Камунальны рух
Камунальны рух — у Заходняй Еўропе X—XIII стагоддзяў рух гараджан супраць сеньёраў за самакіраванне і незалежнасць. Спачатку патрабаванні гараджан зводзіліся да абмежавання феадальнага прыгнёту і скарачэння пабораў. Затым паўсталі палітычныя задачы — здабыццё гарадскога самакіравання і правоў. Барацьба вялася не супраць феадальнай сістэмы ў цэлым, а супраць сеньёраў тых ці іншых гарадоў.
Паўднёвафранцузскія гарады дамагліся незалежнасці без кровапраліцця (IX—XII стагоддзі). Гарады Паўночнай Францыі — Амьен, Лан, Бавэ, Суасон і іншыя — і Фландрыі — Гент, Бругэ, Ліль — сталі самакіравальнымі ў выніку ўпартай, у асноўным узброенай, барацьбы. Гараджане выбіралі са свайго асяроддзя раду, яго кіраўніка — мэра і іншых службовых асоб, мелі ўласны суд, ваеннае апалчэнне, фінансы, самастойна ўсталёўвалі гарадскія падаткі. Гэтыя гарады вызваляліся ад рэнты і сеньёрыяльных павіннасцей. Узамен яны выплачвалі сеньёру пэўную невялікую грашовую рэнту, у выпадку вайны выстаўлялі невялікі ваенны атрад. Нярэдка такі горад з’яўляўся горадам-сеньёрам па адносінах да сялян навакольных тэрыторый.
Гарады Паўночнай і Сярэдняй Італіі — Венецыя, Генуя, Сіена, Фларэнцыя, Лука, Равена, Балоння і іншыя — сталі камунамі ў IX—XII стагоддзях. У Германіі ў XII—XIII стагоддзяў з’явіліся так званыя імперскія гарады — фармальна яны падпарадкоўваліся непасрэдна імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі, але дэ-факта былі незалежнымі гарадскімі рэспублікамі (Любек, Нюрнберг, Франкфурт-на-Майне і іншыя).
У дзяржавах з адносна моцнай цэнтральнай уладай гарады, размешчаныя на каралеўскай зямлі, не маглі дамагчыся поўнага самакіравання. Пад уладай сеньёраў заставалася і большасць дробных гарадоў — асабліва тыя, што належалі духоўным сеньёрам. Найважнейшы вынік барацьбы гарадоў з сеньёрамі — вызваленне большасці іх жыхароў ад асабістай сеньёрыяльнай залежнасці. Было таксама ўстаноўлена правіла, згодна з якім сеньёрыяльна залежны селянін, які ўцёк у горад і пражыў там «год і адзін дзень», станавіўся вольным. Сярэдневяковая прыказка, якая абвяшчае «гарадское паветра робіць свабодным», тады разумелася літаральна.