Капа (аблачэнне)
Ка́па[1] — літургічнае аблачэнне ў заходніх літургічных абрадах, мае форму шырокага плата, які пакрывае плечы і замацоўваецца спераду стужкай або шпількай. Нагадвае плашч-накідку, якую насілі падчас дажджу. Капа прыкладна з VI ст. выкарыстоўвалася святарамі як верхняе аблачэнне ў тых выпадках, калі не апранаўся арнат, г.зн. у асноўным у час свяшчэннадзеянняў, якія праводзіліся па-за храмам. Пачынаючы з Сярэднявечча да цяперашняга часу святар апранаецца ў капу для правядзення працэсій і некаторых іншых абрадаў. Капу мелі права насіць пеўчыя ў час святочных біскупскіх цырымоній. У Сярэднявечча была вядома т. зв. чорная капа — цырыманіянальная накідка са шчыльнай чорнай тканіны, выкарыстоўвалася манахамі на вялікія святы падчас малітвы ў хоры. Да нядаўняга часу біскупы і ганаровыя прэлаты ў час урачыстых цырымоній насілі т.зв. вялікую капу, пурпуровага колеру ў кардыналаў і малінавую — ва ўсіх астатніх. Пурпуровы Папскі мантум амаль нічым не адрозніваецца ад вялікай капы, за выключэннем большай сваёй шырыні, і з’яўляецца яе мадыфікацыяй.
Зноскі
- ↑ Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. ― Мінск : Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Завальнюк У. М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. ISBN 978-985-6954-73-6.