
- Культура Сены-Уазы-Марны
- Культура Шасэ
- Кінеты
- Лігуры
- Лузітаны
- Мегаліты
- Палеаіспанскія мовы
- Паўночна-заходні блок
Даследчыкі
[правіць | правіць зыходнік]- Анры д’Арбуа дэ Жубенвіль
- Джон Уодэл[4]
- Ток Фрыленд Томпсан
- Роберт Аляксандр Сцюарт Макалістэр
- Петэр Схрэйвер
- Томас Фрэнсіс О’Райлі
Зноскі
- ↑ (Страбон, Геаграфія, кніга IV, частка VI, абз. 3 і далей)
- ↑ а б Castleden, Rodney. The Stonehenge People. 1990. Page 193 and forth.
- ↑ Haak, Wolfgang et al. Ancient DNA from European Early Neolithic Farmers Reveals Their Near Eastern Affinities(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2014. Праверана 15 мая 2015.
- ↑ Professor Waddell Staff page Архівавана 12 лістапада 2009.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Gordon Childe, V. Scotland before the Scots. 1948.
- Schrijver, P., Non-Indo-European Surviving in Ireland in the First Millennium AD, Varia V, Eriu, 2000.
- Schrijver, P., More on Non-Indo-European Surviving in Ireland in the First Millennium AD, Varia I, Eriu, 2005.
- Thompson, T., Ireland’s Pre-Celtic Archaeological and Anthropological Heritage. (2006) Edwin Mellen Press.
- Waddell, J., The Celticization of the West: an Irish Perspective, in C. Chevillot and A. Coffyn (eds), L' Age du Bronze Atlantique. Actes du 1er Colloque de Beynac, Beynac (1991), 349—366.
- Waddell, J.,The Question of the Celticization of Ireland, Emania No. 9 (1991), 5-16.
- Waddell, J., 'Celts, Celticisation and the Irish Bronze Age', in J. Waddell and E. Shee Twohig (eds.), Ireland in the Bronze Age. Proceedings of the Dublin Conference, April 1995, 158—169.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх